Расійскі след у Курапатах: працяг расследавання

Працягваем высвятляць абставіны пабудовы ў ахоўнай зоне нацыянальнага мемарыялу «Курапаты» рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол», перайменаванага пасля ў «Паедзем, паядзім».

scheme_kurapaty_1_.jpg


Як высвятляецца, непасрэдную датычнасць да пабудовы гэтага комплексу мае кампанія з Расіі, а таксама ёсць інфармацыя пра мажлівых лабістаў уласнікаў аб’екта на вышэйшым дзяржаўным узроўні.


Расійскі след

Як паказана ў двух папярэдніх матэрыялах, кампанія СТАА «БелРэстІнвест» была, меркавана, адмыслова створана для рэалізацыі праекту пабудовы забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» у ахоўнай зоне нацыянальнага мемарыялу «Курапаты». Нагадаем, 50% кампаніі належыць СТАА «КварталМЗС», 33,3% — амерыканскай кампаніі з абмежаванай адказнасцю Lenthon Realty LLC і астатнія 16,7% — закрытай акцыянернай кампаніі з абмежаванай адказнасцю Bealcy Investments Ltd., зарэгістраванай на Кіпры. Мы вырашылі вызначыць, хто з’яўляецца бенефіцыярам асноўнага ўласніка кампаніі «БелРэстІнвест» — СТАА «КварталМЗС».

Згодна з дадзенымі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў Беларусі (АДР), кампанія СТАА «КварталМЗС» зарэгістраваная 20 мая 2004 года Мінскім гарвыканкамам са статутным капіталам 39 200 долараў ЗША. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца агульная пабудова будынкаў. Юрыдычны адрас кампаніі — Мінск, завулак Казлова, 5а, офіс 3а, там жа месціцца і кампанія «БелРэстІнвест». Кіраўніком з 15 лютага 2006 года з’яўлялася Логвін Вольга Віталеўна, на гэты момант яна ўзначальвае кампанію ТАА «КварталМЗС-Буд» і да сёння працягвае займацца справаводствам «БелРэстІнвесту». Уласнікамі кампаніі з’яўляюцца: Зайдэс Леанід Лейбавіч (37,25%) і ЗАТ «Ренессанс» (62,75%), зарэгістраваная ў Расійскай Федэрацыі.

01_vypis_adr_kvartalmzs_logo.jpg

 

Такім чынам, маецца дакументальнае сведчанне, што да рэалізацыі праекту пабудовы забаўляльнага комплексу «Бульбашъ-хол» у ахоўнай зоне мемарыялу «Курапаты», мае дачыненне расійская кампанія. Ёй належыць большая частка кампаніі «КварталМЗС», праз якую яна кантралюе «БелРэстІнвест», з якім пад гэты комплекс укладзена дамова арэнды 1,2 га зямлі ажно да 2106 года.

Можна выказаць здагадку, што кампанія «БелРэстІнвест» — своеасаблівы таран, з дапамогаю якога ўдалося скончыць пабудову і адкрыць сумнавядомы комплекс. Гэта зразумела праз логіку ўключэння ў склад яе ўласнікаў кампаній Lenthon Realty LLC і Bealcy Investments Ltd (падрабязна пра гэта далей).


Паводле дадзеных з расійскага адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў, ЗАТ «Ренессанс» створанае 16 верасня 2002 года ў Санкт-Пецярбургу і рэарганізаванае 29 верасня 2014 года са стварэннем аднайменнай новай юрыдычнай асобы ў форме ТАА. Асноўным відам дзейнасці з’яўляюцца ўкладанні ў каштоўныя паперы. Кампанія мае як мінімум пяць філіяў, генеральным дырэктарам ТАА «Ренессанс» з’яўляецца фігурант нашага першага расследаванняБарыс Сурыс. Стопрацэнтным уласнікам ТАА «Ренессанс» ёсць кампанія «Tebridge Holding Corp» (рас. «Тебридж Холдинг Корп.»). У адкрытых крыніцах інфармацыі дадзеныя пра яе практычна адсутнічаюць. Паводле Грамадскага рэестру Панамы, кампанія зарэгістраваная 21 лістапада 2013 года са статутным капіталам у 10 тысяч долараў ЗША.

