Беларускі спрут: “Бульбаш-хол” супраць Курапатаў

Пачаліся здымкі дакументальна-публіцыстычнага цыклу  “Беларускі спрут”, які складаецца з 12 каляровых стужак працягласцю 30 хвілінаў кожная. Першая з іх пра вайну “Бульбаш-холу” з Курапатамі.



sprut_2_logo.jpg

Сустрэча здымачнай групы з замежнымі студэнтам

Як распавяла карэспандэнту НЧ рэжысёр цыклу Вольга Нікалайчык, цягам часу гэтыя стужкі будуць выкладзеныя ў інтэрнэт праз You Tube, каб пазнаёміць гледачоў з сённяшняй сітуацыяй у Беларусі, дзе народ жыве для ўлады, якая канвертуе свой стан ва ўласнасць і дабрабыт. 

Зараз вядуцца здымкі фільму “Вайна “Бульбаш-холу” з Курапатамі” — першага ў цыкле. Сярод герояў гэтай стужкі — навуковы кіраўнік гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў ва ўрочышчы “Курапаты” Мая Кляшторная, каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу Курапаты” Ганна  Шапуцька, былы вязень ГУЛАГу Уладзімір Раманоўскі, старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” Вацлаў Нямковіч і адзін з лідараў айчыннага прадпрымальніцкага руху, намеснік старшыні аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці “Разам” Алесь Макаеў.  

Наступныя стужкі цыклу будуць прысвечаныя беларускім палізняволеным, лёсам дэмакратычных актывістаў, праблемам айчыннага бізнэсу і махлярству мясцовага чыноўніцтва. Цыкл “Спрут” падтрымалі замежныя прадусары Вольгі Нікалайчык і амбасада Нідэрландаў у Варшаве (Польшча).

Дарэчы, 19 ліпеня падчас працы над стужкай здымачная група сустрэла ў Курапатах студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту з Вялікабрытаніі, Венгрыі, Грэцыі і ЗША, якія знаёміліся з народным мемарыялам. Маладыя людзі атрымалі адказы на свае пытанні і паўдзельнічалі ў здымках фільму.

Трэба мець на ўвазе, што беларускія школьнікі і студэнты зрэдку наведваюць Курапаты, бо толькі адзінкі з іх ведаюць пра нацыянальны некропаль. Як засведчыў выпускнік сталічнай сярэдняй школы №34, што месціцца ўсяго ў некалькіх сотнях метраў ад Курапатаў, за ўсе гады навучання ніхто з настаўнікаў не распавёў дзецям пра трагедыю ўрочышча і не арганізаваў экскурсію ў народны мемарыял.    

Вольга Нікалайчык — вядомы беларускі кінарэжысёр-дакументаліст, аўтар шэрагу публіцыстычных стужак, у тым ліку “Вызваленне” пра выбітных беларусаў, “Забойства напярэдадні вясны” пра трагічны лёс праваабаронцы Яны Паляковай,  “Кіно і катлеты” ў гонар 60-годдзя кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага, “Падарожжа па бясконцай вайне” пра лёс палітвязня Міколы Аўтуховіча, “Я — голас Курапатаў”, “Апакаліпсіс. Катаванні на Беларусі”, а таксама кінапартрэтаў маладых беларускіх адраджэнцаў. Прычым дэбютная стужка Вольгі Нікалайчык “Сэрца за кратамі“ была адзначана прызам “Залатая багіня” міжнароднага фэсту тэлепраграм і фільмаў “Залаты бубен” у Ханты-Мансійску (Расія), а таксама дыпломам Кіеўскага міжнароднага кінафэсту кароткаметражных фільмаў.