Хто і як дазволіў будаваць у Курапатах?
Публікуем новае расследаванне, заснаванае на вывучэнні дакументацыі дзяржаўных устаноў і ведамстваў. Паперы дэманструюць, якім чынам здзяйсняліся спробы надаць легітымны статус будоўлі ў ахоўнай зоне нацыянальнага мемарыялу «Курапаты».
Цікава, што адзін з чальцоў навукова-метадычнага органу, які ўхваліў і ўзгадніў першую стадыю будаўніцтва аб’екту яшчэ ў 2005 годзе, на базе якога быў узведзены забаўляльны комплекс «Паедзем паядзім», меў наўпроставае дачыненне да кампаніі ТАА «ІВ» Аркадзя Ізраілевіча.
У папярэднім расследаванні паказана, што кампанія ТАА «ІВ» буйнога мінскага дэвелапера Аркадзя Ізраілевіча меркавана праз шэраг афіляваных кампаніяў наўпрост звязаная з забудоўнікам СТАА «БелРэстІнвест», які пабудаваў у ахоўнай зоне Курапатаў забаўляльна-рэстарацыйны комплекс «Бульбашъ-холл», перайменаваны потым на «Паедзем паядзім». Дадатковым доказам сувязі гэтых двух кампаніяў з’яўляецца тое, што кіраўніком ТАА «КварталМЗС-Буд» — аднаго з меркаваных актываў кампаніі «ІВ» — з’яўляецца Вольга Логвін, якая ўжо на працягу амаль 10 гадоў адначасова займаецца дакументазваротам у «БелРэстІнвест», практычна з самага пачатку яе заснавання..
Адным з ключавых дзяржаўных ведамстваў, якое згуляла падставовую ролю ў санкцыянаванні будаўніцтва гэтага скандальна вядомага комплексу, з’яўляецца Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь (далей — Навукова-метадычная рада). Характэрна, што яе колькасны і персанальны склад зацвярджаюць на вышэйшым дзяржаўным узроўні — яго ўхваляе Савет міністраў Рэспублікі Беларусь паводле прадстаўлення міністра культуры.
Найбольшую нашу ўвагу прыцягнуў колішні чалец Навукова-метадычнай рады — Мартынаў Аляксей Ігаравіч, 1957 года нараджэння, родам з Каўнасу, жыве ў Мінску. Зараз ён з’яўляецца галоўным мастаком — намеснікам дырэктара КВУП «Мінскрэклама».
Адна з першых згадак пра яго, што маецца ў адкрытым доступе, датаваная 2000 годам. На той час ён быў намеснікам старшыні Камітэта архітэктуры, горадабудаўніцтва і землеўпарадкавання Мінгарвыканкаму. У 2002 годзе Аляксей Мартынаў фігуруе ў якасці начальніка ўпраўлення добраўпарадкавання і гарадскога дызайну гэтага камітэта. У 2003 годзе ён згадваецца ўжо як галоўны мастак Мінска, уваходзіць у склад рэспубліканскай мастацкай экспертнай рады па манументальным мастацтве. У гэтым жа годзе ён згадваецца і як чалец Навукова-метадычнай рады. Гэта дакументальна пацвярджаецца ўхваленым пратаколам пасяджэння гэтай рады ад 20.05.2003 года №85, падчас якога былі разгледжаныя і ўзгодненыя межы аховы помніку гісторыі «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў «Курапаты», а таксама задэклараваная неабходнасць прапрацоўкі накірункаў засваення прылеглых да мемарыялу тэрыторыяў. Гэты факт вельмі важны для разумення і асэнсавання сённяшніх падзеяў.
Зараз самае цікавае. У пратаколе ад 20.12.2005 года №115 пазначана, што чальцы Навукова-метадычнай рады ўхвалілі эскізны праект па аб’екту. Цытуем: «Аб’ёмна-прасторавае рашэнне прыдарожнага сэрвісу на 51 км МКАД, з улікам адпаведнасці падрыхтаванай дакументацыі рэжыму ўтрымання зоны рэгуляванай забудовы, вызначанай у складзе схемы зонаў аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 30–40 гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты». Апроч гэтага Навукова-метадычная рада прапанавала Міністэрству культуры ўзгадніць гэты праект для далейшай рэалізацыі. Адным з чальцоў Рады, які прагаласаваў за ўхваленне гэтых рашэнняў, з’яўляецца Аляксей Мартынаў, пазначаны ў пратаколе (увага!) у якасці галоўнага архітэктара ТАА «ІВ» — кампаніі Аркадзя Ізраілевіча.
