«Мая кампанія пацярпела ад неабдуманых дзеянняў нашай апазіцыі. Яны нас спісалі»
Драматычная гісторыя, якая адбылася з бізнэсоўцам Андрэем Смаляком і яго камандай, вядомая на ўсю краіну: праз узлом сервераў кампаніі «Legion 104», дырэктарам якой быў Смаляк, у мінскім метро запусцілі зварот Святланы Ціханоўскай да гадавіны вайны ва Украіне. Праз амаль год пасля тых падзей кампанія так і не аднавілася. І выбачэнняў ніхто не атрымаў.
24 лютага на рэкламных экранах у Беларусі запусцілі зварот Святланы Ціханоўскай. Акцыю правяло аб'яднанне былых сілавікоў «BELPOL». Праз суткі сілавікі затрымалі чатырох супрацоўнікаў кампаніі «Legion 104», якая займалася размяшчэннем рэкламы на падобных экранах. «Медыязона» паразмаўляла з дырэктарам кампаніі Андрэем Смаляком і даведалася, што адбываецца з фірмай і крымінальнай справай праз 10 месяцаў пасля «дыверсіі».
Крымінальная справа, арышт маёмасці і ліквідацыя кампаніі
Пасля з'яўлення звароту Ціханоўскай на рэкламных экранах следчыя ў Беларусі распачалі крымінальную справу па артыкуле аб «знішчэнні, блакаванні або мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі». Смаляк праходзіў па ім падазраваным, але летам прадпрымальнік атрымаў ліст, што крымінальную справу супраць яго спынілі і цяпер ён праходзіць сведкам. Каго следчыя лічаць падазраваным, невядома. Дырэктар таксама расказаў, што па гэтым артыкуле ў рамках справы «аб экранах» ніхто з яго фірмы не затрыманы.
«Справу паставілі на паўзу, чакаюць мяне як галоўнага сведку на допыт. Мая нерухомасць арыштаваная. ДФР працягвае праверку, выніку пакуль няма, але нічога добрага ад іх я не чакаю. Усе падаткі мы аплацілі, цяпер пагашаем невялікую запазычанасць перад кліентамі. Супрацоўнікі звольніліся», — расказвае дырэктар.
Цяпер кампанія «Legion 104» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Да інцыдэнту ў ёй працавалі 10 чалавек, а таксама 7 чалавек — пазаштатна.
«Бізнэс пераносім у Еўропу і Блізкі Усход. Убачылі для сябе значна больш магчымасцей. Цяпер шукаем інвестара», — расказвае прадпрымальнік.
«Нас спісалі»
«Дзеля справядлівасці, я не рэпрэсаваны ўладай наўпрост. Мая кампанія пацярпела ад неабдуманых дзеянняў нашай "роднай" апазіцыі. Як і казаў раней, яны нас спісалі. Мне шчыра шкада нашу зямлю і наш народ. Нейкі бесперспектыўняк».
Прадпрымальнік адмаўляе дачыненне да трансляцыі звароту Ціханоўскай. Пра тое, што іх сэрвіс аказаўся ўзламаным, ён даведаўся па дарозе ў Польшчу — ехаў святкаваць свой дзень нараджэння.
«Працуючы над праектам з 2015 года і выдаткаваўшы на яго велізарную колькасць сіл і рэсурсаў, мы не маглі сабе дазволіць нешта падобнае».
Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе былыя сілавікі з «BELPOL». Яны пацвердзілі «Зеркалу», што затрыманыя супрацоўнікі кампаніі «Legion 104» да ўзлому экранаў аніякага дачынення не маюць.
«Ніхто з датычных да правядзення акцыі не знаходзіцца ў Беларусі. Што, уласна, і пацвярджаецца, бо людзей затрымалі нібыта проста за пратэсты», — сказаў прадстаўнік ініцыятывы Уладзімір Жыгар.
На пытанне «Медыязоны» пра тое, ці атрымаў «BELPOL» доступ да сэрвісу «Legion 104» без ведама супрацоўнікаў, прадстаўнік ініцыятывы не адказаў.