Каб асудзіць інваліда-вазочніка, суддзя прыехаў да яго дадому

Вазочніка Аляксея Каранькова 6 лістапада асудзілі па артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў Менску. Пасяджэнне было выязным, распавядае TUT.BY. Суддзя прыехала да мужчыны на дом, па месцы прапіскі.

Фота TUT.BY

Фота TUT.BY

Аляксею Каранькову 34 гады. Цяпер ён жыве ў Мінску і працуе барыста ў кавярні «Інклюзіўны барыста». У мужчыны ёсць інваліднасць 1-й групы з-за праблем з апорна-рухальным апаратам, ён вазочнік. Прапісаны ў горадзе Барань, што пад Оршай — там, у кватэры ягоных бацькоў, яго і судзілі за ўдзел у мітынгу 25 кастрычніка.

Судзілі Аляксея па частцы 1 артыкула 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

— Суд лічыў, што я ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу 25 кастрычніка (у тую нядзелю быў марш пад назвай «Народны ультыматум»). Я быў ля стэлы, а да вазка была прымацаваная бел-чырвона-белая сімволіка, — распавядае Аляксей Каранькоў.

Свой удзел у мітынгу мужчына не адмаўляе, але сваю віну не прызнае.

— Што тут адмаўляць — паказвалі фота і відэаінтэрв'ю, на якіх і праўда я. Але я не лічу, што ў чымсьці вінаваты, таму што не лічу гэты мітынг незаконным. Людзі выказвалі сваё меркаванне. Бел-чырвона-белая сімволіка не з'яўляецца забароненай, — тлумачыць сваю пазіцыю Аляксей.

Да суда Аляксей двойчы ездзіў у Барань, каб даць тлумачэнні ўчастковаму, які складаў пратакол. Хлопец дадае, што праблем з дарогай не было, таму што водзіць аўтамабіль. Сам суд праходзіў незвычайна — суддзя Святлана Кузьмічонак выехала дадому да Аляксея. Ён распавядае, як гэта было:

— Дадому да мяне прыйшлі суддзя і сакратар. Слуханне было ў залі, яны селі на канапку. Я насупраць — на вазку. Мама падышла з кухні — таксама папрысутнічала. Суд быў максімум хвілін 20, па сутнасці, суддзя проста перачытала пратакол. Я мог толькі адказваць на пытанні. Суддзя прыйшла на працэс ужо з рашэннем, раздрукаваным на паперы.

Рашэнне суда — штраф у тры базавыя велічыні (81 рубель). 

Паводле інфармацыі дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага, выпадак судовых працэсаў над людзьмі з інваліднасцю «дома» — рэдкі.

— У працэсах, якія мы назіраем, суддзі ў прынцыпе практыкуюць выязныя пасяджэння, асабліва калі гэта тычыцца асаблівых патрэбаў — выязджалі на месца здарэння. Каб дадому прыязджалі — менавіта такога ў нашай практыцы раней не сустракалася. Але так, гэта законна.

Дадамо, магчымасць суда нават па месцы жыхарства асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, прапісана ў ПВКаАП (артыкул 3.31). Аднак абавязацельствы пускаць у свой дом суддзю ў грамадзян няма.