Станам на 2007 год Аляксей Мартынаў ачольваў упраўленне архітэктуры і арганізацыі праектных працаў Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкаму, а ў 2010 годзе ў матэрыялах СМІ ён фігуруе ўжо ў якасці першага намесніка старшыні гэтага камітэта. 29 верасня 2011 года кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка публічна выступіў з крытыкай працы сталічных уладаў — нагодаю сталася «цяганіна і бюракратызм у працы з інвестарамі». На наступны дзень, 30 верасня 2011 года, сваіх пасадаў былі пазбаўленыя старшыня архітэктуры пазначанага вышэй камітэту Віктар Нікіцін і ягоны першы намеснік — Аляксей Мартынаў.
Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч тады зазначыў: «Асноўнай матывацыяй, калі Нікіціна і Мартынава фактычна выгналі з працы, было тое, што яны ставілі бюракратычныя рагаткі інвестарам. Шчыра кажучы, гэтых асобаў даўным-даўно трэба было гнаць паганай мятлой са сваіх пасадаў, але ж я лічу наадварот: якраз іх галоўная віна ў тым, што яны давалі зялёнае святло ў гістарычным цэнтры. Менавіта ў бытнасць Нікіціна ўсе гэтыя незаконныя «касякі» прымаліся ў Камітэце архітэктуры, затым, карыстаючыся тым, што ён досыць уплывовая асоба, ды яшчэ ўваходзіў у склад Навукова-метадычнай рады ў пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, усё гэта праціскалася праз Міністэрства культуры».
З улікам пералічаных ключавых фактаў паспрабуем зараз аднавіць усю схему, выкарыстаную дзеля пабудовы забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу ў ахоўнай зоне мемарыялу «Курапаты». Карупцыйная гэта схема ці не, павінны вызначыць кампетэнтныя дзяржаўныя органы Беларусі.
Замоўцам эскізнага праекту і першым забудоўнікам з’яўляецца ІП Лебедзева Іна Сяргееўна. На думку аўтара гэтага расследавання, Лебедзева ў гэтай схеме, цалкам мажліва, з’яўляецца асобаю, выкарыстанай толькі дзеля атрымання дазволаў і ўзгадненняў для пачатку будаўніцтва забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу ў ахоўнай зоне мемарыялу.
Эскізны праект ухваляе Навукова-метадычная рада, у складзе якой знаходзіцца Аляксей Мартынаў — падначаленая асоба Аркадзя Ізраілевіча, — і 01.08.2006 года гэты праект узгадняе Міністэрства культуры. 15 лістапада 2007 года Мінскі райвыканкам ухваляе з ІП Лебедзевай дамову арэнды №248 на выкарыстанне плошчы тэрыторыі прыблізна 0,84 га. У 2008 годзе пракладаюцца камунікацыі, здзяйсняюцца будаўнічыя працы, што добра відаць на спадарожнікавым здымку сэрвісу Google Earth.
У 2009 годзе на авансцэну выходзіць кампанія СТАА «БелРэстІнвест», якая, цалкам мажліва, створана адмыслова для рэалізацыі праекту пабудовы забаўляльнага цэнтру «Бульбашъ-холл». Характэрна, што гэтую кампанію Мінскі гарвыканкам рэгіструе 02.09.2009 года, а ўжо 28.12.2009 года, літаральна праз пару месяцаў, яна ўкладае з ІП Лебедзевай І.С. дамову куплі-продажу. Паводле акту прыёму-перадачы маёмасці ад 29.01.2010 года, незавершаная будоўля канчаткова пераходзіць да «БелРэстІнвесту». Кампанія падае ў тэрытарыяльныя органы архітэктуры і будаўніцтва, а таксама ў ДРУП «Дзяржбудэкспертыза па Мінскай вобласці» ўхваленае заключэнне па эскізнаму праекту, выдадзенае Навукова-метадычнай радай ІП Лебедзевай, аднак працягвае будаўніцтва паводле ЗУСІМ ІНШАГА архітэктурнага праекту. Адбываецца гэта без неабходнага ўзгаднення архітэктурнага і эскізнага праектаў камітэтам архітэктуры і будаўніцтва Мінаблвыканкама, а таксама без якога-кольвек ухвалення праектнай дакументацыі Мінкультам.
