Ініцыятыве «Хайсы» адмовілі ў рэгістрацыі
Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкама адмовілася зарэгістраваць гісторыка-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Хайсы».
Падставай для адмовы сталі шматлікія, паводле ацэнкі чыноўнікаў, парушэнні, якія дапусцілі заяўнікі пры афармленні рэгістрацыйных дакументаў.
Паводле інфармацыі “Віцебскай Вясны”, у лісце да заяўнікаў рэгістрацыйны орган пералічвае ўсе недахопы пададзеных дакументаў.
Як мяркуюць чыноўнікі, у спісах заснавальнікаў падаецца недакладная інфармацыя аб месцы жыхарства і працы, імёнах і датах народзінаў. А назва аб’яднання, якая ўтрымлівае ўказанне на характар дзейнасці (“гісторыка-асветніцкі”), не адпавядае метадам дзейнасці аб’яднання, вызначаным у статуце арганізацыі.
Апроч таго, ініцыятары стварэння арганізацыі не падалі пагадненне (рахунак-фактуру) з юрыдычным навукова-практычным часопісам “Юстыцыя Беларусі” аб апублікаванні пасля дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднання паведамлення аб ягонай назве ды іншых фармальных дадзеных, датычных дзяржрэгістрацыі.
Таксама ўпраўленне юстыцыі палічыла, што тэкст статуту, пададзены на беларускай мове, неабходна адрэдагаваць у адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
У выніку калегія галоўнага ўпраўлення юстыцыі 13 верасня 2017 года прыняло рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднання “Хайсы”.
Праваабаронца Леанід Свецік мяркуе, што адмова ў рэгістрацыі гісторыка-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Хайсы” мае палітычны аспект. Бо сябры гэтай арганізацыі ўжо больш за тры гады займаюцца пошукамі і даследаваннямі на тэрыторыі, дзе адбываліся незаконныя катаванні савецкіх грамадзян у часы сталінскіх рэпрэсій.
Мабыць, гэтая праца грамадскіх актывістаў уладам не да спадобы.
“Канечне, у
рэгістрацыйных дакументах маюцца пералічаныя недахопы, але гэтыя недахопы лёгка
выпраўляюцца. Калегія галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкаму мела законнае
права прыпыніць рэгістрацыю ГА “Хайсы” на адзін месяц, каб даць магчымасць
заяўнікам выправіць за гэты час усе памылкі і недахопы. Але гэтым правам орган
юстыцыі не скарыстаўся. Тым самым ён пазбавіў актывістаў магчымасці рэалізаваць
сваё канстытуцыйнае права — права на стварэнне грамадскага аб’яднання”, —
пракаментаваў сітуацыю з адмовай у рэгістрацыі ГА “Хайсы” віцебскі
праваабаронца.
www.racyja.com