Хронікі рэпрэсій. Вызваленая Таццяна Ласіца па спісе экстрэмістаў «адбывае пакаранне»

Сабралі інфармацыю ад праваабаронцаў і медыя пра палітычны пераслед беларусаў 7 кастрычніка.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg


У набліжаным да ГУБАЗіК тэлеграм-канале 7 кастрычніка апублікавалі «пакаянныя» відэа з затрыманымі напярэдадні журналістамі Аляксандрам Лычаўко і Сняжанай Інанец.

На відэа журналісты кажуць, што былі затрыманыя за падпіску на тэлеграм-каналы, якія беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі, а таксама за тое, што хадзілі на маршы ў 2020 годзе.

Сняжана і Аляксандр — муж і жонка. Сняжана раней працавала ў T*T.BY, цяпер — у Onliner. Аляксандр — мінскі краязнаўца і журналіст, які, па сцвярджэнні сілавікоў, супрацоўнічаў з The Village. Раніцай 6 кастрычніка яны перасталі выходзіць на сувязь. Пазней з'явілася інфармацыя, што іх затрымалі.

* * *

Праваабаронцаў-вясноўцаў з Гомеля Леаніда Судаленку і Таццяну Ласіцаўключылі ў «спіс экстрэмістаў». Пра гэта стала вядома ў дзень, калі кіраўнік гэтай арганізацыі Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

24 верасня Таццяну вызвалілі па амністыі. Усяго Ласіца правяла за кратамі 1 год і 8 месяцаў. Між тым у «спісе экстрэмістаў» сказана, што Таццяна дагэтуль «адбывае пакаранне».

* * *

Гродзенскі абласны суд прысудзіў 26-гадовага Андрэя Сачэўку да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, прызнаўшы яго вінаватым па ч.1 арт. 130 і ч. 1 арт. 293 КК. Вядома, што ў мужчыны псіхічнае захворванне. Андрэй таксама ўключаны ў спіс арганізацый і асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.

Прысуд вынес Васіль Скок. Бок дзяржабвінавачання падтрымала Галіна Войшал.

Мужчына віну не прызнаў, а толькі пацвердзіў факт напісання каментароў 11 і 12 жніўня 2020 года. Удзел мужчыны ў гарадзенскіх Маршах пасля прагляду відэазапісу не пацвердзіўся.

* * *

Мінчука Яўгена Краўчука затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту. Хлопец нібыта прымаў удзел у паслявыбарчых пратэстах, выходзіў на вуліцу і фатаграфаваўся з Нінай Багінскай — менавіта па гэтай фатаграфіі яго і вылічылі.

* * *

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне жыхара Гродна за абразлівыя каментары ў адрас Лукашэнкі, Пуціна і Кадырава. Мужчына таксама нібыта заклікаў да гвалту ў дачыненні да расійскіх салдат, якія ваююць на Украіне. На апублікаваным «пакаянным відэа» сілавікі прымусілі затрыманага асобна папрасіць прабачэння перад Кадыравым і вымавіць «Ахмат сіла» на фоне сцяга Чачні.

* * *

У Гродзенскім абласным судзе вынесены прысуд Юрыю Станеўскаму. Яго абвінавацілі па шасці артыкулах КК, і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 7 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічынь. Раней КДБ унёс Станеўскага ў свой тэрарыстычны спіс. Справу разглядаў суддзя Анатоль Заяц.

38-гадовага Юрыя Станеўскага затрымалі ў канцы снежня 2021 года. Згодна з матэрыяламі справы, мужчына ў «дэструктыўным Telegram-чаце размяшчаў паведамленні, накіраваныя на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці ў адносінах да вылучаных ім у паведамленнях сацыяльных груп, у тым ліку асобам іншай нацыянальнасці і іншага веравызнання». Там жа ўтрымліваліся абразы ў адрас Лукашэнкі, іншых прадстаўнікоў улады і іх блізкіх, гучалі пагрозы ў адрас службовых асоб, якія выконваюць свае службовыя абавязкі, уключаючы Лукашэнку, і іх блізкіх.

* * *

У судзе Наваполацка вынесены прысуд 40-гадоваму мясцоваму жыхару Максіму Камкову, які абвінавачваўся ў абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 КК. Справу разглядаў суддзя Віталь Лапко.

Згодна з абвінаваўчым актам, Максім размясціў у «ВКонтакте» фатаграфію пацярпелага супрацоўніка паліцыі Ляшко, яго асабістыя звесткі, «тым самым публічна абразіўшы яго як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў». Мужчыне далі паўтара года «хіміі».

* * *

Камітэт абароны журналістаў заклікаў вызваліць Ірыну Леўшыну, Дзмітрыя Наважылава і Андрэя Аляксандрава, асуджаных па «справе БелаПАН».