Літва прызначыць спецпасла па пытаннях Беларускай АЭС
Літва прызначыць спецыяльнага пасла для каардынацыі дзеянняў ведамстваў па пытаннях атамнай станцыі, якая будуецца ў Астраўцы. Як паведамляе Delfi.lt, дыпламат будзе прызначаны ўжо на гэтым тыдні.
Інфармацыя была агучана 3 студзеня на сустрэчы літоўскіх міністраў замежных спраў, навакольнага асяроддзя і энергетыкі. Пакуль указ не падпісаны, прозвішча спецпасла не выдаецца.
Тры міністры таксама падпісалі лісты высокапастаўленым прадстаўнікам Еўракамісіі і дырэктару Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы, у якіх просяць забяспечыць кантроль гэтых арганізацый над будаўніцтвам БелАЭС. Яны таксама звяртаюць увагу на ўжо шосты па ліку інцыдэнт, звязаны з ўзвядзеннем атамнай станцыі.На думку літоўскага боку, калі праект і далей будзе рэалізоўвацца без выканання міжнародных патрабаванняў бяспекі, то ён будзе прадстаўляць пагрозу для ўсяго рэгіёну.
Літва, нагадаем, выступае паслядоўным крытыкам будаўніцтва БелАЭС у Астраўцы паблізу сваёй мяжы. Яна патрабуе большай празрыстасці і адкрытасці ў дадзеным пытанні.
Апошні інцыдэнт быў звязаны з дастаўкай на БелАЭС новага корпуса рэактара. Недалёка ад станцыі Слаўнае Талачынскага раёна Віцебскай вобласці корпус зачапіў апору кантактнай сеткі чыгункі. Паводле інфармацыі афіцыйных крыніц, дотык быў нязначным, корпус рэактара не пашкоджаны. Корпус, які прыбыў на БелАЭС, ўсталююць на першым энергаблоку замест таго, які «упаў» летам 2016 года.
З нагоды гэтага здарэння Літва ўручыла беларускаму боку ноту.
Паводле tut.by