Як цяпер выглядаюць месцы размяшчэння ядзернай зброі СССР на тэрыторыі Беларусі?
Сёння, выступаючы з пасланнем да народа і парламента, Лукашэнка заявіў, што падарваў не ўсе пускавыя шахты стратэгічных ядзерных узбраенняў, якія размяшчаліся ў Беларусі з часоў СССР. І нібыта аддаў загад узнавіць іх. Але ці ёсць што ўзнаўляць насамрэч?
Тэлеграм-канал журналіста, да якога ўсе звярталіся па дапамогу, а цяпер прызнаны «экстрэмісцкім», здзейсніў вандроўку па месцах баявой ядзернай славы СССР у Беларусі. Журналісты паглядзелі, як сёння выглядаюць вайсковыя аб’екты часоў «халоднай вайны», дзе ў СССР базіравалася ядзерная зброя.
Колькі было зброі?
Пачнём з таго, што ў 1960-х у Беларусі знаходзіліся чатыры ракетныя дывізіі: у Пружанах, Паставах, Мазыры і Лідзе, на ўзбраенні якіх былі ракеты Р-12, Р-14 і РСД-10 мабільнага і шахтавага базіравання. Некаторыя сілы гэтых дывізій былі размешчаны таксама ў Смаргонскім, Дзяржынскім, Дзятлаўскім і Слонімскім раёнах.
Згодна з адкрытымі крыніцамі, на момант распаду СССР Беларусь была восьмай краінай у свеце па запасах ядзернай зброі, а агульная колькасць боезарадаў складала 1120:
- 125 — у войсках СПА;
- 270 — у сухапутных войсках;
- 575 — у далёкай авіяцыі;
- 150 — у авіяцыі ВМФ.
Акрамя таго, на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся два шахтавыя пускавыя комплексы. Першы засакрэчаны аб’ект базіраваўся ў Пастаўскім раёне і абсталёўваўся ракетамі Р-12У — шахтавая пускавая ўстаноўка «Дзвіна». Другі знаходзіўся недалёка ад Смаргоні і быў зараджаны ракетамі Р-14У — шахтавая пускавая ўстаноўка «Чусавая». Аднак ядзерныя боегалоўкі размяшчаліся не толькі ў шахтавых пускавых устаноўках (ШПУ), агулам у 1960-1996 гадах у Беларусі было не менш за 33 лакацыі ядзернай зброі.
Гісторыя размяшчэння савецкай ядзернай зброі ў Беларусі падышла да канца толькі ў 1996 годзе згодна з Дамовай аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, а дакладней 27 лістапада 1996 года, калі з чыгуначнай станцыі Яцукі, што недалёка ад Ліды, пад марш «Развітанне славянкі» ў Расію быў адпраўлены апошні эшалон з міжкантынентальнымі балістычнымі ракетамі РС-12М «Таполя».
У абмен на гэта Вялікабрытанія, Расія і ЗША далі Беларусі гарантыі бяспекі, замацаваныя Будапешцкім мемарандумам. Дарэчы, Лукашэнка на цырымонію вывазу ядзернай зброі з Беларусі не прыехаў, але на архіўных кадрах можна заўважыць маладога Віктара Шэймана.
Дык як жа зараз выглядаюць аб’екты халоднай вайны?
Шахтавая пускавая ўстаноўка «Дзвіна»
Адна з дзвюх шахтавых пускавых установак ЯЗ на тэрыторыі БССР знаходзілася на тэрыторыі 346-га ракетнага палка 32-й ракетнай дывізіі РВСП у раёне в. Курсевічы (Пастаўскі раён, Віцебская вобласць).
Гэты комплекс стаў на баявое дзяжурства 12 снежня 1964 года. Там знаходзіліся чатыры ракетныя шахты, кожная з якіх складалася са знешняга бетоннага цыліндра (ствала шахты) глыбінёй 30 метраў і шырынёй 7 метраў.
Як і амаль усе аб’екты ў сённяшнім аглядзе, гэты комплекс даўно разрабаваны і затоплены, а абсталяванне і металічныя дэталі зрэзаны.
Шахтавая пускавая ўстаноўка «Чусавая»
Гэта ўжо 428-ты ракетны полк 32-й ракетнай дывізіі РВСП. Знаходзіўся комплекс каля в. Слабсны (Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць). Там было тры шахтавыя пускавыя ўстаноўкі з ракетамі 8К65У ракетнага комплексу Р-14У, які паступіў на ўзбраенне СССР у 1964 годзе.
У адрозненне ад ШПУ «Дзвіна», гэты комплекс захаваўся крыху лепш. Напрыклад, там ёсць ахоўныя вечкі шахтаў, якія адчыняліся пры дапамозе дамкратаў і рэйкавай накіравальнай сістэмы.
Таксама на тэрыторыі комплексу захавалася зала для газавых балонаў з азотам і кіслародам і барабан тросавага прывада з рэдуктарам механізма адкрыцця ахоўнага прыстасавання ШПУ.
56-ы полк РВСП
Размяшчаўся ён у раёне вескі Шарашова (Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць). Раней там знаходзіліся ўкрыцці, стартавыя пляцоўкі, сховішчы, камандныя пункты, вузлы сувязі і адміністрацыйныя будынкі, пабудаваныя ў 1960-х.
На баявое дзяжурства гэты полк заступіў 1 студзеня 1962 года ў складзе двух дывізіёнаў, у кожным з якіх знаходзіліся па 4 пускавыя ўстаноўкі ўжо згаданых ракет Р-12. Адначасова са стварэннем палка была сфарміравана і рамонтна-тэхнічная база для захоўвання і абслугоўвання ядзерных боегаловак.
Цяпер ад вайсковага мястэчка захаваўся толькі штаб — невялікая двухпавярховая цагляная пабудова. Побач з ім знаходзіцца кольцападобнае сховішча, якое прызначалася для супрацьхімічнай і радыяцыйнай хованкі.
Захаваліся таксама самі пускавыя пляцоўкі з металічнай асновай, на якую ўстанаўліваўся і замацоўваўся стартавы стол ракеты Р-12.
403-і полк РВСП
Гэты ракетны полк таксама меў на ўзбраенні балістычныя ракеты сярэдняй далёкасці Р-12 ракетнага комплексу 8К63. Знаходзіўся ён у г.п. Ружаны (Пружанскі раён, Брэсцкая вобласць), а дакладней у лясах на паўднёвы захад ад Ружанаў.
На тэрыторыі баявой зоны палка знаходзілася рамонтна-тэхнічная база — сховішча ядзерных боегаловак балістычных ракет, дзе частка абʼектаў захавалася. А вось жылая зона цалкам знесена.
Захавалася металічная аснова, на якую ўсталёўваўся і замацоўваўся стартавы стол ракеты Р-12, што ўмуроўваўся ў бетоннае пакрыццё.
Цэнтральная база захоўвання ядзернай зброі «Гомель-30»
Для Беларусі гэта ўнікальны абʼект, своеасаблівы галоўны склад ядзернай зброі ў БССР. Усяго ж да 1990 года ў СССР і яго сатэлітах налічвалася больш за 20 цэнтральных баз захоўвання ЯЗ. Беларуская знаходзілася ў Гомельскай вобласці, недалёка ад в. Валадарск. Дарэчы, сёння да ЦБЗ ЯЗ прымыкае жаночая ВК-24.
Яе будаўніцтва, як і многіх іншых абʼектаў ЯЗ на тэрыторыі Беларусі, пачалося ў 60-я гады XX стагоддзя. ЦБЗ уяўляе сабой вялізны комплекс збудаванняў, які ўключаў у сябе перш за ўсё перыметр тэхнічнай зоны, дзе знаходзіліся сховішчы ядзернай зброі, чыгуначная станцыя, аўтапарк і ваенны гарадок.
Характэрна, што кожнае сховішча ЦБЗ было ізалявана ад іншых і ў ім захоўваліся ядзерныя боепрыпасы шасці тыпаў:
- ЯБП ВПС — авіяцыйныя бомбы і баявыя часткі крылатых ракет авіяцыйнага базіравання;
- ЯБП РВіА СВ — баявыя часткі тактычных і аператыўна-тактычных ракет і артылерыйскія снарады;
- ЯБП РВСП — баявыя часткі і баявыя блокі ракет;
- ЯБП ВМФ — баявыя часткі і баявыя блокі ракет марскога базіравання і берагавых ракетных комплексаў, баявыя часткі супрацькарабельных і супрацьлодкавых ракет, баявыя зарадныя аддзяленні і баявыя часткі тарпед і ракет-тарпед, якарныя і донныя міны, артылерыйскія снарады берагавой артылерыі, глыбінныя бомбы, авіяцыйныя бомбы, якія «ныраюць»;
- ЯБП СПА — баявыя часткі ракет СПА;
- ЯБП інжынерных войскаў — стацыянарныя і пераносныя інжынерныя міны.
У сваю чаргу кожнае сховішча можна ўмоўна падзяліць на тры часткі: цэнтральную залу для работ з часткамі ядзерных боепрыпасаў, тэхнічныя дапаможныя памяшканні жыццезабеспячэння комплексу і непасрэдна залы захоўвання.
Да галоўнай залы прымыкаюць 8 адсекаў для захоўвання ЯЗ, у кожны з якіх вядуць рэйкі для каляскі грузападымальнасцю да 10 тон.
Цікава таксама, што па дыяганалі да адсекаў знаходзяцца разваротныя кругі, якія дазваляюць павярнуць тачку ў неабходны адсек.
У адрозненне ад іншых збудаванняў халоднай вайны, дадзены комплекс, прынамсі, па стане на 2014-15 гады, быў у значна лепшым стане. Як мінімум нельга сказаць, што на той момант ён быў цалкам разрабаваны, вялікая колькасць абсталявання была на сваім месцы. Аднак невядома, наколькі працаздольнае яно было ўжо тады, не кажучы пра сёння.