“І Больш за век будзе доўжыцца Чарнобыль…”

…Калі проста ўехаць за калючы дрот з надпісам “забароненая зона”, насцярожана аглядаючы похапкам зваленыя дзесяцігоддзі таму кавалкі арматуры, абгарэлыя шкілеты дамоў, здзічэлую прыроду з рэдкімі, засохлымі дрэвамі, якіх, здаецца ўжо ніколі не пакалыша ветрык — першае, што агалошвае, уціскае цябе ў зямлю — магільны спакой.



cs_1989.jpg

Першы «Чарнобыльскі шлях» 1989 года, выступае Алесь Адамовіч. Фота з архіва радыё «Свабода»

Пасля позірку адкрываюцца карціны, што прымушаюць ўздрыгваць — шэрыя, адхіленыя твары дарослых, патухлыя вочы чарнобыльскіх дзетак, шэрагі сучасных катэджаў, што ніколі не будуць заселеныя, бо пабудаваныя на забруджаных землях 29-я ўгодкі народзінаў Зоны. Карціны на тысячакіламетровым шляху на чарнобыльскую Галгофу. Па мясцінах, куды прыйшлося 70 адсоткаў радыеактыўных выкідаў. Геаграфічна, псіхалагічна гэта ўжо дзве розныя Беларусі. І масткі паміж імі дагэтуль не перакінутыя, урокі для плоднасці ды здароўя не атрыманыя. Пра апакаліптычны знак, што нясе для ўсіх нас Чарнобыль, выкажуць сваё бачанне госці "Радыё Рацыя". Будуць і эксклюзіўныя ўспаміны.

Вось кароткія візітоўкі.

9a2166371401087f6269336f5cc4e0bb1a2b22288e80fa8e9d_pimgpsh_fullsize_distr_833x400.jpg

НАТАЛЛЯ АДАМОВІЧ — дачка Чалавека, Пісьменніка, Грамадзяніна, што ўпершыню сказаў планеце праўду пра Чарнобыль. 20 год займаецца збіраннем архіваў таты, выданнем кніг, стварэннем выставаў. Філолаг, музейны супрацоўнік.

95073d71d93c72cec05fa8c738a2ac306df6f85c4ffc9f24f5_pimgpsh_fullsize_distr_833x400.jpg

ЮРЫЙ ЦЫБІН — паэт, прадусар, выдавец больш за 250 кніг, СD-DVD-дыскаў беларускіх аўтараў ды выканаўцаў. Фільмаў “Аазіс” ды “Верыць толькі ветру” пра Чарнобыль. А таксама кнігі Алеся Адамовіча “Имя сей звезде Чернобыль…»

РР: Узгадайце, што з вамі было 26 красавіка 1986 года…

ЮРЫЙ: Я рыхтаваў свята горада ў Менску і, натуральна, не ведаў, што адбылося. Самым балючым пасля сталася тое, што мая маці гэтым часам была ў Гомелі. І першага траўня з братам ды яго дзеткамі — Ганначкай ды Аўгенчыкам — выйшлі пасля дэманстрацыі на гулянні ў парк, што дагэтуль пякельна адбіваецца на іх здароўі — несупынна хварэюць…

НАТАЛЛЯ: Акурат у ноч з 25 на 26 тата ляцеў з Каўказа, куды любіў ездзіць лекавацца “на воды”. Пасля казаў, што акурат пралятаў над яшчэ працуючым Чарнобылем  — тады пра ТАКІЯ падзеі адразу не паведамлялі. Разам са мной сустрэў у парку Горкага тагачаснага сакратара па ідэалогіі Аляксандра Трыфанавіча  Кузьміна, таксама франтавіка, лётчыка, які шмат чым дапамагаў Адамовічу і Быкаву. Я памятую, як на вачах чарнеў твар бацькі ў часе размовы з ім. А вакол усё было, як зараз кажуць, ціп-топ.

Я ж 26-га трапіла пад праславуты “кіслотны” дождж. На мне была любімая зялёная сукенка, якую ён пасля бязлітасна выкінуў у сметнік. Увогуле, канец красавіка 1986-га быў, як на бяду, надзвычай сонечны ды цёплы — так што “рэнтгенаў” хлебанула процьма людзей. Памятую тэлекадры з Гомеля, дзе дзяўчаты, якім нараджаць дзяцей, са шчаслівымі тварамі мылі вокны.

