«Людзі з інваліднасцю цяпер маюць больш правоў, дзякуючы сваёй актыўнасці»
Пра тое, як штодня ў інваліда-вазочніка атрымліваецца пераадольваць бар'еры гарадскога асяроддзя, змяняць людскую свядомасць і дамагацца ўвагі чыноўнікаў да сваіх праблемаў, ПЦ "Вясна" распавёў Аляксандр Аўдзевіч.
Аляксандр Аўдзевіч. Фота з cацыяльных сетак
Аляксандр Аўдзевіч чатыры гады кіруе Лідскай асацыяцыяй інвалідаў-вазочнікаў. За гэты час ён прыклаў нямала намаганняў для таго, каб змяніць стаўленне навакольных да людзей з інваліднасцю.
«У Лідзе я стаў дастаткова медыйнай персонай і лічу, што свядомасць людзей змяняецца, калі яны ў СМІ бачаць інваліда-вазочніка з нейкай перыядычнасцю. Калі людзі бачаць, што інвалід падарожнічае, наведвае клубы, бары, самастойна перасоўваецца па вуліцы, яны ўводзяць у сваю інфармацыйную прастору разуменне, што інвалід — чалавек, які можа рабіць усё тое ж самае, што і яны. Раней такога не было, вельмі рэдка нешта з'яўлялася ў газеце», — распавядае Аляксандр.
За час сваёй дзейнасці ён выпрацаваў свой рэцэпт ўзаемадзеяння з чыноўнікамі.
«На мой погляд, уся дзяржаўная падтрымка аказваецца з-за боязі кагосьці «зверху». І гэта можна выкарыстоўваць. Напрыклад, ты звяртаешся ў мясцовы сацыяльны цэнтр занятасці насельніцтва і кажаш кіраўніку гэтага цэнтра, што ў іх інтарэсах зрабіць тое і тое для людзей з інваліднасцю. Як правіла, яны могуць доўга разглядаць такі зварот, нешта зрабіць ці не зрабіць, паставіць у нейкую чаргу, — дзеліцца сваім вопытам Аляксандр. — Але калі ты звяртаешся непасрэдна да кагосьці на «галаву вышэй», то ўсё атрымліваецца рэалізаваць нашмат хутчэй. І я лічу, што гэтыя магчымасці трэба выкарыстоўваць. Гэта значыць, калі я хачу чагосьці ад старшыні гарвыканкама і ў мяне гэта не атрымліваецца, я пішу зварот у Міністэрства, і тады ў мяне ўсё хутка атрымліваецца».
Зараз у Лідзе пражывае каля 300 інвалідаў-вазочнікаў, некаторыя з іх на працягу 10 гадоў нікуды не выходзяць, нават у мясцовы магазін. Аляксандр Аўдзевіч спрабуе сваімі дзеяннямі матываваць іншых інвалідаў-вазочнікаў весці больш актыўны лад жыцця, рэалізуе розныя праекты для паспяховай інклюзія людзей з інваліднасцю ў грамадства.
«Мне здаецца, што маё падарожжа да Балтыйскага мора нядрэнна спрацавала, людзі паглядзелі і сталі ацэньваць свае сілы крыху па-іншаму. Гэта як калі ты вучышся ў школе ў 10 класе і ёсць нарматыў — прабегчы 100 метраў за пэўны час, то ты па дэфолту ўспрымаеш гэта нармальна. Хоць твае фізічныя магчымасці могуць быць значна слабейшыя. Але калі цэлае інфармацыйнае поле ўспрымае гэта нармальным, яно за кошт сваёй інэрцыі забірае цябе да сябе. І тое ж самае адбываецца з інваліднасцю. Калі цэлы пласт людзей будзе ўспрымаць людзей з інваліднасцю як такіх жа падарожнікаў, тусоўшчыкаў, палюбоўнікаў, як яны самі, то так і будзе. Гэта працуе як магія. І гэта мая пазыцыя. Таму я лічу, што трэба пра людзей з інваліднасцю казаць, піярыць, рабіць прыгожыя прадукты».
