Як палітвязні пратэстуюць за кратамі
Адзіны інструмент, з дапамогай якога палітзняволеныя могуць заявіць пратэст у палоне рэжыму, — гэта ўласнае цела. Людзі галадаюць, рэжуць вены, глытаюць металічныя прадметы — і гэта адзіны магчымы спосаб дамагчыся хоць нейкіх сваіх правоў.
У зняволенні асуджаныя ідуць на крайнія меры: галадаюць, рэжуць вены і нават глытаюць лязо. «Медыязона» расказвае, як палітвязні спрабуюць адстаяць свае правы, знаходзячыся ў калоніі, ізалятары і нават у судзе.
Абвяшчаюць галадоўкі
У 2021 годзе ў ізалятары на Акрэсціна ў двухмеснай камеры галадалі адразу 10 дзяўчат. Так яны выступілі супраць здзеклівых умоў утрымання — у іх забралі ўсе асабістыя рэчы, не выдавалі мыла і туалетную паперу, вылівалі на падлогу раствор хлоркі.
Экс-палітвязень Зміцер Фурманаў у тым жа годзе абвясціў пра пачатак галадоўкі на судовым пасяджэнні. Ён пайшоў на гэтую меру праз тое, што ў СІЗА яго змясцілі ў карцар і выводзілі з камеры толькі ў кайданках. На знак салідарнасці пад сценамі «Валадаркі» пра галадоўку абвясцілі дзяўчына і мама Фурманава.
За гэты час пяцідзённай галадоўкі прадстаўнікі адміністрацыі некалькі разоў размаўлялі з палітвязнем. Яму патлумачылі, што кайданкі на яго апранаюць з-за прафуліку, на які яго паставілі як «схільнага да захопу закладнікаў».
Пасля прад'яўлення другога абвінавачання ў жодзінскім СІЗА 42 дні галадаў блогер Ігар Лосік.
«Я абвясціў галадоўку, таму што ў мяне больш не засталося ніякай магчымасці паўплываць на неабгрунтаваныя абвінавачанні і маё неправамернае знаходжанне пад вартай. Я несправядліва пазбаўлены волі і магчымасці ўбачыць сваю сям'ю. Паўгода я ўжо прасядзеў у турме па абсурдным абвінавачанні ў злачынстве, для здзяйснення якога я павінен быў бы скарыстацца тэлепортам. У мяне было і ёсць алібі, але следства гэта паўгода ігнаравала», — пісаў Лосік у 2021 годзе.
Праз дрэнныя ўмовы ўтрымання галадала ў ізалятары актывістка і заснавальніца «Радзіславы» Вольга Гарбунова. Яна не прымала ежу больш за 10 дзён. У жаночай ПК-4 пасля збіцця трымала галадоўку палітзняволеная Вікторыя Кульша. Падчас галадовак у яе абвастрыліся праблемы з сэрцам.
Некалькі разоў у магілёўскай турме адмаўляўся ад прыёму ежы анархіст Мікіта Емяльянаў. Спачатку ён галадаў праз тое, што яму адмовілі ў сустрэчы з ксяндзом, яшчэ адзін раз — на знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі турмы: яго адпраўлялі ў ШІЗА і блакавалі перапіску.
Рэжуць вены
Асуджаны на 8,5 гадоў калоніі Сцяпан Латыпаў падчас суду ўваткнуў сабе ў горла ручку. Перад гэтым ён сказаў: «ГУБАЗ паабяцаў, што калі я не прызнаю віну, то будуць крымінальныя справы супраць родных і суседзяў».
У калоніі Латыпаў ускрываў вены з-за блакавання перапіскі і таго, што яму пагражала адпраўка ў ПКТ. У выніку актывіст апынуўся ў Івацэвіцкай бальніцы, на парэзаную руку наклалі швы.
Праз катаванні холадам у ШІЗА ўскрываў вены палітвязень з Брэста Аляксандр Кабанаў. У пастаянным холадзе ў штрафным ізалятары немагчыма было нават спаць.