02_panama_tebridge_informacion_logo.jpg


У кіраўнічым складзе кампаніі пералічаныя асобы, кожная з якіх фігуруе ў рэгістрацыйных дадзеных яшчэ больш за тысячу кампаній.

03_panama_tebridge_miembros.jpg


Гэта так званыя «проксі-ўдзель­нікі», неабходныя толькі для рэгістрацыі афшорнай кампаніі. На гэты момант дакладна не вядома, хто за ёй стаіць.


Зноў «КварталМЗС-Буд»

Раней мы пісалі, што праз рэарганізацыю кампаніі СТАА «КварталМЗС» была створаная новая юрыдычная асоба — ТАА «КварталМЗС-Буд» — меркавана, адмыслова для будаўніцтва ў 2014 годзе жылога комплексу «Паркавы» ў зялёнай зоне мінскага мікрараёна Масюкоўшчына. Мы выказалі здагадку, што гэтая кампанія мае непасрэднае дачыненне да «Групы кампаніяў «ІВ».

Мы вырашылі спраўдзіць гэта дакументальна. У выпісе з АДР пазначанае, што ТАА «КварталМЗС-Буд» зарэгістраваная 30 снежня 2011 года Мінскім гарвыканкамам і створаная ў выніку рэарганізацыі праз вылучэнне з кампаніі СТАА «КварталМЗС». Юрыдычны адрас створанай кампаніі — Мінск, вул. Казлова, 7б, пакой 300 (будынак кампаніі «ІВ»). Галоўным відам дзейнасці з’яўляецца набыццё і продаж уласнай нерухомай маёмасці.

Статутны фонд складае ўсяго 10 (!) беларускіх рублёў. Уласнікамі «КварталМЗС-Буд» з’яўляюцца: Сініцкая Марына Алегаўна (50%) і ТАА «КорпКансалт-Інвест» (50%).

04_vypis_adr_kvartalmzs_bud_logo.jpg


Кіраўніком кампаніі, як было сказана вышэй, з 5 чэрвеня 2014 года з’яўляецца Логвін Вольга Віталеўна. У сваю чаргу, кампанія ТАА «КорпКансалт-Інвест», паводле выпісаў з АДР, належыць Ізраілевічу Аркадзю Львовічу (50%) і Вяліцкаму Аляксандру Владленавічу (50%).

05_vypis_adr_korpkansalt_invest_logo.jpg

Згодна з п.4 арт.54 Грама­дзянскага Кодэксу РБ, падчас вылучэння са складу юрыдычнай асобы адной ці некалькіх юрыдычных асобаў кожнай з іх паводле падзяляльнага балансу пераходзяць правы і абавязкі рэарганізаванай юрыдычнай асобы. Праз дакументальна засведчаную правапераемнасць маем факталагічнае пацвярджэнне, што Аркадзь Ізраілевіч праз афіляваныя з ім кампаніі мае сувязь з забудоўнікамі забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол».


Кіпр? Расія? Беларусь?

Адной з кампаніяў, пра ўласнікаў якой дагэтуль не было выяўлена аніякай інфармацыі, ёсць Bealcy Investments Ltd. Гэтай таямнічай кіпрскай кампаніі належаць 14,5% ТАА «Белнаватэкс груп» і 16,7% СТАА «БелРэстІнвест» — даччынай кампаніі СТАА «КварталМЗС». З дапамогаю выведкі адкрытых крыніц інфармацыі (OSINT) і дадзенымі з АДР мы паспрабавалі вызначыць афіляваныя з кампаніяй Bealcy Investments Ltd. структуры і асобы. У выніку была выяўленая інфармацыя, якая сведчыць пра верагоднасць лабіявання на вышэйшым дзяржаўным узроўні ўсіх пытанняў, звязаных з пабудовай у ахоўнай зоне Курапатаў забаўляльнага комплексу і яго сённяшняй дзейнасцю.