З іншага боку, Аляксандр працуе на змяненне гарадскога асяроддзя, і не толькі ў родным горадзе. На яго рахунку мноства маніторынгаў і тэстаў па даступнасці, якія ён запісвае на відэа і выкладвае ў інтэрнэт. Гэта і грамадскія прыбіральні, і мінскае метро, і розныя басейны і аквапаркі. Пры яго актыўным удзеле, у лідскім басейне з'явіўся спецыяльны пад'ёмнік, пандусы да уваходаў розных ўстановаў, а таксама магчымасць навучыцца вадзіць аўтамабіль з ручным кіраваннем у Лідзе.
Між тым, суразмоўца адзначае, што многае ў стаўленні да людзей з інваліднасцю ўжо памянялася. З 2010 года ўведзены нормы будаўніцтва розных аб'ектаў, у якіх ўлічваецца даступнасць для інвалідаў-вазочнікаў — вугал нахілу пандуса, шырыня дзвярэй, прадугледжаны спецыяльныя прыбіральні. Пакуль не ўсюды гэтыя нормы выконваюцца належным чынам, але пазітыўныя змены ўжо фіксуюцца.
"Больш пытанняў выклікаюць ўжо пабудаваныя будынкі. І тут павінна быць ці нейкая пэўная рэформа абавязковай іх рэканструкцыі або на іх павінны быць ускладзены дадатковыя абавязацельствы, напрыклад, выплаты ў кошт арганізацый інвалідаў-вазочнікаў.
Менавіта для гэтага існуюць арганізацыі і буйныя суполкі, якія лабіруюць пэўныя тэмы. І калі ты сябра такой супольнасці і ў цябе ўзнікаюць нейкія праблемы, то натуральна супольнасць выступіць за цябе ў такім выпадку. І чым больш людзей у такой супольнасці, тым мацней яна становіцца і сапраўды можа нешта рабіць больш маштабнае і важнае.
Я лічу, цяпер людзі з інваліднасцю маю нашмат больш правоў, чым раней, за кошт актыўнасці і лабіравання самімі інвалідамі».
На думку Аляксандра, людзі з інваліднасцю з нядаўніх часоў сталі больш актыўнымі ў абароне сваіх правоў, калі пачалі разумець, што могуць выязджаць і нешта рабіць.
"Гэта натуральны працэс, усё развіваецца паступова. Але ў той жа час, сама дзяржава павінна клапаціцца аб захаванні правоў людзей з інваліднасцю, так як яна прадугледжвае пад сабой сацыяльную абарону кожнага чалавека.
І таму падпісанне Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю — станоўчы крок з боку дзяржавы. Яна дае магчымасць вырашаць пытанні парушэння правоў людзей з інваліднасцю на міжнародным узроўні. Бо, каб кожнаму чалавеку, кожнай сацыяльнай групе адставіць свае правы самім, патрэбна юрыдычная падрыхтоўка. Яны вымушаныя займацца гэтым усё сваё жыццё і пры гэтым плаціць падаткі. Але не ўсім гэта пад сілу. Таму я думаю, што Канвенцыю можна будзе выкарыстоўваць як рычаг ціску на дзяржаўныя органы, каб чагосьці дамагацца ў будучыні", — кажа суразмоўца.
Будучым летам Аляксандр Аўдзевіч збіраецца праехаць 6 000 кіламетраў ад Нью-Ёрка да Сан-Францыска на хэндбайке і цяпер краунфандзінгам збіраегрошы на ручной ровар. Гэтым падарожжам Аляксандр у чарговы раз хоча данесці, што інваліды-вазочнікі таксама могуць быць фізічна вельмі актыўнымі, але для гэтага ім трэба асаблівыя ўмовы. Ён спадзяецца, што яму ўдасца прыцягнуць грамадскую ўвагу да будаўніцтва рэабілітацыйнага цэнтра ў Лідзе, што прымусіць чыноўнікаў паскорыць гэты працэс.