Хронікі рэпрэсій за 22 жніўня: 15 новых палітвязняў і суд над бацькам палітвязня Мікіты Залатарова
У Беларусі 15 новых палітвязняў. Гэта Станіслаў Шапель, Дзмітрый Пазнякоў, Антон Шарупа, Віталь Саўко, Барыс Грынкевіч, Андрэй Мірэйчык, Андрэй Грыгор'еў, Вікторыя Волчак, Ганна Савачкіна, Таццяна Русак, Уладзіслаў Наважанцаў, Дзяніс Сакалоў, Вілен Тургуноў, Дзмітрый Асіюк, Яўген Пугач.
- Хто гэтыя новыя палітвязні чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі?
Праваабаронцы выступілі з адмысловай заявай, у якой адзначаецца: “Прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным. Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў”.
Првваабаронцы патрабуюць:
•перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і выбраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
•вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
•неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
- Instagram-старонка блогера і палітыка Вадзіма Пракоп'ева прызнаная «экстрэмісцкай»
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Светлагорскага раёну 16 жніўня. На старонку Пракоп'ева падпісана крыху менш за 7000 чалавек.
Таксама ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Cardinalis», «Чпоньк распространение»;
- Instagram-старонкі barys._kurylovich», «belmysl», «belstudentstvo», «stepan_fairplay», «belaruseconomy»;
- TikTok-старонкі «igar_belarus» і яе лагатып.
- БХК звярнуўся да спецдакладчыкаў ААН з-за прызнання іх рэсурсаў экстрэмісцкімі матэрыяламі
Юрысты Беларускага Хельскінскага камітэта звярнуліся да спецыяльных дакладчыкаў ААН па пытаннях аб свабодзе меркаванняў і іх вольным выказванні, становішчы праваабаронцаў і па сітуацыі ў Беларусі з інфармацыяй аб прызнанні рэсурсаў праваабарончай арганізацыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Праваабаронцы звярнулі ўвагу, што прызнанне рэсурсаў БХК экстрэмісцкімі матэрыяламі не толькі ўскладняе дзейнасць самой арганізацыі, але і ставіць пад пагрозу бяспеку іншых анлайн-платформаў і прыватных асоб, якія ўзаемадзейнічаюць з гэтымі матэрыяламі.
- Пачалі судзіць Міхаіла Лапунова, бацьку палітвязня Мікіты Залатарова
У Гомельскім абласным судзе сёння, 22 жніўня, пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенага Міхаіла Лапунова паводле ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Працэс вядзе суддзя Алеся Осіпава.
Міхаіл — бацька палітзняволенага Мікіты Залатарова, якога затрымалі непоўнагадовым у 2020 годзе. У 2021 годзе Мікіту асудзілі паводле трох крымінальных артыкулаў на 4,5 гады турмы ва ўмовах строгага рэжыму.
У мінулым кастрычніку «экстрэмісцкім фармаваннем» паводле рашэння КДБ быў прызнаны закрыты Telegram-чат «Гомель за Никиту Золоторева», а яго адзіным пазначаным удзельнікам — бацька палітвязня.
- Прызначана дата апеляцыі па справе палітвязня Эдуарда Бабарыкі
Эдуарда Бабарыку ў ліпені 2023 года асудзілі да 8 гадоў зняволення. Пры гэтым у тэрмін не залічылі час утрымання ў СІЗА КДБ па першапачатковаму абвінавачванню — паўтара года. Яго прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Тэрмін палітвязень адбывае ў бабруйскай калоніі № 2. Там на яго ўвесь час ціснула адміністрацыя калоніі, а з 1 красавіка яго змясцілі ў ПКТ.
Ужо 12 ліпеня ў Бабруйску Эдуарда зноў асудзілі. Гэтым разам яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Павел Карцінін дадаў палітвязню яшчэ 2 гады зняволення.
Магілёўскі абласны суд 18 верасня разгледзіць апеляцыйную скаргу Эдуарда. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Сяргея Каралёва.
- «Бацькі папрасілі мяне з імі пагандлявацца»
Як брэсцкі ГУБАЗіК трымаў за кратамі дзяўчыну, пакуль яе бацькі збіралі грошы на «добраахвотнае ахвяраванне»
Наталля, жыхарка Брэста, у 2020 годзе зрабіла данат у фонд салідарнасці Bysol. Пазней дзяўчына з’ехала з мужам у Польшчу на вучобу і забыла пра гэты перавод. Сёлета летам дзяўчына вярталася на радзіму на пахаванне блізкага сваяка і была затрыманая на мяжы.
Спачатку ёй назвалі суму «ахвяравання» ў 250 разоў большую за суму даната і сказалі яе родным шукаць грошы. На гэты час дзяўчыну змясцілі ў ІЧУ.
Наталля распавядае, як спрабавала зменшыць суму «добраахвотнага ахвяравання».
Гэта яшчэ раз паказвае, наколькі адвольна сілавікі прызначаюць штрафы тым, хто данаціў.
«Бацькі папрасілі мяне з імі пагандлявацца. У нас небагатая сям’я, таму такія вялікія грошы я так хутка не сабрала бы. У выніку мы дамовіліся на суму ў два разы меншую ад першапачатковай. Атрымаўся штраф прыкладна ў сторазовым памеры».
- Жыхара Кобрына затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту
Мужчыну затрымлівалі як мінімум чацвёра ўзброеных сілавікоў у абмундзіраванні. На «палонным відэа» ён кажа, што падчас пратэстаў выходзіў на праезную частку дарогі і стаяў у счэпцы. У відэа таксама паказваюць татуіроўкі затрыманага — эмблему футбольнага клуба «Дынама-Брэст» і абрэвіятуру «ACAB».