Ва ўсіх выпісах з АДР гэтая кампанія фігуруе як Закрытая акцыянерная кампанія з абмежаванай адказнасцю «Билси Инвестментс Лимитед» з кіпрскім рэгістрацыйным нумарам 227109. Згодна з дадзенымі гандлёвага рэестру Кіпра, яна зарэгістраваная 9 красавіка 2008 года. Па інфармацыі Міністэрства юстыцыі Беларусі, на тэрыторыі нашай краіны былі зарэгістраваныя дзве кампаніі з назвай «Билси»: ТАА «Білсі-Рыэлт» і СТАА «Білсі». Першая кампанія зарэгістраваная Мінскім гарвыканкамам 25 чэрвеня 2013 года і створаная ў выніку рэарганізацыі праз вылучэнне з Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Белтрансфер». Юрыдычны адрас ТАА «Білсі-Рыэлт» — Мінск, завулак Казлова, 7/г, пакой 303 (будынак комплексу адміністратыўных пабудоваў кампаніі «ІВ»). Асноўны від дзейнасці «Білсі-Рыэлт» — здача ў арэнду ўласнай нерухомай маёмасці. Паводле выпісу з АДР, яе ўласнікамі з 4 жніўня 2014 года з’яўляюцца грамадзянка РБ Бекбулатава Кацярына Леанідаўна (1%) і кіпрская «Bealcy Investments Ltd.» (99%). Таксама з 25 чэрвеня 2013 года па 4 жніўня 2014 года ўласнікамі кампаніі былі грамадзяне РБ: Азаранка Вячаслаў Міхайлавіч і Азаранка Ларыса Іванаўна.

06_vypis_adr_bilsi_ryelt_logo.jpg

15 красавіка 2015 года «Білсі-Рыэлт» спыніла сваю дзейнасць у сувязі з рэарганізацыяй у форме далучэння да кампаніі СТАА «Білсі».

Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Білсі» зарэгістравана Мінскім гарвыканкамам 7 кастрычніка 2008 года. Яго ўласнікамі з’яўляюцца тыя ж асобы, што і далучанай да яе кампаніі «Білсі-Рыэлт» — Кацярына Бекбулатава і «Bealcy Investments Ltd.». Розняцца толькі іх долі — 75% і 25% адпаведна.

07_vypis_adr_staa_bilsi_logo.jpg

Асноўным відам дзейнасці кампаніі таксама з’яўляецца наданне ў арэнду ўласнай нерухомай маёмасці. Характэрна, што падчас рэгістрацыі была пазначаная электронная пошта (potockaya@sagmel.by) з даменным імем серверу фармацэўтычнай карпарацыі «SagMel Inc.», якая раней належала фігурантам нашага першага расследавання ў гэтай тэме — Ляону Сагальчыку і Антону Меліхаву.

Характэрна, што электронную пошту для кантактаў з гэтым жа даменным імем (medvedska@sagmel.by) пазначыла і кампанія ТДА «Белтрансфер», з якой была вылучаная «Білсі-Рыэлт». Гэтая «мацярынская» кампанія займаецца дыстрыбуцыяй фармацэўтычнай і парфумава-касметычнай прадукцыі. У шматлікіх гандлёвых базах дадзеных пададзены кантактны адрас кампаніі — Мінск, завул. Казлова, 7/г-102, — зноў будынак кампаніі «ІВ». У гэтым жа будынку, у якім месцілася і кампанія «Білсі-Рыэлт», у пакоі 404а знаходзілася і прадстаўніцтва фармацэўтычнай карпарацыі «SagMel» у Беларусі, потым прададзенай кампаніі Bayer HealthCare і ліквідаванай уласнікам 1 жніўня 2017 года.

Цікава, што паводле запісаў з гандлёвага рэестру ад 31 сакавіка 2015 года, у суседнім пакоі 401а зарэгістраваны аб’ект аптовага гандлю замежнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства — «Белтрансфер-Мед». У рэестры ўласнікаў мытных складоў на тэрыторыі Беларусі, а таксама ў каталогу беларускіх арганізацыяў і адмыслоўцаў у сферы аховы здароўя пада­дзена адна з ранейшых поўных назваў кампаніі — Замежнае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства аптовага гандлю «Белтрансфер-Мед» кампаніі «Сагмел, Інк».

