Прывітанне з СІЗА №1: «Калі атрымліваеш ліст, нібыта вылятаеш з камеры»

Рэдакцыя НЧ атрымала ліст ад палітвязня Сяргея Коршуна. Ён цяпер знаходзіцца ў СІЗА-1 Мінска — на «Валадарцы», — і абвінавачваецца ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Сяргей Коршун. Крыніца: nn.by 

Сяргей Коршун. Крыніца: nn.by 


Сяргей Коршун дзякуе за газету, якая да яго даходзіць, і адзначае, што ў СІЗА інфармацыю у асноўным атрымліваюць з радыё і ТБ. А з газет у іх ёсць «Советская Белоруссия», дый бацькі падпісалі яго на «Аргументы и Факты».

«Прыходзяць лісты і паштоўкі з цёплымі словамі, што сапраўды вельмі прыемна. Бо гэта — як пагаварыць з Вамі. Калі пішаш альбо чытаеш ліст, нібыта вылятаеш з камеры… Прывітанне ўсім, [дзякуй] за дапамогу і падтрымку, усім, хто не забывае. Лісты і паштоўкі праходзяць, і гэта дадае моцы, мужнасці і трываласці... Яшчэ раз усім словы падзякі, і [жадаю] моцнай вытрымкі і трываласці», — піша Сяргей Коршун.

Нагадаем, што Сяргей Коршун на працягу дзесяці гадоў служыў у міліцыі, прыкладна дзесяць гадоў таму сышоў па ўласным жаданні ў званні капітана, стаў удзельнікам тэлеграм-канала «Армія з народам». Быў затрыманы міліцыяй 21 ліпеня ў Мінску разам з яшчэ адным блогерам тэлеграм-канала «Армія з народам» Сяргеем Лук’янавым.

З таго часу Сяргей Коршун знаходзіцца пад вартай ў СІЗА №1, абвінавачваецца ў арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушалі грамадскі парадак пры правядзенні пікета па зборы подпісаў ініцыятыўнай групай па вылучэнні ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Святланы Ціханоўскай 29 мая 2020 года у Гродна, і такім чынам з’яўляецца чарговым фігурантам так званай «справы Ціханоўскага».

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным.

З ліста зразумела, наколькі важнай цяпер з’яўляецца перапіска для палітвязняў. Таму рэдакцыя НЧ заклікае: пішыце лісты палітвязням! Для іх гэта вельмі важна і істотна! Адрэсы палітвязняў і іх спіс можна знайсці вось па гэтай спасылцы.

Тым больш, што цяпер (і даволі даўно) для таго, каб адаслаць ліст палітвязням, не трэба ісці за паперай, асадкай і набываць канверты — за вас гэта зробяць спецыяльна навучаныя людзі. Напісаць такі ліст вы можаце дзе заўгодна і нават з тэлефона — у кавярні, на канапе, у грыбах (калі ёсць інтэрнэт).

list_111_1.png


Калі вы не майстар у эпісталярным жанры — таксама не бяда. Палітвязняў у нас (і не толькі ў нас), на вялікі жаль, было багата, і можна скарыстацца некаторымі парадамі, якія даюць яны.

Не забывайцеся на палітвязняў! Яны чакаюць нашай падтрымкі. Нам, будзем шчырымі, напісаць ліст — гэта толькі выдаткаваць крыху часу. А для іх гэта — як выйсці на волю. Хаця б часова.