«Кастрычніцкі Кірмаш» — супольнае беларускае заўтра

«Кастрычніцкі Кірмаш» ад агенцтва «Тваё заўтра» адбыўся ўвечары 21 кастрычніка ў вялікай залі Міжнароднага цэнтра імя Йоханеса Рау.

kirmash3_1.jpg


Агенцтва «Тваё заўтра» было створана дзеля выкарыстання ў эканамічным, сацыяльным, культурным і грамадскім жыцці краіны патэнцыялу маладых спецыялiстаў з Беларусі, якія скончылі міжнародныя адукацыйныя праграмы і атрымалі дыпломы замежных універсітэтаў.
«Кастрычніцкі Кірмаш» — першае ў Беларусі мерапрыемства, на якім зацікаўленыя прадстаўнікі дзяржаўных інстытутаў, дыпламатычнага корпуса, бізнесу,  грамадскага сектару і СМІ змаглі пазнаёміцца з актыўнай, высокаадукаванай, таленавітай моладдзю. А маладыя спецыялісты ў сваю чаргу мелі выключную магчымасць прэзентаваць сябе вядомым у краіне і за яе межамі выбітным адмыслоўцам, задаць пытанні, падыскутаваць і пракансультавацца.
Уваход на мерапрыемства адбываўся паводле абавязковай папярэдняй рэгістрацыі. Адпаведна ў залі — не было выпадковых людзей.

Валярына Кустава і Яўген Булка

Валярына Кустава і Яўген Булка


Вядоўцамі імпрэзы стаў нечаканы, але зладжаны дуэт, літаратаркі Валярыны Кустава і тэлевядоўцы Яўгена Булкі. Усе прысутныя былі падзеленыя на тры групы — госці, у лік якіх уваходзілі аўтарытэтныя і рэалізаваныя ў той ці іншай сферы прафесіяналы; удзельнікі — маладыя выпускнікі замежных ВНУ, што вярнуліся ў Беларусь; і арганізатары імпрэзы. Кожнай групе былі выдадзеныя сінія, зялёныя і чырвоныя бэйджы адпаведна. Таксама кожнаму з удзельнікаў былі раздадзеныя спісы гасцей, каб іх прасцей было зарыентавацца — да каго ім звярнуцца перадусім.

Кіраўніца Прадстаўніцтва Еўрапейскага cаюза ў Беларусі, Спадарыня Амбасадар Андрэа Віктарын у цэнтры

Кіраўніца Прадстаўніцтва Еўрапейскага cаюза ў Беларусі, Спадарыня Амбасадар Андрэа Віктарын у цэнтры


Ідэя агенцыі «Тваё заўтра» была шырока падтрыманая кіраўнікамі і прадстаўнікамі дыпламатычных місій. З вітальным словам выступілі Кіраўніца Прадстаўніцтва Еўрапейскага cаюза ў Беларусі спадарыня амбасадар Андрэа Віктарын, амбасадар Нямеччыны Петэр Дэтмар, першая сакратар Амбасады ЗША Моніка Блэнд.

Крысціна Вітушка і Ягор Марціновіч сярод гасцей

Крысціна Вітушка і Ягор Марціновіч сярод гасцей


Слова ўзялі таксама і прадстаўнікі выпускнікоў замежных стажыровак, якія вярнуліся на Радзіму  і паспяхова рэалізавалі сябе тут: Крысціна Вітушка, магістр бізнэс-адміністравання, выпускніца Вышэйшай школы дзяржаўнага кіравання (WSAP, Польшча), ўдзельніца адукацыйных праграмаў ЗША, што прапрацавала ў банкаўскай сферы Беларусі каля 10 гадоў, і Уладзімір Марозаў, выпускнік праграмы Манчэсцерскага універсітэта. Выпускнікі казалі пра пераемнасць і матывавалі зрабіць свой выбар на карысць сваёй краіны і сябе ў ёй.

