Калі адных выпускаюць, іншых выклікаюць. У Слуцку рыхтуюць новыя справы?
Вярнулася ў пятніцу з лецішча ў Слуцк. А ў паштовай скрыні мяне чакае павестка ў пракуратуру.
Паводле павесткі, я павінна з'явіцца 18 жніўня а 10-й гадзіне да старэйшага памочніка пракурара І.Ю.Губінай. У паперы не паведамляецца, у якім статусе я выклікаюся і з якой нагоды.
Паспрабавала даведацца прычыну выкліку ў пракуратуру па тэлефоне. Але паведаміць мне штосьці канкрэтнае там адмовіліся
— У якасці каго мяне выклікаюць у пракуратуру?
— Усё, што вы павінны ведаць, напісана ў павестцы. Гэта дзяжурны нумар, мы не абавязаны нічога канкрэтызаваць.
— Але ж я павінна ведаць, дзеля чаго мяне выклікаюць? Раптам мяне там затрымаюць, як у дзень сустрэчы з Ціханоўскай. У такім выпадку я павінна падрыхтавацца: узяць лекі і іншыя рэчы.
(маўчанне)
— А вы ўпэўнены, што будзеце працаваць 18 жніўня?
— На гэтае пытанне я не ўпаўнаважаны вам адказваць.
Ну што ж, на ўсялякі выпадак падрыхтуюся, каб пасля не пісаць хадайніцтвы, каб у ізалятары мне забяспечылі мае складаныя лекі.
Толькі крыху дзіўна: у той час, як з ізалятараў па краіне пачынаюць выпускаць вязняў, у Слуцку рыхтуюць новыя справы?