Лекары ў турме: гісторыі беларускіх медыкаў-палітвязняў
Сярод беларускіх палітвязняў — больш за дзесяць медыкаў. Чаму яны апынуліся ў турме і ў «спісе тэрарыстаў» і што іх чакае? Гісторыі двух лекараў, якія знаходзяцца ў зняволенні, расказвае «Deutsche Welle».
У Беларусі, паводле даных Дзяржаўнай службы занятасці, на 20 ліпеня 2022 года не хапае амаль чатыры тысячы лекараў і больш за тры з паловай тысяч медыцынскіх сясцёр. Тым не менш, рэпрэсіі сярод медработнікаў працягваюцца: 19 ліпеня стала вядома пра затрыманне ў Баранавічах лекара-гастраэнтэролага Аляксандра Трафімава. Прычына невядомая, але можа быць звязаная з грамадзянскай пазіцыяй Трафімава.
Таксама на днях быў затрыманы лекар-анестэзіёлаг анкалагічнага дыспансера ў Магілёве Дзмітрый Марозаў. У 2020 годзе ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюза і збіраўся стварыць уласны.
Аналагічна, паводле даных TГ-каналаў, у зняволенні да гэтага часу застаюцца некалькі чалавек, затрыманых у сакавіку па «справе траўматолагаў». Акрамя таго, трынаццаць медыкаў-палітвязняў былі асуджаныя ці абвінавачаныя па крымінальных артыкулах.
Хіруру Андрэю Любецкамуапрысудзілі пяць гадоў калоніі і ўнеслі яго ў «спіс тэрарыстаў». Анестэзіёлаг-рэаніматолаг Таццяна Талочка ў зняволенні больш за два месяцы, 25 дзён яна правяла ў жахлівых умовах на Акрэсціна.
Дапамагла збітаму сілавікамі падлетку?
Лекара анестэзіёлага-рэаніматолага дзіцячай гарадской клінічнай бальніцы №2 Мінска Таццяну Талочка затрымалі 12 траўня 2022 года. Яе абвінавачваюць у «парушэнні грамадскага парадку» (арт.342 КК) і ў «падробцы дакументаў» (дакладна назваць нумар артыкула яе родныя не змаглі. — Заўв. рэд.).Паводле іх слоў, сілавікі лічаць, што ў 2020 годзе Таццяна дапамагла выратавацца ад крымінальнага пераследу падлетку Цімуру Міцкевічу.
12 жніўня 2020 года непаўнагадовы Міцкевіч апынуўся ў рэанімацыі пасля збіцця і катаванняў сілавікоў, лекарам давялося ўвесці падлетка ў медыкаментозную кому. 3 верасня Міцкевіча выклікалі на допыт ва ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску. На думку следчых, ён удзельнічаў у масавых беспарадках 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага і быў датычны да ўзброенага нападу на кіроўцу грузавога аўтамабіля «МАЗ». Падчас аднаго з допытаў Міцкевічу стала дрэнна, ён зноў трапіў у рэанімацыю. Праз некалькі дзён Цімур знік з бальніцы. У падлетка атрымалася ўцячы з краіны. Цяпер 19-гадовы Міцкевіч ваюе на баку Украіны ў палку Кастуся Каліноўскага.
Мужа збівалі ў ГУБАЗіКу, каб лекарка падпісала прызнанне
Таццяна Талочка была лекаркай Цімура Міцкевіча. «ГУБАЗіК не змог яго дапытаць у шпіталі, праз трое сутак сілавікі не знайшлі ў чым яго абвінаваціць, знялі канвой і хлопец збег, калі верыць калегам Таццяны, ужо не з яе аддзялення, — расказваюць родныя лекаркі. — Мы не ведаем напэўна, але бачым гэта так: Таня ўваходзіла ў склад камісіі, якая прыняла рашэнне аб тым, што Міцкевіча нельга дапытваць, г. зн. яе подпіс тэарэтычна павінен быць пад гэтым рашэннем, як і подпісы іншых лекараў. Мабыць, сілавікі лічаць, што Таня магла даць Міцкевічу нейкія прэпараты ці іншымі дзеяннямі зрабіла так, што яго стан пагоршыўся, і медыцынская камісія прыняла рашэнне, што допыт праводзіць нельга».
Наколькі вядома родным, з усіх супрацоўнікаў бальніцы затрымалі толькі Талочка.
Паводле слоў суразмоўцаў, пасля затрымання Таццяна 25 дзён правяла на Акрэсціна — спачатку ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, пасля ў ізалятары часовага ўтрымання — без перадач, лістоў, у перапоўненых камерах з асацыяльнымі людзьмі.
Таксама ГУБАЗіК затрымліваў мужа Талочка. Суразмоўцы «DW» кажуць, у аддзяленні мужчыну збівалі, каб гэта чула Таццяна і падпісала патрэбныя сілавікам прызнанні.
Цяпер лекарка знаходзіцца ў СІЗА №1 па вуліцы Валадарскага. Там, адзначаюць блізкія Талочка, умовы ўтрымання значна лепшыя, чым на Акрэсціна: у камеры чатыры чалавекі, ёсць маленькі тэлевізар і вентылятар, арыштантаў водзяць на прагулкі, Таццяне перадаюць лісты, яна можа сустракацца з адвакатам. Калі медыка пачнуць судзіць, родным невядома.
Хірурга Любецкага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў»
Вядомага хірурга Андрэя Любецкага, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай бальніцы №4 Мінска, затрымалі 4 траўня 2021 года. З Беларусі вымушаная была з'ехаць жонка лекара Наталля — у «расследаванні» дзяржтэлеканала яе абвінавацілі ў перадачы падстаўных «сакрэтных дакументаў» экс-«алмазаўцу» Ігару Макару.
У канцы сакавіка 2022 расследаванне ў дачыненні да Любецкага было завершана, яго абвінавачвалі па чатырох крымінальных артыкулах: у «парушэнні грамадскага парадку» (ч. 1 арт. 342), «распальванні сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130), «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369) і «абразе Лукашэнкі».
Як паведамлялі праваабаронцы, паводле версіі следства, хірург «неаднаразова публічна выказваўся наконт прынятага рашэння парушыць дадзеную ім медыцынскую клятву... і ўсяляк перашкаджаць аказанню медыцынскай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і членам іх сем'яў, заклікаў сваіх калег да падобных супрацьпраўных дзеянняў». Любецкага таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў васьмі пратэсных акцыях, акрамя таго, допісы лекара кваліфікавалі як «абразу» і «распальванне варожасці».
18 красавіка яго прысудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
«21 чэрвеня была разгледжаная апеляцыя ў Вярхоўным судзе — прысуд пакінуты ў сіле. У пачатку чэрвеня мы ўжо ведалі, што адбываць пакаранне Андрэй паедзе ў ВК-2 у Бабруйску, — расказала сястра Любецкага Наталля. — Пра тое, што Андрэя дадалі ў "спіс тэрарыстаў", мы даведаліся ў дзень яго нараджэння, 7 ліпеня. Стан шоку, неразумення, да гэтага часу яшчэ не пераварылі гэтую інфармацыю. Ці вядома пра гэта самому Андрэю, я не ведаю».
Таксама Наталля кажа, што яе брат ніколі не скардзіцца. «Андрэй чытае, працягвае вучыць нямецкую, займаецца спортам. У лістах нават жартуе, упэўнены, што "ўсё будзе добра"», — адзначае жанчына.