Хронікі рэпрэсій за 23 жніўня: на волю выйшаў онкахворы палітвязень, вызвалілі былога супрацоўніка БТРК

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі за сённяшні дзень.

hroniki_represij2_5_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1380 дзён, Дзяніс — 1260. Мікола сёння за кратамі святкуе свой Дзень народзінаў.

***

На волю па памілаванні выйшаў палітвязень з чацвёртай стадыяй анкалогіі Павел Кучынскі, паведаміў праваабаронца Аляксандр Капуцкі. «З Маладзечна прыйшла да мяне добрая вестка: вызвалілі анкахворага палітвязня Паўла Кучынскага. Праўда, як перадае яго сябар, прывезлі хлопца з турэмнай бальніцы ў гарадскую ў не вельмі, мякка кажучы, здавальняючым стане — з пнеўманіяй».

Палітвязень мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго трымалі ў зняволенні больш за два гады. У чэрвені пазамінулага года яму прысудзілі пяць гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі зменшылі прысуд усяго на тры месяцы.

На волю зтаксама выйшлі былы супрацоўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Дзмітрый Лукша і асуджаная разам з ім жонка Паліна Палавінка. Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі знаёмыя журналіста. Як паведамілі крыніцы выдання, пару вызвалілі месяцам раней. Іх імёны былі ў спісе 18 палітвязняў, вызваленых 3 ліпеня па ўказе Лукашэнкі.

***

5 верасня асуджанага на 15 гадоў калоніі аўтара ютуб-канала «MozgON» Уладзіміра Цыгановіча будуць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» (арт.411 Крымінальнага кодэкса) трэці раз, піша «Вясна».

Цыгановіча затрымалі 9 чэрвеня 2020 года. Яго абвінавацілі ў «распальванні сацыяльнай варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненай групай асоб» (ч.3 арт.130 КК) і ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (ч.1 арт.293 КК).

14 снежня 2021 года Гомельскі абласны суд прысудзіў Цыгановіча да 15 гадоў калоніі. Праз год яго перавялі на турэмны рэжым. Вясной 2023 года супраць Цыгановіча распачалі крымінальную справу за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі». 10 красавіка 2023 года яго прысудзілі да аднаго года пазбаўлення волі ў дадатак да 15 гадоў пазбаўлення волі. Праз паўгода яго асудзілі другі раз па тым жа артыкуле. Вынікі другога суда за «непадпарадкаванне» невядомыя.

***

Асуджанага да 6 гадоў і 3 месяцаў калоніі антыфашыста Цімура Піпія таксама абвінавачваюць у «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі» (арт.411 КК), піша «Вясна».

Судовы працэс над ім пройдзе ў судзе Наваполацка 5 верасня.

2 ліпеня суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў антыфашыстаў Віталя Шышлова, Дзяніса Балтуця, Цімура і Тамаза Піпія да пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму на тэрміны ад пяці да шасці гадоў і трох месяцаў. Яны абвінавачваліся ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» (ч.2 арт.293 КК), а таксама ў «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК) і «гвалце над міліцыянтамі» (арт.364 КК).

У судзе абвінавачаныя па справе расказалі пра катаванні з боку супрацоўнікаў міліцыі.

Цімур Піпія сказаў, што пасля затрымання яго паклалі тварам у падлогу ў мікрааўтобусе, на шляху ў Следчы камітэт сілавікі білі яго рукамі і электрашокерам каля дзвюх гадзін, а ў прамежках тлумачылі, што менавіта яму трэба будзе гаварыць на допыце.

Пры гэтым, паводле слоў Піпія, сілавікі настойвалі: калі ён будзе адмаўляцца, то наступныя некалькі гадзін катаванні будуць паўтарацца. Акрамя гэтага, падчас апытання адзін з сілавікоў пагражаў затрыманаму, што яго сястра можа апынуцца ў турме.

***

Магілёўскі абласны суд разгледзіць апеляцыйную скаргу Эдуарда Бабарыкі 18 верасня, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Рашэнне прыме судовая калегія пад старшынствам суддзі Сяргея Каралёва.

Эдуарда прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі ў ліпені 2023 года. Пры гэтым у тэрмін не быў закладзены час утрымання ў СІЗА КДБ па першапачатковым абвінавачванні — паўтара года. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Палітвязень адбывае тэрмін у бабруйскай калоніі № 2. Там на яго ўвесь час аказваўся ціск з боку адміністрацыі калоніі, і з 1 красавіка яго змясцілі ў ПКТ.

Ужо 12 ліпеня Эдуарда зноў асудзілі ў Бабруйску. Гэтым разам яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Суддзя Павел Картынін дадаў палітвязню яшчэ 2 гады пазбаўлення волі.

***

Сілавікі затрымалі бармэна з Кобрына за ўдзел у пратэстах 2020 года. Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, піша «Медыязона».

На камеру мужчына кажа, што ў 2020 годзе ён удзельнічаў у счэпцы і перакрываў дарогу.

