Магілёў. Сацыял-дэмакраты дамагаюцца шырэйшага выкарыстання грамадскіх слуханняў

У Магілёве актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) пачалі кампанію па больш шырокім выкарыстанні грамадскіх слуханняў пры вырашэнні гарадскіх праблем.
 



barysau.jpg

Ігар Барысаў

Як паведаміў БелаПАН Ігар Барысаў, лідар мясцовых сацыял-дэмакратаў, якія ўваходзяць у БСДП (Грамада), у Магілёве і Магілёўскім раёне ўжо ўзніклі тры канфліктныя сітуацыі, пры якіх парушаны інтарэсы мясцовых жыхароў. "Так, зямлю агульнага карыстання ў вёсцы Недашаўка-2 без грамадскіх слуханняў аддалі ў арэнду фермеру і такім чынам абмежавалі доступ да вадаёма", — сказаў Барысаў, падкрэсліваючы, што, нягледзячы на прызнанне рознымі дзяржаўнымі інстанцыямі факта парушэння заканадаўства, назад зямлю людзям ніхто не вярнуў. Зараз жыхары шукаюць праўду ў судзе.
 

Другім выпадкам парушэння інтарэсаў людзей грамадскі актывіст бачыць у будаўніцтве жылога дома па вуліцы Каралёва ў мікрараёне Юбілейны, дзе прайшлі некалькі стыхійных мітынгаў праціўнікаў будаўніцтва. "Пачалі будаваць дом, ніхто людзей пра гэта не пытаўся. Улады адказваюць, што дом будуецца згодна з зацверджаным генпланам, і таму не трэба праводзіць слуханняў", — сказаў Барысаў. Пры гэтым ён зазначае, што генеральны план, у якім запланавана будаўніцтва дома, быў зацверджаны 30–40 гадоў таму. За мінулы час на гэтым месцы вырас бярозавы гай, які стаў фактычнай зонай адпачынку мясцовых жыхароў, што варта ўлічваць.
 

Трэцяй прычынай пачатку кампаніі сацыял-дэмакратаў сталі планы па зносе прыватных дамоў у раёне Чапаеўка ў Магілёве. "Людзі там жылі, і тут даведваюцца па тэлевізары, што да 2020 года іх збіраюцца знесці, бо распрацаваны новы генплан Магілёва. А тое, што там некалькі пакаленняў выраслі, людзі перабудавалі старыя дамы на сучасныя элітныя, то як з гэтым быць? Ці не прасцей правесці там нармальныя камунікацыі, пабудаваць дарогу, і няхай бы там быў катэджны пасёлак", — мяркуе Барысаў.
 


Разам з тым, паводле яго слоў, на сайтах мясцовай улады з'яўляецца інфармацыя аб правядзенні розных грамадскіх слуханняў, якія нецікавыя мясцовым жыхарам і на якія "водгук нулявы". Толькі два слуханні, паводле яго сцвярджэння, у Магілёве мелі грамадскі рэзананс — пра магчымае будаўніцтва прыбудовы да ГЦ "Магніт" і пра магчымае ўзвядзенне офіснага будынка кампаніі "Сервалюкс" на месцы былога касцёла Святога Ксаверыя.


Паводле слоў Барысава, кампанія разлічана на тры месяцы. За гэты час актывісты складуць зварот да мясцовых органаў улады, праект якога з'явіцца на старонках інфармацыйнага бюлетэня, што рыхтуецца да выхаду. Свае меркаванні жыхары Магілёва змогуць выказаць арганізатарам кампаніі па зваротнай сувязі. Пасля прыняцця звароту ён будзе прапанаваны для падпісання ўсімі ахвотнымі. Актывісты маюць намер сабраць пад дакументам не менш як 1.000 подпісаў, якія накіруюць магілёўскім уладам.
 


"Складзем прапанову для мясцовых уладаў, каб яны на мясцовым узроўні замацавалі абавязак правядзення грамадскіх слуханняў пры будаўніцтве, зносе, выдзяленні зямлі", — заявіў лідар магілёўскіх сацыял-дэмакратаў.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН