Як знікаюць вёскі Гомельшчыны: у месяц улады зносяць і закопваюць амаль 100 дамоў

Сумная ілюстрацыя жыцця ў сельскай мясцовасці: звыш 870 пустуючых дамоў знеслі на сяле ў Гомельскай вобласці ў першыя 9 месяцаў 2021 года. На месцы знесеных дамоў расхінаюць землі, залучаючы іх у сельгасабарот — і так ад былых «сямейных гнёздаў» не застаецца і следу.

homel_zabudova.jpg

Тэму паднялі на нядаўняй апаратнай нарадзе ў аблвыканкаме. Як піша па яго выніках дзяржаўная прэса, начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС аблвыканкама Дзмітрый Руткоўскі распавёў, што за 9 месяцаў гэтага года ў рэгіёне знесена 873 дамы. А плошча зямель, якую ўцягнулі ў абарот пасля ліквідацыі былога жылля, склала амаль 1 тыс. га.
Выходзіць, што ў сярэднім за месяц у Гомельскай вобласці зносяць 97 дамоў. Руткоўскі дадаў, у рэгіёне вызначаны пералікі населеных пунктаў, у якіх можна праводзіць працу па адчужэнні старых і пустуючых дамоў як шляхам аўкцыёну, так і без яго. Рэестры такіх дамоў у сельскай мясцовасці размяшчаюць на сайтах гар- і райвыканкамаў. На 1 кастрычніка ў Гомельскай вобласці ў рэестры былі ўключаныя звыш 3,5 тыс. старых і пустуючых дамоў. Старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей на нарадзе заявіў, што «праца і са старым жыллём, і па стварэнні рэестраў павінна актыўна працягвацца».
Дарэчы, у 2019 годзе ў рэгіёне зносілі яшчэ больш пустуючых дамоў — толькі за першых 8 месяцаў года тады закапалі 1132 дамы.
Такім чынам, вёскі працягваюць выміраць — на гэта ўплываюць як працэсы ўрбанізацыі, так і немагчымасць жыць у выдаленні ад гарадоў і населеных пунктаў з буйнымі сельгаспрадпрыемствамі. Таксама знікае і сацыяльная інфраструктура не толькі ў маленькіх вёсках, але і так званых «аграгарадках» – там з аўкцыёнаў распрадаюць будынкі дзіцячых садкоў, школ, Дамоў культуры, лазняў, бібліятэк.