Кобрынскія замалёўкі: як горад ратуе клімат планеты

Цягам трох дзён у Кобрыне праходзілі Дні энергіі – вынік супрацы мясцовай улады з грамадзянскай супольнасцю.

kz_jahrkp_13_logo.jpg


Дні энергіі – з шэрагу справаў-рэкамендацыяў гарадам, што ўдзельнічаюць у Пагадненні мэраў па клімату і энергіі дзеля распаўсюду ведаў пра энергазберажэнне і змены клімату. 
Пагадненне мэраў па клімату і энергіі лучыць гарады, што на сваіх тэрыторыях скарачаюць выкіды парніковых газаў, спрыяюць энергаэфектыўнасці, спажыванню аднаўляльных крыніц энергіі і адаптацыі да зменаў клімату.  Галоўнай падзеяй першага дня стаў васьмікіламетровы велапрабег па цэнтральных вуліцах старажытнага горада ў межах II раённага велафэсту “Viva РОВАР-2018”, у якім прынялі ўдзел звыш 350 раварыстаў, у тым ліку госьці з Берасьця і Польшчы.

kz_jahrkp_10_logo.jpg


Самым юным удзельнікам прабегу стаў васьмігадовы Усевалад Міхнюк, а самымі сталымі – ягоная бабуля-краязнаўца Ірына Сіманава, якая шмат гадоў выкладала гісторыю ў мясцовай сярэдняй школе №7, а таксама аўтар гэтага артыкулу.

kz_jahrkp_6_logo.jpg


Было прыемна праехаць на ровары сярод аматараў гэтага найбольш экалагічнага транспартнага сродку, пазнаёміцца з веласіпедамі шматлікіх вытворцаў, у тым ліку рарытэтнымі і самаробнымі, а таксама паназіраць, з якім імпэтам дзеці ўдзельнічалі ў шэрагу спартыўных і экалагічных конкурсаў, дзе набывалі веды пра карысць зялёных насаджэнняў і зберажэнне энергіі, а таксама практычныя навыкі і ўмельствы.    

kz_jahrkp_7_logo.jpg


Падчас Дзён энергіі грамадскае аб’яднанне “Кобрынскі клуб дзелавых жанчын “Бона” рэалізавала свае мерапрыемствы пад дэвізам “Кобрын ратуе клімат планеты” праекту “Падтрымка ініцыятывы “Пагадненне мэраў” у Беларусі”, фiнансуемага Еўрасаюзам у рамках EU4Energy.

kz_jahrkp_19_logo.jpg


Актывісткi клубу прымалі ўдзел у велапрабегу, у цэнтры Кобрына распаўсюджвалі тэматычныя буклеты, дзяліліся з кабрынчанамі і гасьцямі горада сваім вопытам у справе аховы навакольнага асяроддзя, а таксама займаліся ачысткай водных аб’ектаў. Гаворка ідзе пра раку Мухавец і ейныя прытокі – раку Кобрынку, каналы Боны і Днепра-Бугскі.

kz_jahrkp_16_logo.jpg


Трэба зазначыць, што экалагічны стан гэтых аб’ектаў патрабуе больш пільнай увагі гарадскіх уладаў і мясцовых жахароў. Берагі і рэчвы вадаёмаў забруджваюцца цвёрдымі бытавымі адкідамі, у першую чаргу металічнымі і паліэтыленавымі пляшкамі і пакетамі, ахутваюцца цінай, зарастаюць чаротам, багавіннем і хмызняком. Для таго, каб ачысціць вадаёмы ад забруджвання, патрабуюцца актыўныя сумесныя высілкі чыноўніцтва і грамадства. Прычым найбольш спрыяльная пара для прыборкі – вясна, калі смецце яшчэ не схавалася ў зеляніне. Трэба скарыстацца мажлівасцямі грамадскага аб’яднання “Беларускае рэспубліканскае таварыства ратавання на вадзе” і гарадскіх камунальных службаў, а таксама грамадскіх аб’яднанняў зялёных і спецыялізаваных міжнародных фондаў для ачысткі рэчваў, добраўпарадкавання прылеглых да вадаёмаў тэрыторый і бягучага рамонту аб’ектаў, што знаходзяцца на берагах рэчак і каналаў. Гаворка, між іншым, ідзе пра своечасовую касьбу травы, прыборку бетанаваных набярэжных і сцежак ад травы і кустоўя, рамонт масткоў і парапетаў, высаджванне дрэваў і кветак, а таксама пра догляд за імі.

kz_jahrkp_17_logo.jpg


А паколькі шмат смецця скопліваецца каля месцаў актыўнай рыбнай лоўлі, супрацоўнікам міліцыі неабходна часьцей быць каля вадаёмаў і штрафаваць тых, хто беспакарана забруджвае рэкі, каналы і акаляючую іх тэрыторыю.


На маю думку, калі гэтыя пытанні асэнсаваць, далучыць да іх рэалізацыі як мага больш гараджанаў і належным чынам арганізаваць працу, дык вясною наступнага году можна зрабіць захады па прывядзенню вадаёмаў Кобрына ў нармальны стан.