«Мноства беларусаў гатовыя аддаць жыццё за Беларусь, за калхоз не захоча паміраць ніхто»
Публіцыст і выдавец Сяргей Дубавец у сваім блогу на Радыё Св*бода піша, калі ў Беларусі спыніцца тэрор. На яго думку, гэта можа адбыцца ў выніку «сістэмнай памылкі», бо гэта ўжо не палітыка, а інерцыя.
Масавы тэрор, які нарастае ў Беларусі, таму і нарастае, што ён — сістэмны. Хапіла б найменшага збою ў гэтай сістэме, як тэрор адразу б спыніўся, бо ад аднаго збою спрошчаная да «лысай рызіны» сістэма можа рухнуць.
Такім збоем непазбежна стаў бы ўдзел Лукашэнкі ў вайне ва Украіне на баку Расіі. Бо такі ўдзел запатрабуе ахвярнасці, на якую ў Беларусі не гатовы пайсці ніхто. Няма ў гэтай сітуацыі нічога, за што варта было б аддаць жыццё.
Здавалася, б аграмадная махіна з узброеных людзей, суддзяў-пракурораў і прапагандысцкай камарыллі выглядае непарушна і працуе зладжана. Але ўся «ідэалогія», на якой гэта трымаецца, простая, як язда на ровары: «Крути педали, пока не дали». Вось яны і круцяць. Больш ніякага сэнсу ўва ўсім гэтым тэроры няма. Гэта ўжо даўно не палітыка, а чыстая кінетыка.
Калі раней рэжым яшчэ дазваляў разнастайнасць думак і іх суіснаванне, дык сёння кожная думка сама па сабе — злачынная. У тым ліку і думка пра адданасць кіраўніку, бо за ёю — пустата. Адданасць таксама выглядае падазрона. А вось тых, хто рэальна гатовы аддаць жыццё, каб гэтага рэжыму не было, — вялікае мноства і ў Беларусі, і за мяжой.
Вельмі ясную перспектыву малююць беларускія добраахвотнікі, якія ваююць ва Украіне — «Мы зойдзем у Беларусь, калі яна возьме непасрэдны ўдзел у вайне».
Не сумняюся таксама, што Лукашэнка будзе ўцякаць першым. Рынуцца ў Расію і ўсе ягоныя падначаленыя, бо разумеюць, што месцы сённяшніх палітзняволеных адразу ж дастануцца ім.
У колішнім кінабаевіку Вітаўтаса Жалакявічуса «Ніхто не хацеў паміраць» паміраць не хацелі, але былі гатовыя ўсе — адныя за Літву, другія за калхоз. У нашай сённяшняй сітуацыі, калі мноства беларусаў гатовыя аддаць жыццё за Беларусь, за калхоз не захоча паміраць ніхто.