Якой мусіць быць медыцына будучыні? Меркаванне практыка

Правал барацьбы з пандэміяй каронавіруса, звальненні медыкаў праз нелаяльнасць, бяспраўнасць, якая прымушае спецыялістаў сядзець на сваіх месцах за мізэрныя заробкі. А з нядаўняга — яшчэ адзін тэзіс, зрэшты, не новы: прапанова дактарам адпрацоўваць пасля ўніверсітэта 10 гадоў. Але ці тыя гэта захады, якія дапамогуць палепшыць сістэму аховы здароўя ў Беларусі?

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Увазе чытачоў «Новага Часу» — трэці артыкул з серыі матэрыялаў пра тое, якой павінна быць новая Беларусь. Першы матэрыял быў прысвечаны войску, другі — адукацыі. Сёння гаворым пра медыцыну. Якія галоўныя праблемы ў сістэме аховы здароўя Беларусі? Якой павінна быць медыцына? Што рабіць з прэстыжам прафесіі медыка і як рыхтаваць прафесіяналаў высокага класу? Сваімі развагамі над гэтымі пытаннямі з намі падзяліўся Аляксей, урач з 30-гадовым стажам.

Перайсці да страхавой медыцыны

Зразумела, што ў нашай краіне сістэма аховы здароўя даўно ўжо не бясплатная, ёсць добраахвотнае медыцынскае страхаванне. Я схіляюся да таго, што неабходна змяшаная сістэма аховы здароўя, напрыклад, як у Швецыі, дзе ёсць і дзяржаўныя медыцынскія ўстановы, і прыватныя. У прынцыпе, у Беларусі гэта цяпер таксама ёсць, адзінае, ліцэнзаванне прыватных структур праходзіць вельмі жорстка, і яны могуць аказваць толькі платныя паслугі па дробнай амбулаторнай дапамозе, якая не патрабуе доўгатэрміновай шпіталізацыі. Па маім глыбокім перакананні, нам неабходны пераход да страхавой медыцыны ў большай ступені. Гэта будзе лепш для ўсіх — і для пацыентаў, і для дактароў.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Павінна быць і абавязковае медыцынскае страхаванне, і добраахвотнае. Таксама бальніцы павінны аказваць дапамогу людзям без медыцынскай страхоўкі. На Захадзе гэта даўно практыкуецца і магло б фарміраваць у нашага насельніцтва дамінанту здаровага ладу жыцця. Бо калі ў чалавека ёсць медыцынская страхоўка, па ёй ён зможа прайсці планавыя абследаванні, шпіталізацыі, аперацыі, лячэнне хранічных захворванняў. А калі спатрэбіцца пазапланавае лячэнне, страхоўка гэтыя выдаткі не будзе пакрываць, і для чалавека гэта будзе дорага. Бяда нашай сістэмы аховы здароўя ў тым, што ў нас вельмі нізкі сацыяльны запыт на здаровы лад жыцця. Чалавек прыходзіць і кажа: «Вам трэба — вы мяне і абследуйце». Такія людзі нясуць вялікую нагрузку на сістэму, бо не сочаць за сваім здароўем. Ільвіная доля траўмаў, якія атрымліваюць дарослыя, з’яўляецца праз стан алкагольнага ап’янення. У нас дзяржава зарабляе грошы на продажы алкаголю і выдаткоўвае вялікія сумы на медыцынскае абслугоўванне наступстваў яго злоўжывання.

Скараціць штат упраўленцаў

У нас занадта раздзьмутыя штаты ўпраўленцаў. Апроч Міністэрства аховы здароўя, у кожным абласным цэнтры ёсць упраўленні аховы здароўя, якія нічым, апроч кантролю і перапісвання пратаколаў і загадаў міністэрства, не займаюцца. Гэтыя функцыі ў іншых краінах выконваюць страхавыя кампаніі.
Кіраўнікі ўстаноў аховы здароўя на месцах звязаныя па руках і нагах, ім не даюць прымаць рашэнні, сыходзячы з сітуацыі ў канкрэтным раёне і ўстанове. Усе кіраўнікі першага звяна чакаюць адмашкі, як трэба рабіць.


Што да фінансавання ўстаноў аховы здароўя, то грошы павінны быць на руках у галоўнага ўрача. Уласна, так яно і ёсць, але кіраўнік вельмі абмежаваны: ён не можа перавесці грошы з аднаго артыкула выдаткаў у іншы. Міністэрства аховы здароўя, як і абласныя органы, адарваныя ад рэальнага становішча рэчаў.

Постдыпломная адукацыя і тэхналагічнае забеспячэнне

Як і паўсюль, у нас ёсць 6 гадоў вучобы, потым 2 гады інтэрнатуры — і хірург можа ісці і рабіць аперацыі людзям. Гэта не зусім правільна. Неабходна ўвесці постдыпломную адукацыю ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Беларусь умоўна з’яўляецца членам Балонскага працэсу. Гэтую працу трэба актывізаваць, ладзіць абмен студэнтамі, гэта будзе спрыяць развіццю галіны. Бо пасля распаду СССР медыцына стала «варыцца ва ўласным соку». Вядома, ёсць людзі, якіх камандзіруюць за мяжу, але калі ўдзельнічаеш у міжнародных канферэнцыях, часам складваецца ўражанне, што большасць нашых дакладаў адарваныя гадоў на 25 — 30 нават у параўнанні нават з той жа Расіяй. Мы вельмі моцна адстаём.


Уся медыцына ўпіраецца ў развіццё тэхналогій. І вельмі бачная розніца паміж прыватнымі і дзяржаўнымі ўстановамі аховы здароўя. У прыватных ёсць усё тое, што цяпер у сусветных трэндах. У дзяржаўных жа ўстановах існуе сістэма дзяржзакупак і тэндараў, і выйграе не лепшае, а тое, што больш даступнае па грашах. Але гэта няправільна, звычайна добрае танным не бывае. А абласныя ўстановы, за выключэннем Мінска і Мінскай вобласці, атрымліваюць фінансаванне па рэшткавым прынцыпе.
Што засталося ў нас добрага — гэта органы санітарна-эпідэміялагічнага нагляду, іх трэба захаваць.

Стаўленне да медыцыны трэба мяняць

У грамадстве неабходна фарміраваць запыт на атрыманне якаснай медыцынскай дапамогі. Прэстыж медыцынскага работніка ў нас дзесяцігоддзямі ўтоптвалі ў бруд. Павышэнне сацыяльнай ацэнкі ролі ўрача будзе фарміравацца не так хутка. Наша праца павінна ацэньвацца па заслугах не толькі тымі, каго мы лечым, але і дзяржавай.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Трэба адыходзіць ад кантрактнай сістэмы, гэта сапраўдны біч. Няўгодныя, якія патрабуюць таго, што неабходна, становяцца на вастрыі і першымі сыходзяць па заканчэнні кантракта. Гэта прымушае многіх дактароў проста сядзець, атрымліваць свой заробак і маўчаць. Дактары абсалютна бяспраўныя.
Неабходна мяняць стаўленне да медыцыны на перыферыі. Сельскае насельніцтва скарачаецца, закрываюцца ўстановы. Атрымліваецца, што працаваць камусьці трэба, але застаецца ўсяго палова стаўкі — гэта нішто. Таму людзі з’язджаюць туды, дзе можна неяк уладкавацца. Альбо, скажам, у тэрапеўтычным аддзяленні нарматыў нагрузкі на аднаго ўрача ў сярэднім 25 пацыентаў. Але калі гэта аддзяленне хірургічнага профілю, то адзін урач там не можа працаваць, ён не можа адзін рабіць аперацыі. І хоць шмат гадоў ужо гаворыцца пра неабходнасць скарачэння нагрузкі на дактароў у раёнах, скарачэнне коечнага фонду немінуча цягне за сабой хіба што скарачэнне ставак. А калі паглядзець нарматывы, на прыёме ўрач можа выдзеліць для пацыента ўсяго 6 хвілін — з аглядам і афармленнем дакументаў. Неабходна змяншаць нагрузку на персанал.
У трэндзе паўсюль цяпер урачы агульнай практыкі. Для таго, каб імі стаць, усе ўчастковыя дактары прайшлі 4-месячныя курсы, дзе навучаліся і амбулаторнай хірургіі, і лячэнню лор-захворванняў, і захворванняў вачэй…
Дзяржава выдаткавала шмат грошай, але мы маем толькі змену шыльдаў на дзвярах, дзе замест «участковага тэрапеўта» пазначана «ўрач агульнай практыкі». Аднак ва ўрача агульнай практыкі няма неабходнага абсталявання ў кабінеце, а толькі крэсла, стол, камп’ютар і куча папер.
Але ўсё ўпіраецца ў хранічнае недафінансаванне сістэмы аховы здароўя.