Хронікі рэпрэсій за 17 лістапада
«Кіберпартызаны» растлумачылі, чаму сілавікі затрымалі айцішніка з выдаленым тэлеграмам; МУС абнавіў пералік экстрэмістаў; гомельскі актывіст Васіль Палякоў аб'явіў галадоўку ў зняволенні — такія навіны сённяшняга дня з Беларусі.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо каля тысячы дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1100 дзён, Дзяніс — 980.
***
Палітзняволены актывіст анархісцкага руху, блогер Мікола Дзядок за кратамі працягвае самаадукацыю, вывучае замежныя мовы, з кніг замаўляе слоўнікі, даведнікі, падручнікі. «Сядзіць у адзіночнай камеры. На прагулкі выводзяць рэгулярна, на гэта не скардзіцца. Са здароўем ёсць праблемы: страўнік, галаўны боль. Але спрабуе з імі разабрацца. Чарговую медыцынскую бандэроль для яго прынялі без праблем. На харчаванне таксама не наракае.
Цяпер ён самастойна вучыць нямецкую і арабскую мовы, не забывае і пра англійскую. Сярод кніг, якія яму ўдаецца замаўляць, у асноўным слоўнікі, даведнікі, падручнікі. Арабская мова для яго не проста хобі, але і прафесійны занятак, бо яго дыпломная праца ў ЕГУ прысвячалася паліталагічным праблемам на арабскім Блізкім Усходзе. Калі Мікалай бываў у Ізраілі і Іарданіі, дык кантактаваў з арабамі на іх роднай мове. Цяпер, пэўна, яго веды арабскай сталі яшчэ большымі», — паведамляе крыніца «Радыё Свабода».
***
У кастрычніку на волю выйшаў асуджаны за «распальванне варожасці» (арт.130 Крымінальнага кодэкса) гамяльчук Дзмітрый Канеўскі. Вядома пра гэта стала толькі цяпер, паведамляе «Гомельская Вясна».
17 чэрвеня 2021 года яго прысудзілі да 3 гадоў калоніі. Следства сцвярджала, што Канеўскі ў чаце «Гомель Савецкі 97» напісаў «АМАП — фашысты». Перад гэтым, як сцвярджаў асуджаны, ён «даведаўся, што яго калегу Антона Марцінкевіча забілі амапаўцы». Пра смерць яму сказалі бацька і дзяўчына Марцінкевіча. Следчыя запэўнілі Канеўскага, што яго сябрук жывы, але не дазволілі з ім паразмаўляць, пісаў «Флагшток».
8 лістапада суд Цэнтральнага раёна Гомеля арыштаваў на 15 сутак брата Дзмітрыя Канеўскага Аляксандра. Суд прызнаў яго вінаватым у «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КК).
Аляксандр і Дзмітрый Канеўскія — сыны асуджанай гомельскай актывісткі руху «Маці 328» Таццяны. Падчас выбарчай кампаніі 2020 года яна была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай, у 2019 годзе ўдзельнічала ў парламенцкіх выбарах.
Таццяну затрымалі ў жніўні 2020 года, у траўні 2021 года суд прысудзіў яе да 6 гадоў калоніі паводле абвінавачання ў «падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў» і «падрыхтоўцы да захопу будынкаў». У студзені 2022 года стала вядома, што актывістку перавялі на турэмны рэжым.
***
«Кіберпартызаны» патлумачылі, чаму сілавікі схапілі айцішніка, які вярнуўся з Польшчы, хоць ён выдаліў свой Telegram.
На пачатку лістапада сілавікі паведамілі пра затрыманне айцішніка, які прыехаў у Беларусь з Польшчы. Паведамлялася, што перад вяртаннем на радзіму мужчына выдаліў свой акаўнт у Telegram, але гэта яму не дапамагло. «Кіберпартызаны» патлумачылі, чаму так адбылося.
Затрыманы актыўна пісаў у палітычных чатах, «Кіберпартызанам» удалося знайсці тысячу каментароў, паколькі ўсе яны застаюцца ў Telegram нават пасля выдалення акаўнта. Айцішнік карыстаўся адным і тым жа нікам і ў Telegram, і ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».
— Юзернейм вельмі ўнікальны, што дазваляе з высокай доляй верагоднасці ўстанавіць асобу. Выдаліўшы стары акаўнт у Telegram, з якога пісаў у палітычных чатах, ён завёў новы ўліковы запіс, але пакінуў ранейшы нік. Такім чынам, новы акаўнт было нескладана звязаць з яго асобай і ранейшымі каментарамі, — патлумачылі ў ініцыятыве.
***
Гомельскага грамадскага актывіста Васілія Палякова асудзілі паўторна, паведамляе «Вясна». Суд прызначыў яму 15 сутак арышту за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Арышт Васіль адбывае ў ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі.
Вядома, што актывіст абвясціў галадоўку ў знак пратэсту супраць беспадстаўнага палітычнага пераследу.
***
58-гадовы жыхар Асіповічаў абвінавачваецца ў «паклёпе на Лукашэнку» (ч.2 арт.367 КК), піша «Медыязона» са спасылкай на прэс-службу Следчага камітэта. Ён затрыманы і знаходзіцца пад вартай.
Жыхару Асіповічаў ставяць у віну допісы ў сацыяльных сетках. У іх затрыманы нібыта абвінаваціў Лукашэнку ў «здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства». Пра якое менавіта злачынства ідзе гаворка, не паведамляецца. Напісаны допісы былі ў верасні 2020 года.
***
Старонка Анатоля Лябедзькі ў «Аднакласніках» прызнана «экстрэмісцкай», паведамляюць праваабаронцы. Адпаведнае рашэнне прынята судом Ленінскага раёна Магілёва 13 лістапада. Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі:
- Telegram-канал і чат-бот «АСП Тэрор»;
- Сайт belzhd.infо;
- Сайт і Facebook-старонка «ГОЛОС»;
- Telegram-канал «belonews»;
- Сайт і старонкі ў сацсетках «WESTERN BATTALION»;
- Instagram-старонкі «beldomua», «bsdp_hramada», «bmhuborg», «dapamogalt»;
- Суполкі ў «ВКонтакте» «Информ-Прогулка Лунинец», «Вiцебск Вольны»;
- TikTok-старонка «dymrr4zwr095».
***
17 лістапада МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», піша «Вясна».
Сярод іншых, у спіс дадалі айцішніка Дзмітрыя Маставога, які нібыта наладзіў відэатрансляцыю з аэрапорта ў «Мачулішчах», журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч, сына палітыка Анатоля Лябедзькі — Арцёма Лябедзьку.
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 277 дзён, Максіма Знака — 282 дні, Мікалая Статкевіча — 278 дзён, Ігара Лосіка — 272 дні, Сяргея Ціханоўскага — 256 дзён, Віктара Бабарыкі — 206 дзён, Уладзіміра Гундара — 105 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1449 палітвязняў. У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1677 чалавек. Сярод іх — 178 жанчын і 7 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.