«А на праверку да цябе прыходзіць начальнік у целагрэйцы, з гарачай кавай дымлівай, і кажа: "А ў цябе тут зусім і не холадна, проста свежа". А ты ўжо не першы дзень у гэтай камеры і проста трасешся ад холаду».
Кабанава адвезлі ў бальніцу, дзе «зашывалі» больш за чатыры гадзіны. На абедзве рукі, паводле слоў Кабанава, яму наклалі 68 швоў.
Яго сябар Сяргей Пятрухін таксама ўскрываў вены ў калоніі. Яго перавялі ў камеру з чалавекам, асуджаным за згвалтаванне непаўналетняй. Так Пятрухін дамогся пераводу — праўда, не ў іншую камеру, а ў карцар.
Палітвязень Уладзіслаў Паўлінковіч ускрываў вены пасля месяца ў барысаўскім ІЧУ. Яго адправілі туды з «хіміі», і зняволены не ведаў, ці вернуць яго назад у ПУАТ або зробяць больш жорсткім рэжым.
Глытаюць металічныя прадметы
З-за блакавання перапіскі і пераводу ў ПКТ Сцяпан Латыпаў пайшоў і на іншую крайнюю меру — праглынуў лязо. Палітвязня агледзелі ў Івацэвіцкай бальніцы — аказалася, што лязо не пашкодзіла ўнутраныя органы.
Палітвязень Арцём Анішчук, асуджаны на два гады пазбаўлення волі, глытаў у калоніі металічныя прадметы, каб спыніць «фізічны і псіхалагічны ціск» з боку адміністрацыі . У калонію прыязджала пракуратура: паводле сцвярджэння Генпракуратуры, правяраючаму Анішчук сказаў, што глытаў прадметы, бо «проста хацеў трапіць у медыцынскую частку».
Былы міліцыянт і палітвязень Дзмітрый Кулакоўскі глытаў металічныя прадметы ў ІЧУ на знак пратэсту падчас свайго першага затрымання, калі яму прызначылі 12 сутак арышту за непадпарадкаванне міліцыі.
Дапамагаюць іншым
Праваабаронца Леанід Судаленка не пісаў у калоніі скаргі, бо лічыў, што ў яго выпадку гэта бессэнсоўна, але дапамагаў з такімі дакументамі іншым асуджаным.
«Дапамагаў, кансультаваў няшмат. Бо там у людзей шмат пытанняў узнікае: скаргі, у кагосьці маёмасць няправільна апісалі і гэтак далей. Там ёсць людзі, якім проста ўзровень адукацыі не дазваляе зрабіць гэта самім, яны проста не ведаюць як», — расказваў ён.
Збіраў скаргі ад асуджаных у ЛПП і палітвязень Віталь Жук. Падчас спаткання з сям'ёй ён перадаў сабраныя паперы жонцы, каб яна апублічыла іх ці перадала ў вышэйстаячыя інстанцыі. На выхадзе з ЛПП у жанчыны знайшлі гэтыя дакументы і не выпускалі з дворыка ўстановы, пакуль яна не аддасць іх, расказаў Жук «Медыязоне».
Віталь аб'яўляў галадоўку і нічога не еў трое сутак, таму што пасля гэтай сітуацыі яго змясцілі ў штрафны ізалятар і ён да апошняга нічога не ведаў пра лёс жонкі і дачкі.
Адмаўляюцца ад грамадзянства
У траўні 2023 года палітзняволеная актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк напісала заяву на выхад з грамадзянства, бо «больш не хоча мець нічога агульнага з рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах».
«Паліна перастае ўважаць сабе падуладнай усялякім законам акупацыйнай улады і адмаўляецца выконваць усе патрабаванні. Таксама Паліна цалкам адмаўляецца падпарадкоўвацца адміністрацыі калоніі, суду і іншым сілавым структурам. Паліна падкрэслівае, што застаецца беларускай і патрыёткай сваёй Радзімы — Беларусі і будзе да канца жыцця змагацца за яе свабоду», — расказваў яе муж Андрэй Шарэнда.
Вядома, што пасля гэтага палітзняволеную накіравалі на судова-псіхіятрычную экспертызу.