Нягледзячы на гэтыя грубейшыя парушэнні, Мінскі райвыканкам паводле рашэння з 16.11.2010 года дазваляе СТАА «БелРэстІнвест» праводзіць паралельнае праектаванне і будаўніцтва. 16.04.2012 года Мінскі райвыканкам паводле рашэння Мінскага аблвыканкама ад 26.12.2011 №1821 падпісвае з «БелРэстІнвест» дамову арэнды №646 на дадатковую тэрыторыю — 0,3379 га, з якіх 0,3139, як пазначана ў дамове, — ахоўная зона нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. На незаконнае і самавольнае будаўніцтва забаўляльнага цэнтру, значная частка якога знаходзіцца наўпрост у ахоўнай зоне мемарыялу «Курапаты», як па камандзе, заплюшчваюць вочы тэрытарыяльныя органы архітэктуры і будаўніцтва, а таксама ўпраўленні і аддзелы культуры на раённым і абласным узроўні выканаўчай ўлады.
Вынікам гэтага з’яўляецца рэакцыя Генеральнай пракуратуры Беларусі, якая ў дакуменце ад 17.11.2012 года прапануе старшыні Мінаблвыканкама Барысу Батуры разгледзець усе выяўленыя парушэнні заканадаўства, здзейсніць праверку для вызначэння факту самавольнага захопу зямлі кампаніяй «БелРэстІнвест», прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а лёс незаконных пабудоваў вырашыць у адпаведнасці з часткай 5 арт. 223 ГК. Сярод санкцый артыкула, з улікам асаблівых парушэнняў горадабудаўнічых і будаўнічых нормаў і правілаў, прадугледжаны знос самавольнай пабудовы.
Аднак далей дзяржаўныя органы дэманструюць поўную адсутнасць рэакцыі па кантролі за выкананнем сваіх жа рашэнняў.
Паводле замовы Мінскага райвыканкама, з грубейшымі парушэннямі распрацоўваецца праект дэталёвага планавання (ПДП), ужо пабудаваны забаўляльны комплекс выводзяць з ахоўных межаў паводле рашэнняў у тым ліку і Навукова-метадычнай рады. Характэрна, што распрацоўку гэтага ПДП па ўчастку ад комплексу да мемарыялу Курапаты фінансавала ўсё тая ж кампанія-забудоўнік — «БелРэстІнвест».
У інтэрв’ю парталу TUT.by партнёр Аркадзя Ізраілевіча — Леанід Зайдэс, суўладальнік рэстарацыі «Паедзем паядзім», — не хавае і сумы фінансавання: 350 мільёнаў рублёў, на той час звыш 40 тысяч долараў. Далей адбываецца правактыўная спроба адкрыцця рэстарацыі — у 30-ю гадавіну публікацыі праўды пра Курапаты — і сённяшнія пратэсты грамадскіх актывістаў.
Усе выкладзеныя факты ў гэтым расследаванні маюць стаць нагодаю для ініцыявання Генпракуратурай Беларусі новай праверкі выканання заканадаўства падчас будаўніцтва забаўляльнага цэнтру «Паедзем паядзім» ля найбольшага мемарыяльнага сведчання масавых сталінскіх расстрэлаў у Беларусі.
Інтэрв'ю з Інай Лебедзевай, першым забудоўнікам аб’екту прыдарожнага сэрвісу, які ператварыўся ў забаўляльна-рэстарацыйны комплекс «Паедзем паядзім», чытайце ў № 24 газеты «Новы час», што з'явіцца ў продажы ў суботу, 30 чэрвеня.
***
Днём 29 чэрвеня ў рэдакцыю патэлефанаваў Аляксей Мартынаў і паведаміў, што ў артыкуле ёсць дзве недакладнасці: на момант ухвалення праекта ён ужо не працаваў у кампаніі Аркадзя Ізраілевіча, а з пасады першага намесніка старшыні Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкаму ён быў звольнены ў агульным парадку.