Іна Кулей

Іна Кулей


Пры рэгістрацыі кожнаму госцю і ўдзельніку быў прэзентаваны аксамітныя матылі. Ідэйная натхняльніца і дырэктарка агенцыі «Тваё заўтра» Іна Кулей расказала пра гэты іміджавы дадатак, які для яе з’яўляецца таксама і візуальным увасабленнем традыцыі і карпаратыўнай салідарнасці ўдзельнікаў «Кастрычніцкага кірмашу» і выпускнікоў, што вяртаюцца ў Беларусь: «Напэўна, усе Вы чулі пра оксфардскія гальштукі? А ў нас будзе свой сімвал — аксамітныя беларускія матылі».
Цёмныя аксамітныя матылі напраўду апынуліся файным аксэсуарам — прысутны на імпрэзе стваральнік Tut.by Юры Зісер адразу прымерыў яго на шыю, пад кашулю і шыкоўны сіні строй, у якім, пахуднелы заснавальнік, выглядаў асабліва імпазантна, а Іна Кулей па-жаночы далікатна прымацавала матыль на кісць рукі.
Са сцэны Валярына Кустава патлумачыла мэсыдж сустрэчы: «Мэта агенцыі «Тваё заўтра» — па сутнасці і ёсць нашае з вамі «заўтра». Нашае супольнае беларускае заўтра! Беларускія студэнты, магістранты, аспіранты  і стажоры, якія вучацца (альбо ўжо адвучыліся) ў замежных універсітэтах — яны! — шматтысячны рэзерв і патэнцыял для  нашай краіны.  Мэта нашай сустрэчы — даць моладзі магчымасць зазірнуць у сваё заўтра. Хто Вы заўтра? Паспяховы беларускі бізнесмен? Рэдактар вядомага ў краіне выдання? Дзяржаўны служачы на высокай пасадзе? То бок тут  вы выбіраеце сваю перспектыву. Нашы высокія госці знайшлі сябе менавіта тут, на Радзіме. Значыць — гэта абсалютна магчыма».
Для знаёмства прысутным прапанавалі невялікі спіч-дэйтынг. 2 раунды па 10 хвілінаў. Паміж гасцямі-экспертамі і выпускнікамі-удзельнікамі.  Вядоўцы жартоўна адзначылі, звяртаючыся да выпускнікоў: «Вы можаце атрымаць кансультацыі, можаце параіцца або прэзентаваць сябе і свае ідэі гасцям. Калі ж раптам сёння ў кагосьці атрымаецца  знайсці і будучую праца — файна, Вы лёсік! Значыць, Вы  ўдача нашага вечара!»
Пасля камунікацыі падоўжылася ў нефармальнай атмасферы фуршэта. У другой частцы імпрэзы была праведзеная віктары і розыгрыш з прызамі.
Прысутныя па фактах біяграфіі ўгадвалі славутых землякоў. Напрыклад “Беларуса №1 у свеце”, па словах Васіля Быкава, навукоўцу, фізіка Барыса Кіта журналіст і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ўгадаў ўжо па факце таго, што «ён скончыў народную школу ў Карэлічах» і па просьбе вядоўцы зачытаў жартоўны верш Рыгора Барадуліна, прысвечаны знакамітаму беларусу:
Як ні сягне высока птах,Ляцеціме ў гняздо наніз.Зямля стаіць на трох кітах.Адзін зь кітоў — спадар Барыс.

jury_ziser_sjarod_hascej_1.jpg


Цяжэй прысутныя пазнавалі славутых беларусак, асабліва спартовак. А апошняга нашага земляка Хаім Вейцмана, былога прэзідэнта Ізраіля, знакава угадаў Юры Зісер. Большасць выйгрышаў дасталіся культуролагу Юліі Чарняўскай і журналістцы, рэдактарка сайта «Заўтра тваёй краіны» Марыне Загорскай, якія сходу “шчоўкалі” усе няпростыя пытанні, падрыхтаваныя вядоўцамі.
Сярод гасцей таксама прысутнічалі палітык і навуковец Аляксандр Мілінкевіч,  старшыня Прэс-клубу Юлія Слуцкая, старшыня БАЖу Андрэй Бастунец,  старшыня “Вясны”, праваабаронца Алесь Бяляцкі і іншыя прадстаўнікі медыяў і грамадскага сектару. Госці былі – як на падбор.
Разыходзіліся паволі, у прыўзнятым настроі, дзякуючы адно аднаму. «Кастрычніцкі кірмаш» і агенцыя «Тваё заўтра» плануе працяг.
Фотаздымкі — Арцём Лява, Камітэт “Салідарнасць”, Валярына Кустава і з сац.сетак