Як мінчук будаваў школу для дзяцей у Непале
Кожны раз з пачаткам сезону адпачынкаў і вандровак мы задумваемся пра тое, як і дзе мы будзем бавіць свой час. Хтосьці шукае экзотыкі, хтосьці камфорту, а хтосьці і чаго большага. Калі вы яшчэ не вызначыліся, дазвольце пазнаёміць вас з Барысам, які замест адпачынку мусіў... працаваць. Але — у Непале.
Барысу 28 гадоў, жыве ён у Мінску, і вандроўкі — адно з яго галоўных захапленняў. Ён з задавальненнем дзеліцца ўражаннямі пра сваё апошняе незвычайнае падарожжа. Магчыма, ягоны прыклад стане для вас добрай парадай.
Незвычайная прапанова
Аднойчы ў Барыса з яго жонкай Вольгай узнікла думка правесці адпачынак незвычайна. Яны пачалі шукаць у інтэрнэце сайты, якія б прапаноўвалі штосьці ўнікальнае. Выпадкова патрапілі на інфармацыю пра валанцёрскія праграмы, і вырашылі, што варта паспрабаваць паўдзельнічаць. Самыя актуальныя і цікавыя прапановы, якія яны знайші праз гугл-пошук, былі на сайце All hands and hearts — амерыканскай праграмы, якая здзяйсняе валанцёрскую працу пасля катастроф па ўсім свеце.
«Нам на выбар былі і Пуэрта-Рыка, і Дамініканская рэспубліка пасля ўрагану, ЗША, Непал пасля землятрусу і іншае. Мы абралі Непал, бо палічылі гэтае месца цікавым і даволі экзатычным. У гэтай высакагорнай краіне моцны землятрус адбыўся яшчэ ў 2015 годзе. Працы па ліквідацыі наступстваў катастрофы вяліся ад самага пачатку і завалы разабралі даўно. Але дапамога ўсё адно патрэбная, бо Непал — вельмі бедная краіна, і аднавіць гаспадарку цалкам не з’яўляецца магчымым. Да таго ж, зусім нядаўна там скончылася грамадзянская вайна. Апошнія ўзброеныя сутычкі паміж радыкальнымі мааістамі і нацыянальнымі войскамі былі ў 2011 годзе. Праз гэта рэзка скарацілася колькасьць турыстаў, а турызм — адзін з асноўных крыніц прыбытку дзяржавы».
Патрабаванні да валанцёраў
«Патрабаваннямі для жадаючых прыняць удзел у валанцёрстве былі сціплымі: мінімальны ўзровень англійскай мовы і навыкі працы з будаўнічымі інструментамі. Здаецца, любы беларускі хлопец майго ўзросту ўжо большасць такіх інструментаў трымаў у руках, таму праблемы я не бачыў. Па сутнасці, там трэба былі падсобнікі на будоўлю.
Авіяквіткі аплочваць трэба было самастойна. У два бакі яны абыйшліся мне прыкладна ў 500 долараў. Я б не сказаў, што гэта шмат для такой адлегласці. Грошай не шкадую. Калі б паляцеў туды як турыст, то аплочваў бы яшчэ жытло і харчаванне. Дый не факт, што мне было б там так цікава ўвесь гэты час, як праз такую «місію». Гэта дакладна запомніцца».
Аб’ектаў для працы валанцёраў у Непале шмат. Асабліва ў маленькіх горных вёсках. Каманда, дзе працаваў Барыс, займалася будаўніцтвам школы ў вёске Калікасаран. Там мала жыхароў, але ёсць дзеці, якія маюць патрэбу ў школе. Ранейшая школа была да падмурка зруйнавана землятрусам. Таму задачай валанцёраў было пабудаваць новы сейсматрывалы будынак. Працы распачаліся ў верасні 2017-га, а Барыс трапіў ужо на апошні этап будаўніцтва і заспеў здачу аб’екта.
Каманда Барыса
Каманда, ў якой працаваў Барыс, налічвала прыкладна 50 чалавек 20-ці розных нацыянальнасцяў. У асноўным гэта моладзь. Дзяўчын нават было крыху больш за хлопцаў, нягледзячы на спецыфіку працы.
«Палова валанцёраў прыехалі туды, як і мы з жонкаю, — за прыгодамі. Астатнія былі, так бы мовіць, сапраўды «ідэйнымі», якія пастаянна ездзяць у розныя куткі свету дапамагаць людзям. Былі канешне і тыя, каму проста рабіць няма чаго, але такіх былі адзінкі».
