Інваліды-вазочнікі зладзілі гонкі па Мінску, відушчыя — прымерылі маскі сляпых

Удзень 25 снежня студэнты Тэатральнай лабараторыі Fortinbras пры Беларускім Свабодным тэатры ў літаральным сэнсе прымералі на сябе маскі сляпых.



slepye.jpg

svaboda.org

У працяг учорашняй акцыі вазочнікаў па Мінску прайшла калона відушчых, якія «асляпілі» сябе і паспрабавалі пажыць як людзі з інваліднасцю па зроку. Пасля людзі на інвалідных крэслах праехалі на хуткасць уздоўж праспекта Незалежнасці.

Каля мінскага кінатэатра «Кастрычнік» яны выклалі пластыкавымі бар’ерамі слова «Пабач» на шрыфце Брайля (шрыфт з выпуклых пунктаў, якім пішуцца кнігі для сляпых). Пасля яны надзелі маскі і ў дадатак завязалі сабе вочы. Калону «аслепленых» правёў па горадзе «правадыр».

Хіба не самымі цяжкімі перашкодамі для іх сталі звыклыя для відушчага справы: спусціцца ў падземны пераход, перайсці дарогу з «маўклівым» святлафорам. Мінакі рэагавалі на акцыю па-рознаму: хто казаў «чэрці», хто абыякава праходзіў міма, хто пытаў удзельнікаў акцыі пра калону і яе шлях.

Як сцвярджаюць арганізатары акцыі, 5% беларусаў — інваліды, але ім неабходнае тое ж, што і астатнім 95%. Адна з арганізатараў акцыі Марыя Бяльковіч распавяла Свабодзе, як адчула сябе сярод тых 5%:

«Нашая акцыя прысвечаная людзям з праблемамі і парушэннямі органаў зроку. На жаль, у нас такіх людзей шмат, але ніхто іх у нашай гарадской прасторы не бачыць, не ведае, дзе яны. Можна сказаць, што яны жывуць у вельмі закрытых гета. Там, дзе яны ведаюць, куды ісці, дзе знаходзяцца крамы, як дабрацца да працы. У горадзе іх няма, бо гарадская прастора не прыстасаваная да іх перасоўвання.

Ёсьць адмысловыя святлафоры-„пішчалкі“, але гэтых святлафораў вельмі мала, іх можна пералічыць па пальцах. Адсутнічае на пешаходных пераходах тактыльная плітка, што дазваляе чалавеку з парушэннем органаў зроку адчуць, куды ісці, дзе пачынаецца і дзе сканчаецца пераход. Ёсьць яшчэ праблема, што ў грамадскім транспарце часта прыпынкі называюць няправільна альбо не абвяшчаюць зусім, і чалавек не ведае, дзе яму выйсці. Мы кажам пра безбар’ернае асяроддзе, але ў нас зашмат тратуараў, што замінаюць вольнаму руху людзей.

У нашым пэрформансе мы выклалі на мове Брайля слова „пабач“ — гэта заклік грамадству, дзяржаўным органам пабачыць, звярнуць увагу на гэтыя праблемы. Мы самі добраахвотна сталі сляпымі, заплюшчыўшы на гэта вочы.

На жаль, калі мы ўсталі на месца сляпых, то адчулі, што практычна немагчыма перасоўвацца па горадзе без чалавека, які дапамагае табе ісці. Для мяне гэта першы такі досвед, я першы раз хадзіла, нічога не бачыўшы. Так, месца дастаткова прамое, тут няма асаблівых перашкодаў, але звычайны падземны пераход стаў бар’ерам: пандусы, парэнчы, шмат людзей за табой... Святлафоры — у нас быў чалавек, які сказаў, калі запалілася зялёнае святло. Калі б яго не было з намі, ніхто б не ведаў, калі пачынаць свой шлях. Я чула людзей, якія ішлі побач, але вакол вельмі шмат шумоў, якія табе замінаюць, зусім не дапамагаюць. А таго гуку, які меў бы мне дапамагчы, гуку адмысловага святлафору — яго я не пачула».

Пасля актывісты пайшлі на наступны перформанс: інваліды-вазочнікі зладзілі гонку са звыклымі для іх перашкодамі — пераходамі і бардзюрамі, неадаптаванымі для інвалідных крэслаў. На фінішы вазочнікаў загарнулі ў поліэтылен. Як распавёў Свабодзе адзін з удзельнікаў акцыі Аляксей Сапрыкін, гэта значыла, што інваліды ў Беларусі звязаныя па руках і нагах:

«Вазочнікі ехалі ад Акадэміі навук да Якуба Коласа з усімі перашкодамі, а на шляху былі выстаўленыя адмысловыя дарожныя знакі для вазочнікаў. Немагчыма патрапіць у пераход — знак „Пераход“ з перакрэсленым знакам інваліда-вазочніка, подпіс „пераход для інваліда-вазочніка немагчымы“. Высокі бардзюр — знак „Увага! Высокі бардзюр“, на ім вазочнік падае з бардзюра. Каля перахода ля „Лідо“ — „Аб’езд“, бо ў пераход вазочніку не праехаць. Аднаго вазочніка актывісты заносілі на руках, спускалі вазок. Іначай туды немагчыма трапіць.

Людзі спыняліся і пыталі, што гэта значыць, мы раздавалі флаеры з інфармацыяй пра стан інвалідаў у Беларусі. Так што людзі змаглі дакрануцца да гэтай праблемы, адчуць, што мы жывем не ў дэмакратычным грамадстве.

За намі пачалі сачыць яшчэ ад пачатку маршу: за намі ехалі тры машыны міліцыі, сачылі тры міліцыянты ў форме, адзін „ціхар“ здымаў. Калі пачалі замотваць вазочнікаў у харчовы поліэтылен, яны з намі паразмаўлялі, папрасілі спыніць акцыю, але мы не спынілі. За намі працягнулі сачыць, мы сышлі ў падполле, але цяпер будзем працягваць акцыю. Пратаколаў на нас пакуль не складалі».

Напярэдадні пры ўдзеле студэнтаў Fortinbras інваліды-вазочнікі перакрылі рух у цэнтры Менску, а потым памяняліся месцамі з манекенамі ў краме.