КДБ злавіў супрацоўніка МНС на "адкатах" ад расійскіх фірмаў

Супрацоўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях арганізоўваў правядзенне тэндараў на куплю авіяцыйных запчастак па завышаным кошце.



images76.jpg

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі затрымаў начальніка аддзела арганізацыі рамонту авіятэхнікі Дзяржаўнай аварыйна-выратавальнай установы "Авіяцыя" Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Як паведамляе прэс-служба КДБ, затрыманне адбылося, калі мужчына атрымоўваў хабар у 4 000 еўра.

Па звестках КДБ, з 2013-га па 2015 год гэты супрацоўнік МНС атрымоўваў так званыя "адкаты" ад расійскіх фірмаў — 10 % за кожны кантракт. Ён арганізоўваў тэндары на закупку авіяцыйных запчастак па завышаным кошце. Выйгравалі гэтыя тэндары фірмы, якія загадзя дамовіліся.

Такім чынам было падпісана больш за 20 дамоваў на агульную суму звыш 25 мільёнаў расійскіх рублёў, 44 тысяч долараў і 39 тысяч еўра. Грошы супрацоўніку МНС перавозілі з Расіі так званыя "кур'еры", якіх ён выкарыстоўваў "уцёмную".

На мужчыну завялі крымінальную справу за атрыманне хабару ў буйным памеры. У яго дэпазітарнай ячэйцы знайшлі амаль 90 тысяч долараў, 20 тысяч еўра і 900 тысяч расійскіх рублёў.