Максім Вінярскі выйшаў на волю
Актывіст кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максім Вінярскі выйшаў на волю з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) пасля 12-сутачнага арышту. Дзевяць дзён доўжылася сухая галадоўка, якую Вінярскі абвясціў у знак пратэсту супраць незаконнага прыгавору.
Максім Вінярскі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 22 красавіка ў Мінску на выхадзе са сталічнага ГЦ "Карона". Актывісту заявілі, што ён "падобны на чалавека, які знаходзіцца ў вышуку", аднак ужо ў аддзяленні міліцыі Вінярскага абвінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам праваахоўных органаў і склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
У той жа дзень ён паўстаў перад судом Фрунзенскага раёна Мінска. Падчас суда Вінярскаму, у якога на той момант была вострая ангіна, стала дрэнна. Выкліканыя ў суд медыкі хуткай дапамогі заявілі, што
хворы мае патрэбу ў шпіталізацыі, аднак павезці Вінярскага ім не дазволілі. Суддзя Людміла Лапо прызнала актывіста вінаватым і асудзіла на 12 сутак арышту. У знак пратэсту Вінярскі абвясціў сухую
галадоўку.
Хуткую дапамогу Вінярскаму выклікалі і ў ЦІП. Адвакат Вольга Безбародкіна пасля наведвання свайго падабароннага 28 красавіка ацаніла стан яго здароўя як "вельмі дрэнны" і прасіла
кіраўніцтва ЦІП аб яго шпіталізацыі.
Тым часам актывісты ініцыятывы "Праваабаронцы супраць катаванняў" накіравалі ў рабочую групу па адвольных затрыманнях ААН тэрміновы зварот з просьбай тэрмінова заклікаць беларускія
ўлады спыніць адвольныя затрыманні Максіма Вінярскага за выказванне свайго меркавання і мірныя сходы, выконваць яго правы на асабістую недатыкальнасць і справядлівы суд.
"Усе затрыманні Максіма Вінярскага непасрэдна звязаны з ажыццяўленнем правоў, якія гарантаваны арт. 19 (права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў) і арт. 21 (права на мірныя сходы)
Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах", — канстатавалі праваабаронцы.
Акрамя таго, адзначалі яны, невядома, ці выпусцяць Вінярскага на волю пасля чарговага адбывання тэрміну ў ЦІП і ці не будзе ўслед за гэтым новае затрыманне актывіста "ў сувязі з маючым
адбыцца чэмпіянатам свету па хакеі 9—25 мая.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН