IT-кампанію палітвязня выключылі з ПВТ
Як паведамляе dev.by, кампанія "Тэхнакратыя", якую ўзначальвае палітвязень Дзмітрый Канапелька, больш не ўваходзіць у ПВТ. Кампаніі няма ў спісах рэзідэнтаў Парку.
Мінскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю па справе дырэктара ІТ-кампаніі "Тэхнакратыя" Дзмітрыя Канапелькі. Рашэнне суддзі Маскоўскага раёна Мінгарсуд пакінуў без зменаў, паведаміў dev.by адвакат Дзмітрыя.
Нагадаем, у чэрвені суд Маскоўскага раёна прысудзіў Дзмітрыя Канапельку і яшчэ трох фігурантаў справы "аб лазерных указках" да 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Усіх прызналі вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках.
У справе было чацвёра абвінавачаных: Дзмітрый Канапелька (дырэктар "Тэхнакратыі"), Ігар Ярмолаў (ІП, настаўнік школы танцаў), Мікалай Сасеў (беспрацоўны) і Улад Карэцкі (асвятляльнік "Беларусьфільма").Іх абвінавачвалі па арт. 293 КК РБ "Масавыя беспарадкі". А менавіта: падрыхтоўка да згаданага злачынства (ч. 1. арт. 13, ч. 2. 293) і "навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца здзяйсненнем гвалту над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады" (ч.3 арт. 293).
Абвінавачванне датычыць падзей 9-12 жніўня мінулага года. Кожны з чацвярых, на думку дзяржабвінаваўцы "меў намер асабіста ўдзельнічаць у масавых беспарадках, часткова падаў неўстаноўленым асобам з ліку ўдзельнікаў масавых беспарадкаў у мэтах прымянення названыя вышэй прадметы". Прадметы — гэта "два малатка слясарных, не менш за 90 лазерных указак, не менш двух запальніц, не менш двух піратэхнічных вырабаў".
Ні адзін з чатырох віны не прызнаў.
Таксама dev.by стала вядома, што ААТ "Тэхнакратыя", якую ўзначальвае палітвязень Дзмітрый Канапелька, больш не ўваходзіць у ПВТ. Кампаніі няма ў спісах рэзідэнтаў Парку. Паводле інфармацыі выдання, Дзмітрый Канапелька не ініцыяваў выхад кампаніі з ПВТ.
Вы можаце падтрымаць Дзмітрыя Канапельку лістамі: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А. Дзмітрый Васільевіч Канапелька.