Яўген Бабак, які хацеў дамагчыся справядлівасці для збітых сілавікамі, з’явіўся ў спісе «тэрарыстаў»
КДБ дадаў у спіс «тэрарыстаў» экс-пракурора, які хацеў расследаваць справы збітых сілавікамі ў жніўні 2020 года байкераў.
КДБ унёс экс-пракурора Яўгена Бабака ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".
Яўген Бабак быў пракурорам, які хацеў пачаць праверку па збітых байкерах у жніўні 2020 года. Калі яму забаранілі, то ў знак пратэсту ён звольніўся.
Нагадаем, экс-памочніка пракурора Першамайскага раёна Мінска Яўгена Бабака спачатку асудзілі на 15 сутак за БЧБ-сцяг на акне. Раніцай 10 чэрвеня 2021 года, паводле слоў яго суседзяў, да Бабака прыехала група захопу ў бронекамізэльках, гэтыя людзі ў тамбуры крычалі «Адчыняй!», у двары былі два характэрныя бусікі. Пасля ўсяго Яўгена звезлі, а яго кватэру разграмілі.
Увечары прэс-сакратарка МУС заявіла, што Бабак затрыманы «супрацоўнікамі міліцыі ў межах адміністрацыйнага працэсу». Справу былога памочніка пракурора па арт. 24.23 КаАП разглядзела суддзя Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль. Яўгена, па класіцы, абвінавацілі ў «пікетаванні шляхам размяшчэння на балконе БЧБ-сцяга».
25 чэрвеня стала вядома, што Бабак атрымаў яшчэ 15 сутак. Але пасля 30 сутак адміністрацыйнага арышту на волю ён так і не выйшаў.
Ён стаў падазраваным па крымінальнай справе аб групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Таксама Яўгену выставілі абвінавачванні за "распальванне варожасці" паводле ч. 1. арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Працэс зрабілі закрытым. Пасля двухмесячнага перапынку 12 траўня ўзнавілі разгляд справы і вынеслі прысуд: суддзя прызнала Яўгена вінаватым і прызначыла яму чатыры гады пазбаўлення волі.
У сярэдзіне чэрвеня 2022 г. Яўгена перавялі з СІЗА-1 у віцебскі СІЗА-2. У сярэдзіне ліпеня стала вядома, што Вярхоўны суд пакінуў прысуд Бабаку без зменаў, неўзабаве палітвязня перавялі ў ПК № 3.
Сёння, 28 ліпеня, стала вядома, што КДБ унёс Яўгена ў спіс асобаў, "датычных да тэрарыстычнай дзейнасці".