Самае жахлівае для Алеся было тое, што ўсе былі ПАД АДКРЫТЫМ НЕБАМ! І ўсе, хто нешта ведаў — маўчалі…

ЮРЫЙ: А ўзгадаць, як жыхары “чарнобыльскага” гарадка Прыпяць, што ў 3 км ад рэактара, аж да эвакуацыі, хадзілі разам з дзеткамі “паўзірацца” на пякельныя, на дзясяткі метраў у вышыню, радыяцыйныя “факелы” над 4 энергаблокам!

НАТАЛЛЯ: Назаўжды адбілася ў памяці, як нейкі ўкраінскі журналіст тады досыць цынічна заўважыў у тэксце — “дзякуй богу, вецер дзьмуў не на Кіеў!” Няго ж! Мала таго, што ён гнаў смяротныя аблокі на нас, беларусаў, яны, каб не даляцелі да Масквы, паводле загаду з Крамля, вайсковымі летакамі былі “апушчаныя” на большасць раёнаў Магілёўшчыны ды Гомельшчыны, стварыўшы “чарнобыльскую пустыню”. (тут і далей цытаты з Алеся Адамовіча — В.С. )

Зрэшты, бацька яшчэ з 70-х, нібы, па закланню, жыва цікавіўся навуковымі працамі пра атам, атамную зброю. І, як прадбачанне, у 1979 з’явілася ягоная славутая “Апошняя пастараль”…

РР: А ў 1985 годзе Адамовіч склаў “Катэхезіс ядзернага веку”, дзе напісаў: “На планеце няма надпісу на нейкіх дзвярах “запасны выхад”. Не будзе куды бегчы ў выпадку ядзернага пажару!” Так што, зразумела, чаму ў 1986-м ён быў “зчарнелы”…

НАТАЛЛЯ: Ён звярнуўся да самых вядомых беларускіх “атамшчыкаў” — акадэміка Васіля Несцярэнкі ды Мікалая Барысевіча, які на той час быў прэзідэнтам Акадэміі Навук. “Тайную вячэру” зладзілі на лецішчы Васіля Быкава.

Дарэчы, тата, які зусім не ўжываў спіртнога, з усмешкай узгадваў, як Несцярэнка адчыніў “авоську” з сухім віном, цалкам усур’ёз дадаўшы — “зараз трэба!”

27 красавіка ён адразу прарваўся да тагачаснага першага сакратара ЦККПБ Слюнькова з патрабаваннямі арганізаваць “ёдавую” тэрапію, аж дазіметр падстаўляў да горла сакратаркі. Слюнькоў дэманстратыўна пратрымаў яго некалькі гадзін перад дзвярыма, толькі і высакамерна кінуўшы ў часе хвіліннай размовы — “няма чаго панікаваць!”

РР: Ці і не пасля гэтага ўжо з Масквы накіраваў радкі сябру — Васілю Быкаву: “Мы, беларусы, цяпер не толькі дзеці хатынскія, але і дзеці хірасімскія”?!

НАТАЛЛЯ: Так нарадзіўся стаўшы вядомым пасля на ўсю планету яго ліст да Гарбачова, дзе ён параўнаў чарнобыльскую сітуацыю з 1941 годам — “у нас тут вайна, трэць тэрыторыі забруджаная”.

Дайце веры — падзеі не давалі сядзець на месцы. Яшчэ ў траўні ў прэм’ер-міністра СССР Мікалая Рыжкова былі ўкраінскі кіраўнік “Кабміна” Ляшко і беларускага Кавалёў. Украінец прасіў дазіметры, палівальныя машыны, урэшце, грошы, а “беларус” рахмана прамовіў: “А нам нічога асаблівага не трэба, справімся”. Рыжкоў паляпаў таго па плячах: “Вучыцеся!”

1 чэрвеня Адамовіч праз дарадцу здолеў перадаць ліст Гарбачову, які хутка быў агучаны на Палітбюро. Пасля ў Мінск вылецелі шматлікія навукоўцы ды адмыслоўцы па розных галінах, дзе іх мясцовыя камуністычныя бонзы сустрэлі… ледзь не ў штыкі.