Гэтая, мажліва, даччыная структура кампаніі «Белтрансфер» займаецца рэалізацыяй фармацэўтычных і медычных тавараў і прэпаратаў. З улікам гэтай інфармацыі, зразумела, што ўсе пералічаныя вышэй кампаніі звязаныя паміж сабой і афіляваныя, меркавана, з колішнімі ўласнікамі амерыканскай фармацэўтычнай карпарацыі «SagMel» Ляонам Сагальчыкам і Антонам Меліхавым.

Кампанія «Белтрансфер» здзяйсняе сваю дзейнасць не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і ва Украіне. На сайце Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю Украіны ёсць інфармацыя пра задзейнічанне ў дачыненні да яе яшчэ ў 1999 годзе санкцыйнага рэжыму. Таксама вядома, што меркаваная магілёўская філія кампаніі — «Белтрансфер МГ» — была ліквідаваная і выключаная з АДР Беларусі ў 1997 годзе праз здзяйсненне дзейнасці без адпаведнай ліцэнзіі.


Бізнес па-сяброўску

Генеральным дырэктарам ТДА «Белтрансфер» і адным з першых уласнікаў ТАА «Білсі-Рыэлт» з’яўляецца Азаранка Вячаслаў Міхайлавіч. Нарадзіўся ў 1964 годзе, меркавана ў Магілёве, мае грамадзянства Расіі. Займаўся лёгкай атлетыкай, у адкрытых крыніцах захоўваюцца дадзеныя пра спартовыя вынікі яго ўдзелу ў Елгаўскім марафоне ў 1988 го­дзе. Беларускае прадстаўніцтва кампаніі «SagMel», віцэ-прэзідэнтам якой ён быў, у сярэдзіне 2000-х гадоў дапамагала магілёўскай спартовай школе. Апроч гэтага прадстаўніцтва ў тыя часы выступала адным з арганізатараў штогадовых прабегаў у Магілёве на прызы чэмпіёну СССР па марафоне Віктара Мазгавога, пераможцаў якіх Азарэнка ўзнагароджваў асабіста.

Пазначаны падчас дзяржаўнай рэгістрацыі кантактны тэлефон СТАА «Білсі» (8017 301-91-45) таксама выкарыстоўвае прадпрыемства ТАА «Фартыва Мед». Меркавана, гэта яшчэ адзін актыў Сагальчыка, Меліхава і Азаранкі. Гэта ўскосна пацверджана праз удзел у 2015 годзе Вячаслава Азаранкі ў дзелавой праграме першай міжнароднай выставы «Expo-Russia Belarus 2015» і першага Мінскага бізнес-форуму ў якасці прадстаўніка кампаніі «Фартыва Мед». Круглы стол быў арганізаваны супольна з Міністэрствам аховы здароўя РБ і меў назву «Пра правядзенне ўзгодненай палітыкі ў сферы аховы здароўя ў межах рэалізацыі Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі». Варта зазна­чыць, што на гэтую канферэнцыю была запрошаная абмежаваная колькасць прадстаўнікоў беларускіх прыватных фармацэўтычных кампаній.Адметна, што Вячаслаў Азаранка апроч расійскага, цалкам мажліва, мае грамадзянства ЗША. Спецыялізаваныя пошукавыя і рыэлтарскія сервісы пазначаюць адно з яго месцаў жыхарства ва ўласным доме сям’і Ляона Сагальчыка ў прадмесці Чыкага па адрасе: 691 Wake Robin Ln, Highland Park, Lake County, Il 60035 (1, 2, 3).
 

08_dom_sagalchik.jpg

Двухпавярховы мураваны дом, збудаваны ў 2008 годзе, мае пяць спальняў, два каміны, гараж і падземны басейн. Агульная плошча складае прыблізна 1,34 акры, рынкавы кошт дому каля 3 мільёнаў долараў. Наданне Ляонам Сагальчыкам прытулку Вячаславу Азаранку можа сведчыць пра тое, што яны маюць не толькі дзелавыя стасункі, але і шчыльныя сяброўскі сувязі. Шмат іх аб’ядноўвае і з Антонам Меліхавым — перадусім праз кампанію «SagMel, Inc.» і меркаваныя супольныя пазначаныя вышэй актывы ў Беларусі. Апроч гэтага з дапамогаю канцылярыі амерыканскага штату Ілінойс было вызначана, што ўсе трое з’яўляюцца ўласнікамі яшчэ адной зарэгістраванай кампаніі ў ЗША — Polaris Investment LLC.

