Ісці на праўладны мітынг ці звольняць. Як прымушаюць «проста пастаяць» пад чырвона-зялёным сцягам

У рэдакцыю TUT.BY даслалі аўдыёзапіс са сходу, які адбыўся ў адным са сталічных дзіцячых садкоў. На запісе чуваць, як людзей угаворваюць пайсці на праўладныя мітынгі ў суботу і нядзелю. Нязгодным прыйсці пагражаюць звальненнем.



Праўладная акцыя 16 жніўня. Фота Сяргея Пульшы

Праўладная акцыя 16 жніўня. Фота Сяргея Пульшы

У рэдакцыю TUT.BY даслалі аўдыёзапіс са сходу, які адбыўся ў адным са сталічных дзіцячых садкоў. На запісе чуваць, як людзей угаворваюць пайсці на праўладныя мітынгі ў суботу і нядзелю. Нязгодным прыйсці пагражаюць звальненнем.

Гэткі прымус выклікаў у работнікаў буру эмоцый і абурэння.

TUT.BY паведамляе, што сам аўдыёзапіс не размяшчае, каб не прынесці праблемаў чалавеку, які яго зрабіў, але падрабязна перадае размову.

Аўдыёзапіс, як кажуць, зроблены ў мінскім дзіцячым садку № 39. На запісе называюцца людзі з такімі ж імёнамі і прозвішчамі, як і ў работнікаў гэтай установы (яны пазначаныя на сайце дзіцячага садка).

Да жанчыны, якая пераконвала людзей пайсці на мітынг, звярталіся як да Ларысы Станіславаўны. Гэта значыць, як да цёзкі загадчыцы садка.

Кілі меркаваць па аўдыёзапісе, Ларыса Станіславаўна пачала размову здалёк.

— Мы ўсе жывем у дзяржаве. Мы ўсе працуем у такой сферы, якая належыць да дзяржаўнай і сацыяльнай сферы. Зарплату атрымліваем адкуль? З бюджэту. Згодныя? Вялікі заробак, маленькі, падабаюцца ўмовы працы, не падабаюцца, але мы тут працуем. Напэўна, калі б кагосьці кардынальна не задавальняла тое, што ёсць, то вы б тут ужо не працавалі. На сённяшні дзень... я ў палітыку лезці не хачу, але проста так складваюцца абставіны. Ніякіх палітычных поглядаў я вам зараз не навязваю і не прапагандую. Каб вы проста правільна разумелі. Але калі мы працуем у адукацыі... тым, хто і далей хоча працаваць у гэтай сферы і бачыць сябе тут, трэба будзе ў суботу і ў нядзелю прысутнічаць на мітынгу. У АБАВЯЗКОВЫМ парадку.

Далей чутны жаночы голас, які гаворыць, што зраніцы ў пятніцу трэба падаць спісы тых, хто ідзе на мітынг, ва ўпраўленне адукацыі.

— І, адпаведна, хто не ідзе. Проста хачу вам сказаць адразу... яшчэ раз паўтараю — гэта не маё жаданне і не маё меркаванне, такое, якое я вам навязваю. Я проста кажу тое, што ёсць. Тым, хто не пойдзе на мітынг, на шэсце назавіце — гэта не крычаць, проста прайсці або пастаяць, я яшчэ сама не ведаю. Тыя, хто не пойдзе, будзьце гатовыя да таго, што рана ці позна вы тут працаваць не будзеце, — працягнула жанчына, да якой звяртаюцца як да Ларысы Станіславаўны.

Прысутныя ў пакоі засмяяліся.

— Тыя, хто атрымлівае заробак у адукацыі... — паспрабавала працягнуць жанчына, але людзі ўсё яшчэ смяяліся. — Гэта не смешна…

— Гэта смешна! — сказаў нехта з працаўнікоў. — Швабру і анучу ў мяне забяруць?

— Проста будзеце са швабрай і анучай працаваць дома, — патлумачыла выступоўца.

— Я магу хоць цяпер напісаць заяву на звальненне, госпадзі. Я ні туды не хаджу (маюцца на ўвазе апазіцыйныя мітынгі. — прым. рэд.), ні туды не пайду.

