Латушка: Удар правай рукой — Лукашэнка будзе адказваць за злачынствы супраць чалавечнасці
Павел Латушка распавёў, што дапамагае генпракурору Хану сабраць інфармацыю пра злачынствы беларускага рэжыму і датычнасць да генацыду ўкраінцаў.
Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка выступіў на закрыцці форуму грамадзянскіх ініцыятыў «Яднайся» і заявіў: мы даём сігнал беларусам у Беларусі — мы пераможам!
Павел Латушка падчас выступлення казаў пра беларускасць, перамогу і адказнасць цяперашняга рэжыму за злачынствы: «Мы павінны захаваць сваю беларускасць. Мы тут прадстаўляем нашу родную Беларусь і робім усё, каб вярнуцца.
У кантэксце прававога ціску на рэжым мы наносім першы моцны ўдар левай рукой: рыхтуем супраць Лукашэнкі матэрыялы для крымінальнай справы ў рамках Міжнароднага крымінальнага трыбунала — аб незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. І першая частка справаздачы перададзена ў панядзелак генпракурору Хану.
Удар правай рукой — мы рыхтуем справаздачу, з дапамогай якой Лукашэнка будзе прыцягнуты да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці.
Важна, што грамадзянская супольнасць яднаецца, што ў нас столькі ініцыятыў, што вы падтрымліваеце адзін аднаго. Мы даём сігнал беларусам у Беларусі: мы жывём, мы змагаемся, мы пераможам».
Да таго, як пісаў «НЧ», Павел Латушка заяўляў, што «ваенны агрэсар — не проста Расія, а Саюзная дзяржава». Бо разам беларускі і расійскі кіраўнікі планавалі гэту вайну, гэту катастрофу — як мінімум яшчэ ў ходзе падрыхтоўкі і прыняцця Ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы ў 2021 годзе.
Нагадаем, 27 красавіка Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю, дзе прызнала Лукашэнку датычным да генацыду ўкраінцаў. Таму што вываз украінскіх дзяцей і дарослых з акупаваных Расіяй тэрыторый трэба лічыць генацыдам, а Аляксандр Лукашэнка, таксама як Уладзімір Пуцін, абвяшчаецца датычным да гэтага.
Гэту рэзалюцыю ПАРЭ палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман пракаментаваў наступным чынам: «ПАРЕ назвала дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расію генацыдам і адначасова падтрымала папраўку ўкраінскага дэпутата Аляксея Ганчарэнкі аб прызнанні Лукашэнкі датычным да гэтых расійскіх злачынстваў. Рэзалюцыя ў нейкай ступені набліжае Лукашэнку да ордэра на арышт ад Міжнароднага крымінальнага суда, але і ставіць Украіну ў няпростае становішча. Атрымліваецца, што Лукашэнку прызнаюць саўдзельнікам генацыду, але працягваюць падтрымліваць дыпламатычныя стасункі з ягоным рэжымам».