Кацярыну Андрэеву этапавалі з магілёўскага СІЗА ў гомельскую калонію
Пра гэта муж журналісткі Ігар Ільяш паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

«Я пакуль не ведаю, калі канкрэтна яна прыбыла ў Гомель. Таксама няма інфармацыі, у якіх умовах праходзіў сам этап», — напісаў Ігар Ільяш.
У Магілёў журналістку этапавалі з турмы Жодзіна прыкладна 18 траўня.
Як раней пісаў Ігар Ільяш, пераводу ў калонію Кацярына чакала з пэўным нецярпеннем, бо гэта, паводле яе слоў, «завяршальная стадыя турэмнай эпапеі».
«"Калонія добрая ўжо тым, што з яе ляжыць шлях на волю", — пачула я ад кагосьці. Настрой апісала б як "роўны пазітыў", з ладнай доляй цікаўнасці», — пісала Кацярына Андрэева ў лісце да мужа.
Лісты і тэлеграмы можна адпраўляць па адрасе: ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3. Кацярыне Андрэеўне Бахвалавай.