09_vypis_polaris_investment.jpg

 

Гэтыя асобы маюць актывы і ў Расійскай Федэрацыі. Вячаслаў Азаранка з’яўляецца кіраўніком і адзіным уласнікам інвестыцыйнай кампаніі ТАА «Арт-инвест групп», зарэгістраванай 11 верасня 2008 года ў Маскве. Асноўны від дзейнасці кампаніі — падрыхтоўка да продажу ўласнай нерухомай маёмасці, апроч гэтага яна займаецца аптовым гандлем насеннем і зернем. «Арт-инвест групп» актыўна працуе на рынку жылой нерухомасці Маскоўскай вобласці. З’яўляецца забудоўнікам жылых комплексаў у падмаскоўных гарадах Іванцееўка, Пушкіна. Адметна, што кантактны тэлефон кампаніі «Арт-инвест груп» раней належаў даччынай структуры карпарацыі «SagMel, Inc.» у РФ.

Зазначым, што «Арт-инвест груп» мае скрайне негатыўныя ацэнкі на шматлікіх парталах водгукаў пра дзейнасць працадаўцаў. Характэрна, што янафігуруе там таксама з іншай назвай — «АгроПромСервис».

Паводле інфармацыі з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў РФ (АДРЮА), ТАА «АгроПромСервис» зарэгістраваная 5 лютага 2015 года з юрыдычным адрасам у г. Краснагорску Маскоўскай вобласці. Статутны капітал складае 10 тысяч расійскіх рублёў. Кампанія створаная праз рэарганізацыю з аднайменнага закрытага акцыянернага таварыства, адным з першых генеральных дырэктараў якога быў менавіта Вячаслаў Азаранка. Заснавальнікамі рэарганізаванай кампаніі сталі Закрытая акцыянерная кампанія з абмежаванай адказнасцю «Crowfoot Trading Limited» (90%), а таксама (увага!) — «Bealcy Investments Limited» (10%).

10_vypis_agropromservis_crowfoot_trading_ltd_logo.jpg

11_vypis_agropromservis_bealcy_investments_logo.jpg

 


Абедзве кампаніі зарэгістраваныя на Кіпры з ідэнтычным юрыдычным адрасам: Agiou Pavlou Str, 15, Ledra House, Agios Andreas 1105, Nicosia, Cyprus. Ёсць і цікавая асаблівасць: «Crowfoot Trading Limited» разам з амерыканскай кампаніяй «Lenthon Realty LLC» у якасці нерэзідэнтаў вялі гаспадарчую дзейнасць у Беларусі. Абедзве былі зарэгістраваныя Міністэрствам па падатках і зборах РБ у адзін дзень — 1 снежня 2010 года. Амаль праз чатыры з паловай гады, у адзін у той жа дзень, 27 красавіка 2015 года, іх рэгістрацыя была скасаваная (1, 2, падрабязная інфармацыя пра «Lenthon Realty LLC» маецца ў нашым першым расследаванні).

Гэтыя факты сведчаць пра тое, што яны звязаныя між сабой і, меркавана, афіляваныя з Ляонам Сагальчыкам, Антонам Меліхавым і, мажліва, Вячаславам Азаранкам. З улікам пададзенага масіву інфармацыі зразумела, што яны падтрымліваюць на працягу вельмі вялікага прамежку часу доўгатрывалыя партнёрскія зносіны, з’яўляюцца ўласнікамі супольных кампаніяў, актываў у розных дзяржавах. Відавочна, з вялікай доляй верагоднасці, кампанія «Bealcy Investments Ltd.» таксама афіляваная з гэтымі асобамі, утвораная з яе ўдзелам ТАА «Білсі-Рыэлт» праз рэарганізацыю ў форме вылучэння з кампаніі ТДА «Белтрансфер» пра гэта яскрава сведчыць. Прадстаўніком іх інтарэсаў у Беларусі, а таксама ўласнікам СТАА «Білсі», як было зазначана напачатку, з’яўляецца Бекбулатава Кацярына Леанідаўна (нар. у 1970 годзе, жыла ў Мінску).  

