«Маці 328»: «За перамогу сёння возьмем таблеткі глюкозы і зап’ём іх паловай шклянкі вады»

"Маёй бабулі Веры, партызанцы, вязню канцлагера, у вайну было нашмат цяжэй. І дзеду па бацькавай лініі на фронце было не лягчэй" — кажа "Радыё Свабода" галадоўніца з руху «Маці 328».



28b4098f_53b1_42b8_9174_37945d5d544d_cx0_cy5_cw0_w1023_r1_s.jpg

13-ы дзень у Каленкавічах і Пухавіцкім раёне галадаюць 11 маці, чые дзеці і мужы асуджаныя на вялікія тэрміны паводле крымінальнага антынаркатычнага артыкулу 328.

«Пачуваемся адпаведна тэрміну галадавання, — кажа “Радыё Свабодзе” Ліяна Шуба. — Думаю, што маёй бабулі Веры, партызанцы, вязню канцлагера, у вайну было нашмат цяжэй. І дзеду па бацькавай лініі на фронце было не лягчэй. Сёння ж святкуюць Дзень Перамогі, а ў нас у чатырох галадоўніц сваякі ваявалі на франтах. І мы дамагаемся справядлівасці для сваіх дзяцей».

Ліяна Шуба дадала, што пасля ўчорашняга інтэрв’ю СМІ старшыні Вярхоўнага суду Валянціна Сукалы галадоўніц апанавала «вясёлая злосць». Па-першае, галадалі, дамагаючыся лібералізацыі антынаркатычнага заканадаўства і перагляду прысудаў, толькі 14 маці і жонак асуджаных за наркотыкі, а не 28. З іх усяго трое прайшлі ўсе судовыя інстанцыі, уключна з Вярхоўным судом. Ніводнаму фігуранту вырак не быў зменены.

«За перамогу сёння возьмем таблеткі глюкозы і зап’ём іх паловай шклянкі вады», — кажа Ліяна Шуба.

Тым часам у Пухавіцкім раёне працягваюць галадоўку 5 жанчын з руху «Маці 328». Праўда, адну з іх выклікалі на працу, а Ларыса Жыхар паехала ў Гродна — суправаджае актывістку, якая вырашыла спыніць галадоўку.

Жанчыны, якія галадаюць у Пухавіцкім раёне, кажуць, што збольшага ляжаць. Рухацца цяжка, цямнее ў вачах, таму абмежавалі актыўнасць, па абедзе чакаюць фельчара.