«Медыязона» знайшла старонку затрыманага ў «ВКонтакте». Там ён падпісаны як Ігар Чэб. На старонцы мужчыны шмат фота ў форме пагранвойскаў. На камеру затрыманы кажа, што працуе бармэнам у кобрынскай піцэрыі «Італьяна».

Па якім артыкуле затрыманы мужчына і дзе цяпер знаходзіцца, невядома.

***

Жыхарку горада Сянно Эльвіру Конышаву, якая працуе ў «хуткай дапамозе», абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП), піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».

Адміністрацыйную справу ў дачыненні да Конышавай разглядалі сёння ў судзе Віцебскага раёна.

Дзяўчына скончыла Аршанскі медкаледж і Віцебскі дзяржуніверсітэт па спецыяльнасці «Псіхалогія і сацыяльная педагогіка».

У чым менавіта абвінавачваюць Конышаву, невядома.

***

Сілавікі затрымалі брэстаўчаніна за «ўдзел у пратэстах» уначы 10 жніўня 2020 года, відэа з ім апублікаваў праўладны канал, паведамляе «Медыязона». У чацвер, 22 жніўня, сілавікі давалі справаздачу аб затрыманні яго жонкі.

Затрымліваць жыхара Брэста прыехаў атрад спецназа «Шторм», як мінімум трое ўзброеных сілавікоў у абмундзіраванні. Яго павалілі на асфальт і заламалі рукі.

На відэа мужчына кажа, што ў 2020 годзе знаходзіўся на праспекце Машэрава на праезнай частцы і разам з іншымі пратэстоўцамі кідаў у бок сілавікоў камяні і брук.

Паводле якіх менавіта артыкулаў затрыманы мужчына і што з ім цяпер — невядома, Аўтары блізкага да сілавікоў канала пішуць, што ён «мае ўсе шанцы заехаць у турму на 8 гадоў».

***

Суд Глускага раёна змясціў 15-гадовую ў спецвучэльню на два гады, піша тэлеграм-канал «MAYDAY TEAM».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, заяву ў суд падала раённая камісія па справах непаўналетніх пры Глускім райвыканкаме. У сваёй заяве камісія паказала, што «дзяўчына, якая з'яўляецца навучэнкай 10 класа адной з устаноў адукацыі Глуска, мае патрэбу ў асаблівых умовах выхавання».

Прычынай для заявы стала крымінальная справа па артыкуле аб «абразе прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК), якую расследавалі супраць школьніцы.

Як піша «MAYDAY TEAM», у лютым 2024 года школьніца зняла і апублікавала ў сацсетках ролік і такім чынам «здзейсніла наўмысную абразу прадстаўніка ўлады ў асобе супрацоўніка органаў унутраных спраў».

Акрамя таго, школьніцу абвінавачвалі і па адміністрацыйным артыкуле аб «абразе» (арт.10.2 КаАП).

На судзе супраць абвінавачвання выступілі і бацькі школьніцы, і яна сама. Але суд вырашыў, што «метады прафілактычнага ўздзеяння вынікаў не даюць» і што «карэкцыя яе паводзінаў не можа быць ажыццёўлена па месцы жыхарства».

***

КДБ прызнаў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» тэлеграм-канал і ютуб-канал «Жыве», а таксама ініцыятыву OEEC, яе сайт і сацсеткі.

Як сказана ў абноўленым спісе «экстрэмісцкіх фарміраванняў» на сайце МУС, да канала «Жыве» мае дачыненне блогер Вячаслаў Папсо, а да ініцыятывы OEEC — Святлана Зінкевіч, Алеся Гатоўчыц і Валерыя Ваўкагонава.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуў увагу на тое, што блогер Папсо, які жыве ў Літве, нядаўна выдаліў частку сваіх відэа і перастаў адказваць на паведамленні ў сацсетках. Праваабаронцы мяркуюць, што ён мог паехаць у Беларусь, дзе яго маглі затрымаць.

***

На сённяшні дзень вядома пра як мінімум 91 асуджанага за данаты паводле арт. 361-2 КК («Фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання») і ў сукупнасці з арт. 290-1 КК. Гэта людзі розных прафесій, сфераў дзейнасці і сацыяльнага статуса: галоўны інжынер буйнога прадпрыемства і былы супрацоўнік банка, сын палітыка і выкладчыца англійскай мовы, псіхалагіня і прэс-сакратар, біёлаг і мастачка з Брэста, пішуць праваабаронцы. 

Таксама ў Беларусі пачасціліся выпадкі пераследу паводле арт. 290-1 КК «Фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» — за данаты ў розныя ініцыятывы, напрыклад у «BYPOL» і «Кіберпартызаны». Па ім ужо асудзілі як асобна, так і ў сукупнасці з арт. 361-2 КК як мінімум дзесяць чалавек.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 568 дзён, Максіма Знака — 562 дні, Мікалая Статкевіча — 559 дзён, Ігара Лосіка — 550 дзён, Віктара Бабарыкі — 488 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 418 дзён, Уладзіміра Гундара — 385 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1377 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1463 чалавекі. Сярод іх — 186 жанчын і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.