Затое ўжо ў жніўні страціў пасаду Барысевіч, “зышлі” Кузьміна, убралі з пасады дырэктара НДІ Несцярэнку, які, праўда, тут жа стварыў незалежны “Белрад”. Тату “пракінулі” з акадэмікаў, хоць “пытанне” папярэдне ўжо было вырашана.

ЮРЫЙ: Пра якія пасады можна было гаварыць, калі зямля літаральна гарэла радыяцыяй пад нагамі! І Адамовіч, як народжаны ёй сыне, стукаўся ва ўсе дзверы — было нават папярэдне заключанае пагадненне з вядомым галівудскім рэжысёрам Стэнлі Крамерам стварыць мастацкую стужку, назва якой паўтарылася ў апошняй па часе, выдадзенай ужо нашымі намаганнямі кнізе “Імя сей звезде Чернобыль…” Увасобіцца ў рэчаіснасці кіно не дазволіла смерць абодвух творцаў…

НАТАЛЛЯ: “З гэтай бомбай чалавецтва стала смяротным!” Бацька выступаў супраць усяго небяспечнага “атамнага”. Маўляў, калі сядзіш у акопах, хоць разумееш — памрэш, дзеці застануцца.

А калі будзе атамная вайна, пра якую зараз “з лёгкасцю незвычайнай” сталі прамаўляць аж у Крамлі, — маўляў, можна прымяніць і маленькую “бомбачку”? Супраць каго вы яе будзеце “прымяняць"?! Хіба не супраць тых жа жанчын і дзетак, да прыкладу, ва Украіне?!

Адамовіч, без сумніву, зараз бы на ўвесь свет узвысіў свой голас супраць!

РР: І, як і дзесяцігоддзі таму, заслужыў бы абразлівыя абвінавачванні ў “панікёрстве”, “святатацтве”, “клікушніцтве”…

НАТАЛЛЯ: З-за чаго ў свае часы ён вымушаны быў з’ехаць з Беларусі, сістэматычна з’яўляючыся, палка выступаючы на кожным “чарнобыльскім шляху”. Дарэчы, мала хто памятае, але ў Беларусі ТРЫ гады пасля аварыі публічна замоўчвалі існаванне чарнобыльскіх праблем!

Адамовіч тут адкрыта змог друкаваць свае артыкулы толькі з 1989. І калі я іх часам перабіраю, разумею, што іх можна перадрукоўваць, як сённяшнія…Не магу ўявіць, у якім шоку быў бы ад таго, што на Астравеччыне, на шматпакутнай нашай зямельцы ізноў паўстае злавесны прывід АЭС. Прычым у не ў забруджаным раёне! Дзеля чаго?! Адсюль мы будзем пагражаць усёй Еўропе?!

РР: Адамовіч у свае часы пабудаваў лагічны ланцуг: Курапаты-Хатынь-Чарнобыль. Маючы на ўвазе, тым ліку, духоўны Чарнобыль…

ЮРЫЙ: Канешне! Пры гэтым усё паўтараецца — ані слоўца супраць на афіцыйным ТБ, СМІ. Тым, хто спрабуе прарвацца з Праўдай, ізноў затыкаюць раты, аж да кратаў.

РР: Узгадваю ў звяз з гэтым ў часе вандровак па Зоне сваё дзіўнае адчуванне першароднай, насычанай свабоды на вызваленых ад дрэнных чалавечых думак і памкненняў землях…

ЮРЫЙ: Так, як казаў рэжысёр нашага “Аазіса”  Юрый Хашчавацкі, калі і “фізіялагічны” бруд сыдзе з гэтых тэрыторый, яны стануць найдаражэйшымі ва ўсіх сэнсах…

РР: Вы ходзіце на “чарнобыльскія шляхі”?

(разам) ТАК!

Адамовіч браў удзел у першым, у 1989, які тады адбыўся 30 верасня. 26 красавіка ён зладжваецца з 1991. Чарнобыльская аварыя працягваецца. Таму паўторым перафразаваны да чарнобыльскай Беларусі хемінгуэеўскі выраз: ПА КІМ ЗВІНЯЦЬ ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ ЗВАНЫ? ЯНЫ ЗВІНЯЦЬ І ПА ТАБЕ!


www.racyja.com