12_bekbulatava_kaciaryna.jpg

Расійская сістэма электроннага дакументазвароту і праверкі контрагентаў «СБИС» на падставе інфармацыі з Федэральнай падатковай службы РФ і з улікам гісторыі зменаў падае інфармацыю пра наяўнасць сувязяў «Арт-инвест групп» з кампаніяй ТАА «ГелиОйл», зарэгістраванай 15.10.2010 г. у Маскве. «ГелиОйл» належыць толькі аднаму ўласніку — кіпрскай кампаніі «Iliotropion Trade & Service Ltd.». Паводле інфармацыі з гандлёвага рэестру Кіпру, апошнюю кампанію ачольвае (увага!) — Кацярына Бекбулатава (1, 2). Асноўным відам дзейнасці кампаніі з’яўляецца вытворчасць нафтапрадуктаў, большасць жа дадатковых відаў дзейнасці, перадусім аптовы гандаль насеннем і зернем, — тыя ж самыя, што і ў «Арт-инвест груп». Відавочна, Бекбулатава мае шчыльныя партнёрскія стасункі і супольныя бізнес-інтарэсы з Вячаславам Азаранкам.

У выніку аналізу адкрытых крыніц інфармацыі і з улікам мізэрнай колькасці носьбітаў прозвішча «Бекбулатаў» у Беларусі, вызначана, што Кацярына Бекбулатава, з вялікай доляй верагоднасці, з’яўляецца ці была жонкаю вядомага беларускага хакеіста Вадзіма Бекбулатава.


Бізнес праз спорт?

Бекбулатаў Вадзім Мікалаевіч — заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1970 годзе ў Мінску (паводле іншых дадзеных, у Свярдлоўску). Удзельнік хакейнай зборнай Беларусі на зімніх Алімпійскіх гульнях 1998 года ў Нагана і 2002 года ў Солт-Лейк-Сіці. За нацыянальную зборную Беларусі выступаў з 1992 па 2005 год. З’яўляецца капітанам хакейнай «Каманды прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Скрыншот відэа телеканалу «СТВ»

Скрыншот відэа телеканалу «СТВ»

Гуляе ў ёй ад 2005 года разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Каманда стала перамагае ў штогадовым Калядным міжнародным турніры сярод аматараў хакею на прыз свайго ж кіраўніка, і гэта не дзіўна, бо большасць яе гульцоў — прафесійныя хакеісты са шматгадовым стажам. Па-за гэтым турнірам каманда Лукашэнкі гуляе ў Рэспубліканскіх спаборніцтвах па хакеі з шайбай сярод аматараў, у якасці спарынг-партнёраў у іх выступаюць зборныя беларускіх абласцей. Апроч гэтага, Бекбулатаў разам са старшым сынам кіраўніка Беларусі Віктарам Лукашэнкам (памочнікам кіраўніка Беларусі па нацыянальнай бяспецы, чальцом Рады Бяспекі) і сярэднім — Дзмітрыем Лукашэнкам — старшынёй цэнтральнай рады «Прэзідэнцкага спартовага клубу», выступае ў аматарскім чэмпіянаце Мінску за дружыну памежных войскаў «Рубеж». Менавіта ў Памежных войсках праходзілі тэрміновую службу Віктар і Дзмітрый Лукашэнкі.

14_lukashenko_bekbulatau.jpg

У 2014 годзе Лукашэнка ўзна­гародзіў Вадзіма Бекбулатава Ордэнам Пашаны (1, 2). Характэрна, што кіраўнік Беларусі ўганараваў яго асабіста падчас афіцыйнага прыёму, на якім былі ўзнагароджаныя старшыня КДБ Валер Вакульчык, міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, тагачасны міністр абароны Юры Жадобін, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

У адкрытым доступе няшмат інфармацыі пра асабістае жыццё Вадзіма Бекбулатава. Паводле яго асабістага сведчання, зробленага падчас аднаго з нешматлікіх інтэрв’ю, ён дапамагаў свайму сыну, які навучаўся ў ЗША. У акаўнце сацсеткі «ОК» Кацярыны Бекбулатавай ёсць звесткі, што іх меркаваны супольны сын Мікіта насамрэч навучаўся і скончыў у 2016 годзе прыватны рыма-каталіцкі ўніверсітэт Маркета (Marquette University) у Мілуокі, штат Вісконсін.