— А цяпер слухайце мяне, — строга сказала выступоўца. — Тыя, хто прынцыпова па сваіх палітычных поглядах, не ведаю якім яшчэ, супраць, падыдзіце да мяне і скажыце. Асабіста. Можаце і тут сказаць.

У гэты момант на запісе адразу некалькі работнікаў наперабой сталі казаць: "Я не пайду! Я таксама!».

— Ларыса Станіславаўна, — хтосьці звярнуўся да кіраўніцы-выступоўцы, але што ён казаў далей, разабраць складана, таму што паралельна абураюцца яшчэ некалькі чалавек.

Нехта спытаў, куды падзець дзяцей на час мітынгу. Маўляў, не браць жа іх з сабой.

— Я ні туды не хаджу, ні туды. Я сяджу дома, — паўтараў хтосьці з прысутных.

— Вы мяне правільна пачулі, што я спісы падаю ў кіраванне? — пацікавілася выступоўца.

Далей зноў складана разабраць, хто і што крычыць. Чутны нават мат. А потым хтосьці ляпнуў дзвярыма.

— Заклікалі ж <называецца дата. — Прым. рэд.> не выходзіць на працу, — сказала яшчэ адна з прысутных.

— Гэта не адукацыя і не дзяржава. Няма такога. Дзе вы такое прачыталі? — спытала жанчына, да якой звярталіся як да Ларысы Станіславаўны.

— Тыя, хто ў < называецца дзень тыдня. — Прым. рэд.> не прыйдуць на працу, будуць звольненыя за прагул.

— Так, а па якім артыкуле нас цяпер звольняць? Гэта наша канстытуцыйнае права. Пакажыце загад? На якой падставе мы павінны выйсці на гэты мітынг? — задаваў пытанні хтосьці з прысутных.

— А на якой падставе вы ходзіце на мітынгі... — хацела спытаць выступоўца пра паходы на маршы з бел-чырвона-белымі сцягамі, але яе перабілі.

— Гэта мой выхадны, куды хачу, туды і хаджу! — амаль крычала супрацоўніца ў адказ.

Людзі ў кабінеце паўтаралі, што нікуды ісці не хочуць. Хтосьці сказаў, што ў выхадныя збіраецца на дачу.

— Заробак вы хочаце атрымліваць? — спытала жанчына, да якой звярталіся як да Ларысы Станіславаўны.

— Давайце разбяромся. Мы зарплату атрымліваем з дзяржбюджэту, у які людзі плацяць падаходны падатак. Мы не з кішэні бюджэту атрымліваем. Мы жывем за падаходны падатак людзей, якія плацяць нам. Дык пры чым тут зарплата, што вы кажаце, што мы зарплату атрымліваем? — працягваў задаваць пытанні хтосьці з супрацоўнікаў.

— Ёсць дзяржаўная сацыяльная сфера, і ёсць вытворчасць, дзе вырабляюць і самі зарабляюць грошы. Мы не вытворчасць, мы самі грошы не зарабляем. Мы атрымліваем ад дзяржавы, — тлумачыла выступоўца. — Я нікога не палохаю, я папярэджваю.

— Во дажыліся, ужо змушаюць хадзіць на мітынг, — зазначыла адна з работніц з абурэннем у голасе.

— Мяне муж з хаты выганіць, калі я пайду куды-небудзь, — запярэчыў яшчэ хтосьці.

Кіраўніца-выступоўца пад абурэнне прысутных сказала нешта пра заявы. Што тыя, хто не пойдзе на мітынг, павінен напісаць іх і растлумачыць прычыну. Далей яна стала запісваць прозвішчы тых, хто ідзе і не ідзе.

 

Журналісты TUT.BY патэлефанавалі загадчыцы дзіцячага садка № 39 Мінска, каб удакладніць, ці быў іх у установе такі сход і ці сапраўды работнікаў, якія не пойдуць на мітынг, звольняць.

— Я па тэлефоне нічога каментаваць не буду, — сказала Ларыса Станіславаўна Пятровіч.

Яна прапанавала журналістам прыйсці да яе і пагутарыць асабіста ў прыёмны дзень.

Паводле tut.by