Хронікі рэпрэсій за 4 жніўня
Навіны з таго боку кратаў: затрыманні і суды, палітвязні і «экстрэмісты».
***
Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці на волю 6 жніўня, аднак супраць яе распачалі новую крымінальную справу і перавялі ў СІЗА №3 Гомеля. Пра гэта паведамляе яе муж Андрэй Шарэнда:
«Паліна не выйдзе на волю 6 жніўня па сканчэнню тэрміна. Сёння яе перавялі ў СІЗА-3 Гомля. Чарговы цяжкі этап, пачынае чарговы "год сурка". У СІЗА Паліна будзе да "суду" які выпіша для яе чарговы год катаванняў і здзекаў».
Супраць палітзняволенай ужо другі раз была заведзеная крымінальная справа паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Цяпер жанчыне пагражае да двух гадоў зняволення.
***
— Сёння спаўняецца роўна два гады з дня арышту беларускага філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, — напісана на старонцы палітвязня ў Facebook. — Дзеючы ў краіне рэжым прысудзіў яго да 5 гадоў пазбаўлення волі толькі за тое, што філосаф меў смеласць думаць незалежна і дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі перакананнямі і сумленнем.
Гэтыя два гады былі вельмі цяжкімі. Галадоўка ў лютым 2022 года, якая для Уладзіміра Уладзіміравіча не скончылася трагічна толькі дзякуючы шырокай грамадскай падтрымцы яго патрабаванняў, закрыты суд, сумна вядомая шклоўская калонія, некалькі тыдняў у штрафным ізалятары, якія моцна падарвалі здароўе філосафа, тыдні і месяцы адсутнасці якой бы там ні было сувязі са знешнім светам, новы суд...
Цяпер Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца ў магілёўскай турме, ва ўмовах строгага рэжыму, без перадач і спатканняў, без магчымасці перапісвацца з сябрамі і калегамі.
Нягледзячы на ўсе абмежаванні, мы ведаем, што нават у гэтых умовах Уладзімір Уладзіміравіч працягвае філасофскую і метадалагічную працу, піша тэксты, да якіх мы, на жаль, пакуль не маем доступу. І ведаем, што яму па-ранейшаму важныя развіццё і крытыка яго ідэй, камунікацыя са знешнім светам, уключанасць у актуальныя палітычныя і інтэлектуальныя працэсы
Два гады таму стартавала кампанія салідарнасці» філосаф у турме«, дэвіз якой — »сцены і рашоткі — не перашкода для мыслення". 4 жніўня мы хочам пераадолець гэтыя перашкоды з нашага боку і працягнуць размову з Уладзімірам Мацкевічам, якога нас спрабуюць пазбавіць. Мы будзем разважаць пра тое, якія з яго выказванняў, кніг і думак сёння найбольш актуальныя і пра што б мы пагаварылі, што б абмеркавалі з Уладзімірам Уладзіміравічам сёння, калі б была такая магчымасць.
Але, безумоўна, будзем рады і іншым тэмам, думкам, разважанням, успамінам — усяму, што вы б хацелі сказаць самому філосафу, сказаць свету пра філосафа або пра сітуацыю ў цэлым.
Вы можаце далучыцца да нашага флэшмобу, апублікаваўшы ў сваіх сацыяльных сетках лагатып (малюнак у дадатку) і пост з хэштэгам: #философ_не_должен_быть_в_тюрьме. Як і тысячы іншых беларусаў, усё злачынства якіх складаецца ў тым, што яны адважыліся выказаць свой пратэст супраць несправядлівасці і гвалту.
***
У Магілёве КДБ затрымаў музыку гурта «Wonder Spak» Паўла Лапікава. Відэа з беларусам апублікаваў набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал. На ім Лапікаў кажа, што затрыманы за «фінансаванне экстрэмісцкіх фарміраванняў» «BySol», «ByHelp» і «ByPol». У якім статусе і дзе цяпер знаходзіцца музыка — невядома.
