Канцэрт у падтрымку Дзіцячай вёскі ў Гомелі прайшоў пры поўнай залі

Дабрачынны канцэрт у падтрымку Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей з інваліднасцю (Дзіцячая вёска) прайшоў 21 верасня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі. Зала касцёла была поўнай.



konciert2.jpg

Захапленне гледачоў выклікала выступленне сясцёр Ірыны і Лізаветы Марозавых (цымбалы і фартэпіяна) і Таццяны Купрэевай (фартэпіяна), передае katolik-gomel.by.  Канцэрт праводзіўся па іх ініцыятыве і абсалютна бясплатна. У знак удзячнасці за выступленне і заахвочаныя дабрачынным прыкладам музыкаў, наведвальнікі канцэрта маглі дабравольна ахвяраваць сродкі на карысць выхаванцаў Дзіцячай вёскі.

Дзіцячая вёска была ўрачыста адкрыта 12 кастрычніка 2011 года і з’яўляецца ўнікальнай для Беларусі ўстановай. Тут адначасова могуць пражываць 60 хлопчыкаў і дзяўчынак у амаль сямейных умовах. Пяць асобных груп-сем’яў yключаюць максімум 12 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям’ю, з’яўляецца сястра-законніца з Ордэна бэнэдыктынак-самарыцянак Крыжа Хрыста, якая разам з дапаможным персаналам клапоціцца аб належным клімаце выхавання і трымае апеку над дзецьмі.

Максімальна набліжанае да сямейнага асяроддзе дае добры дыдактычны, рэабілітацыйны і нават тэрапеўтычны эфект. Дзеці з рознымі відамі інваліднасці тут маюць магчымасць дасягнуць максімальна поўнага развіцця сваёй асобы.

Дзейнасць хоспіса арганізавана пры падтрымцы абласнога камітэта па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва.

krynitsa.info.