Насця са Смаргоняў ужо не першы раз выпраўляе вядоўцаў

«Чаму яна Галкіна вырашыла паправіць? Ну ў нас жа краіна называецца Рэспубліка Беларусь, — гаворыць Юлія Саладкевіч, маці Насці. — Таму «Белоруссия» рэжа слых. І Насці таксама. Яна ўжо не ўпершыню так робіць», — паведамляе «Радыё Свабода».



8287b238_cb78_4c63_8e51_db750ccffe79_w1023_r1_s.jpg

11-гадовая Насця Ванеева стала вядомай на ўсю Беларусь 1 красавіка, калі расійскі Першы канал паказаў яе выступ у адным з тэлешоў. Вядучы Максім Галкін прадставіў Насцю як музыку з «Белоруссии», на што атрымаў адлуп.

«Правільна казаць „з Беларусі“», — патлумачыла яму дзяўчынка (ад 17:43 на відэа ніжэй). «Насця са СмОргані», — спрабаваў ціснуць Галкін. «Са Смаргоні», — зноў паправіла яго беларуска.

Ролік умомант стаў вірусным, яго распаўсюдзілі ўсе асноўныя беларускія сайты. “Радыё Свабода” даведалася, што Насця Ванеева ўжо пяць гадоў займаецца цымбаламі ў смаргонскай мастацкай школе імя Агінскага.

«Яна яшчэ на рэпетыцыі яго паправіла, — расказвае “Радыё Свабода” маці Насці Юлія Саладкевіч. — Гэта не было пастаноўкай. Імправізацыя. Насця пачала яшчэ перад выступам папраўляць, а ён усё адно „Белоруссия“ сказаў. Ну вось яна яго зноў вырашыла паправіць».

Мама Насці кажа, што шоў увогуле было максімальна набліжанае да выступу на канцэрце. Насця ўпершыню бачыла спявачку, з якой даводзілася выступаць. Імправізавала не толькі ў дыялогах з Галкіным, але і ў музычным плане.

«Насцю проста ўбачылі ў інтэрнэце, пазванілі нам, запрасілі паўдзельнічаць, — працягвае Юлія Саладкевіч. — Цяпер я чытаю водгукі на расійскіх сайтах, там пішуць, што яна высакамерная, самаўпэўненая... На самой справе Насця сціплая, у яе заніжаная самаацэнка. Яна стаяла там за заслонай, баялася вельмі. Гэта толькі так здаецца, што яна такая дзёрзкая. Магчыма, проста такая абарончая рэакцыя. Вось вы мне расказваеце пра тое, што ў інтэрнэце станоўчыя водгукі, але на расійскіх сайтах іншыя».

Насця, акрамя цымбалаў, таксама захапляецца маляваннем і лепкай, у школе вучыцца выключна на «выдатна». «У яе працоўны дзень круцейшы, чым у дарослых, — кажа мама Насці. — Часам нават паесці не хапае часу. Усё бягом і бягом».

Юлія Саладкевіч таксама расказвае, што яе дачка не першы раз удзельнічае ў тэлевізійных шоў. Раней ездзіла ва Украіну, дзе таксама вучыла вядоўцаў вымаўляць назву сваёй краіны правільна.

«Чаму яна Галкіна вырашыла паправіць? Ну ў нас жа краіна называецца Рэспубліка Беларусь, — гаворыць Юлія Саладкевіч. — Таму „Белоруссия“ рэжа слых. І Насці таксама. Яна ўжо не ўпершыню так робіць. Былі ва Украіне на тэлешоў „Круцей за ўсіх“, там таксама папраўлялі, яшчэ на рэпетыцыі. Але ўкраінцы адразу выправіліся і больш „Белоруссия“ не гаварылі. А вось у Расіі вырашылі пакінуць».

www.svaboda.org