Вынятак з анкеты М. Бекбулатава

Вынятак з анкеты М. Бекбулатава

У апісанні свайго досведу працы ў акаўнце Linkedin ён пазначыў, што са студзеня па снежань 2015 года быў менеджарам па развіцці бізнесу чыкагскай кампаніі «Slice the Price Electronics», якая праіснавала крыху больш за год. Характэрна, што адрас агента, які здзяйсняе рэгістрацыю кампаніі, цалкам супадае з адрасам карпарацыі «SagMel, Inc.» Сагальчыка і Меліхава. Уласнікамі кампаніі «Slice the Price Electronics» з’яўляўся сам Мікіта Бекбулатаў і, меркавана, сын Вячаслава Азаранкі.

17_vypis_slice_the_price_electronics.jpg


Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў ЗША Мікіта Бекбулатаў працуе ў расійскай кампаніі «АгроПромСервис», уласнікам і дырэктарам якой з’яўляецца Вячаслаў Азаранка.

Мікіта Бекбулатаў / Linkedin

Мікіта Бекбулатаў / Linkedin

19_bekbulau_mikita_kantakty.jpg

Паказальна, што для сваёй электроннай пошты ён выкарыстоўвае карпатыўнае даменнае імя кампаніі «Арт-Инвест групп», што дадаткова сведчыць пра ўзаемасувязь дзвюх кампаніяў.У згаданым акаўнце Linkedin ён пазначыў сваю пасаду ў кампаніі «АгроПромСервис» у якасці «менеджара па экспарту». У адкрытым доступе быў знойдзены сусветны  каталог аптовых пастаўнікоў зерня «The Grain Book» за 2016 год. Цікава, што Мікіта Бекбулатаў разам з Вячаславам Азаранкам прадстаўляюць у ім не сваю расійскую кампанію, але пазначаную вышэй афшорную кіпрскую кампанію «Iliotropion Trade & Service Ltd», якую, паводле рэгістрацыйных дакументаў, ачольвае яго маці — Кацярына Бекбулатава.

20_skrynshot_iliotropion_trade___service_ltd.jpg

Націсніце, каб павялічыць

Такім чынам, Мікіта Бекбулатаў, як і яго маці, стаўся паўнавартасным партнёрам Вячаслава Азаранкі. Верагодна, для вырашэння праблемаў, якія паўстаюць падчас здзяйснення бізнесу ў Беларусі, ён разам са сваёй маці мае мажлівасць наўпрост звяртацца да Вадзіма Бекбулатава, які стала і рэгулярна на працягу досыць вялікага прамежку часу сустракаецца з першымі асобамі дзяржавы.


               ***

Надаём чытачу права самастойна вырашыць, ці звязанае ўсё вышэй пададзенае з адсутнасцю рэакцыі і невыкананнем дзяржаўнымі органамі прадстаўлення Генпракуратуры ад 2012 года адносна забароны будаўніцтва забаўляльнага цэнтру «Бульбаш-хол»; з мэтанакіраваным здзяйсненнем грубейшых парушэнняў падчас распрацоўкі праекту дэталёвага планавання, у выніку чаго забаўляльны комплекс быў выведзены з ахоўных межаў; з актыўнымі спробамі зацікаўленых актараў перавесці грамадскі пратэст у дэструктыўнае супрацьстаянне ўнутры беларускага грамадства; са спробамі падкупіць актывістаў нацыянальнай варты. Сам чытач павінен вызначыць, што ёсць квінтэсенцыяй пануючага рэжыму ў Беларусі: клопат і турбота пра сваіх грамадзян ці сумнеўнае зрошчванне дзяржаўных і бізнес-структур ды адкрытае грэбаванне нацыянальнымі інтарэсамі.