Інфармацыя пра сустрэчу з Алексіевіч у Гомелі — фэйк?

Гомельская абласная бібліятэка адмовіла Святлане Алексіевіч у магчымасці правесці сустрэчу з чытачамі пад яе дахам. Як вынікае з паведамлення «Белсата», сустрэча мусіла адбыцца на дзень народзінаў пісьменніцы — 31 траўня.

al2.jpg

Як стала вядома Еўрарадыё, сустрэча такая сапраўды планавалася. Але ў іншы дзень — 7 ліпеня. Ды і не тое каб планавалася, тлумачыць Еўрарадыё дырэктарка Гомельскай абласной бібліятэкі Марына Рафеева.
Рафеева: «Гэта фэйк. Падобны да таго, што быў наконт смерці Алексіевіч. Справа ў тым, што ніякіх афіцыйных зваротаў ад Святланы Алексіевіч ці яе прадстаўнікоў аб арганізацыі яе сустрэчы з чытачамі ў нашай установе не прыходзіла».
Дырэктарка бібліятэкі прызнае, што на тэму магчымасці правядзення такой сустрэчы была тэлефонная размова з мясцовым пісьменнікам Анатолем Бароўскім. Той расказаў СМІ, а тыя падалі гэта ўсё як зацверджаную дамоўленасць. Але ніякага канчаткова рашэння прынята не было, упэўнівае мяне Марына Рафеева. І спасылаецца на тое, што 7 ліпеня ў бібліятэцы будзе праходзіць шмат раней запланаваных мерапрыемстваў.
Рафеева: «З 1 па 10 ліпеня ў бібліятэцы пройдзе дэкада да Дня Незалежнасці. І менавіта 7 ліпеня ў нас будзе праходзіць канцэрт з цыклу «Сиреневые вечера». У той жа дзень рыхтуецца да паказу літаратурна-музычная кампазіцыя «Без іх імёнаў я Беларусь не ўяўляю», прысвечаная 135-годдзю са дня нараджэння аднаго з беларускіх песняроў».
Як вынікае са слоў дырэктаркі бібліятэкі, журналісты ізноў усіх падманулі. Але ці сапраўды менавіта так усё было, цікаўлюся ў пісьменніка Анатоля Бароўскага, які вёў тыя самыя перамовы.
Анатоль Бароўскі сцвярджае, што асабіста размаўляў з кіраўніцтвам бібліятэкі. І дырэктарка нібыта вельмі ўзрадавалася такой прапанове.
Бароўскі: «Вырашылі, што найлепшы час — 16 гадзін. І ўсё на гэтым! Вочы ў вочы мы адно аднаму глядзелі — я сядзеў у яе кабінеце. Калі б яна сказала пра афіцыйную паперу, я б ёй тую паперу зрабіў за 20 хвілін!».
Бароўскі сапраўды расказаў пра дамоўленасць СМІ. А праз некаторы час робіцца вядома, што кіраўніцтва бібліятэкі нібыта ніякай згоды на гэтую сустрэчу на давала.
Бароўскі: «Прыходжу я ізноў у бібліятэку. Там акурат праходзіла свята апошняга званка. І сустракаю Рафееву і яе намесніцу. І цікаўлюся, ці праўда тое, што яны адмаўляюцца ад сустрэчы з удзелам Алексіевіч. На што мне адказваюць, што «не можам яе прыняць, не можам даць ёй аўдыторыю».
Мы паспрабавалі яшчэ раз датэлефанавацца да дырэктаркі Гомельскай абласной бібліятэкі, але Марына Рафеева больш на званкі не адказвала.
Паводле euroradio.fm