«Жылі мы ў намётах. Кожны прывозіў свой намёт, але калі б хто яго не ўзяў ці забыўся, то гэта не стала праблемай. Часта здаралася, што валанцёры з’язджалі і пакідалі там свае намёты сабранымі разам з неабходнымі рэчамі».
Што запомнілася
«Эканамічна Непал вельмі залежыць ад суседкі Індыі. Большая частка ўсяго, што можна знайсці ў продажы ў Непале, індыйскага вырабніцтва».
«Усё ў працы было вельмі добра арганізавана і прадугледжана. Нават дробязі ўлічваліся. Напрыклад, меліся «санітайзеры» — спецыяльныя аэразолі для дэзынфекцыі рук, якія, дарэчы, таксама вырабляюць у Індыі. Кожную раніцу ладзіўся «мітынг» — планёрка. На ім кожны казаў, што і дзе будзе рабіць, агучваліся пажаданні. Штодня назначаліся «хаўс-кіперамі» два чалавекі, якія не ішлі працаваць. Яны вырашалі побытавыя патрэбы каманды: прыбіралі, гатавалі ежу, мылі посуд…»
Цікава адзначыць, што ўсе валанцёры падпісвалі дамову ў якой асобнай графой значыўся пункт па недапушчальнасць сэксуальных дамаганняў. Але ўсё адно знайшліся два хлопцы, якіх на трэці дзень выкінулі з праекта па гэтай прычыне.
Англійскую мову там ведаюць амаль усе непальцы. Дый сярод валанцёраў гэта быў асноўны сродак камунікацыі. Але ў мяне англійскя мова слабая. Я там размаўляў з італійкай, якая таксама слаба ведала англійскую, таму мы добра разумелі адзін аднаго (смяецца). Што дзіўна, яе звалі Алеся. Хто б мог падумаць, але гэтае імя даволі распаўсюджанае ў Італіі».
Пра адметны дарожны рух
«У іх, канешне, дзейнічаюць правілы дарожнага руху, але ездзяць непальцы, як ім хочацца. Свае дзіўныя манеўры загадзя азначаюць гучным сігналам. Што цікава, ездзяць усе не хутка і сігналяць, таму не заўважыць аўто нерэальна. Там вельмі рэдкія выпадкі ДТЗ. Хутка ездзяць, мабыць, толькі таксісты і то ўначы, калі на дарозе пуста».
Пра ежу
«У тамтэйшых крамах я зусім не бачыў лядоўняў. Усе прадукты харчавання, якія мне сустракаліся, разлічаныя на нядоўгі тэрмін захоўвання. Мяса там можна знайсці на кірмашах, але ў мяне ўзнікала пытанне яго свежасці. Бо ляжала яно проста да кучы ў нейкіх пластыкавых тазіках, нічым не прыкрытае».
Пра непальскую дабрыню
«Гэтай вясной у Непале святкавалі новы 2075 год па мясцовым календары. Непальцы ў святочны дзень былі расфарбаваныя, цікава апранутыя, і самае прыемнае — мора ўсмешак. Праз аднаго ўсе усміхаюцца. Нашыя людзі на Новы год столькі не ўсміхаюцца. Вельмі адкрыты і добры народ. Увогуле, атмасфера там больш душэўная. Жывуць небагата, але больш шчыра радуюцца жыццю, чым беларусы.
Непальцы вельмі любяць турыстаў і заўсёды вітаюцца. Мне распавядалі, што падчас вайны, калі ў зону баявых дзеянняў выпадкова траплялі турысты, то нават паўстанцы адводзілі іх у бяспечнае месца. І за ўвесь час канфлікту, ніводзін турыст не пацярпеў».
Свята на ўрачыстым адкрыцці школы. Фота Барыса Барысава
Можна пагадзіцца, што адпачынак у Барыса прайшоў, як ён таго і жадаў, незвычайна. Вядома, кожны абірае свой фармат таго, як яму бавіць час. Галоўным задавальненнем для нашага героя стала спалучынне вандроўкі і добрай карыснай справы. На развітанне Барыс прамовіў:
«Я пажадаю ўсім часцей шукаць магчымасці для бескарыснай дапамогі іншым людзям. Нават невялікія намаганні здольныя ашчаслівіць многіх. Праз гэтую паездку я зразумеў, наколькі гэта бывае простым. Людзям часта бракуе ўвагі да праблемаў, якія вырашаюцца прасцей, чым здаецца. Невялікія грошы, якія выдаткаваныя на маленькую вясковую школу — кроплі, ў параўнанні з вайсковымі выдаткамі дзяржаў, безсэнсоўнымі марнаваннямі па сваёй сутнасці».