***
Затрымалі начальніка аддзела збыту арганізацыі «Сангригрупп» Івана Панамарова. Яго абвінавачваюць у напісанні паведамлення ў бот «Нехта». Мужчыну 36 гадоў, ён мінчук. Цяпер яму, паводле сцвярджэнняў ГУБАЗіКа, пагражае да пяці гадоў турмы.
У 2019 годзе Панамароў стаў начальнікам аддзела кампаніі, якая займаецца забеспячэннем на прамысловых і сельскагаспадарчых вытворчасцях. У базе «Кіберпартызан» таксама ёсць адзнака аб тым, што ён працаваў у структурах МУС, але самога запісу ў базе работнікаў МУС няма — невядома чаму. Яго бацька — пенсіянер міліцыі.
Сілавікі сцвярджаюць, што пасля затрымання здолелі атрымаць фота з пратэстаў з яго тэлефона. Таксама нібыта ён не выдаляў чат з ботам «Нехта», у які даслаў інфармацыю.
***
Суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў тэлеграм-канал пра нефармальную адукацыю «Варушыся!» «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Такая інфармацыя з'явілася ў абноўленым «Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Мінінфарма.
Тэлеграм-канал «Варушыся!» налічвае больш за 3,5 тысячы падпісчыкаў. Там публікуюць інфармацыю пра адукацыйныя магчымасці для беларусаў: бясплатныя семінары, канферэнцыі, стажыроўкі і трэнінгі. Таксама навіны пра гранты, якія выдзяляюцца на адукацыйныя ініцыятывы, дзе могуць удзельнічаць беларусы.
***
Суддзя Дубровенскага раёна Марыя Цыклінская 15 чэрвеня за падпіску на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы ў сацыяльных сетках пастанавіла аштрафаваць на 370 рублёў маці траіх малалетніх дзяцей Святлану Маталыгіну.
На судовым пасяджэнні быў устаноўлены факт таго, што «правапарушальніца» з дапамогай тэлефона з 2020 года ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» мела падпіску на інфармацыйную прадукцыю ў дзвюх суполках, уключаных у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Міліцыя выявіла гэтую інфармацыю падчас маніторынгу інфармацыйных рэсурсаў у інтэрнеце.
***
Як мінімум 7 сілавікоў у поўным абмундзіраванні прыйшлі затрымліваць хлопца за «экстрэмісцкую» падпіску ў сацсетках. На «пакаяльным відэа» затрыманы Уладзімір Паўлавец кажа, што быў падпісаны ў сацсетках на старонку «Зеркало», а таксама нібыта далучыўся да чат-бота плана «Перамога». Бачна, што хлопца збілі пасля затрымання — у яго гематома і сінякі на твары.
Відэа затрымання апублікаваў прапагандыст Азаронак, здзекліва пракаментаваўшы збіццё беларуса словамі «Что с лицом?».
***
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 25 прозвішчаў — цяпер у ім 3111 чалавек.
4 жніўня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі супрацоўніцу службы «Адно акно» Кастрычніцкага раёна Мінска Святлану Бычкоўскую, адміністратара Telegram-канала Уладзіміра Астапчыка, палітвязня Яраслава Саковіча, якога катавалі за дапамогу Украіне, піша «Вясна».
***
Як паведамляе ў Instagram ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях АПК Вольгі Гарбуновай @klopat_by, на сённяшні дзень няма аніякай інфармацыі пра адных з самых вядомых беларускіх палітзняволеных: Марыю Калеснікаву — 171 дзень, Максіма Знака — 176 дзён, Мікалая Статкевіча — 177 дзён, Ігара Лосіка — 166 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 148 дзён, Віктара Бабабрыку — 99 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны» ў Беларусі на дадзены момант налічваецца 1489 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1739 чалавек. Сярод іх — 196 жанчын і 8 непаўнагадовых. 17 палітвязняў былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.