Хронікі рэпрэсій. У Беларусі судзілі за тое, што «павольна адчыніў дзверы»

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 26 траўня.

_kaljuczka___drot___njavolja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_2.jpg


Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне ў Барысаве Аляксандра Ярмоленкі. Ноч з 25 на 26 траўня ён правёў у СІЗА. Прычынай уварвання супрацоўнікаў міліцыі быў нібыта данос знаёмага з нагоды ўдзелу Ярмоленкі ў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах. Судзілі яго за адміністрацыйнае правапарушэнне паводле арт.24.3 КаАП («Непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі»). Згодна з пратаколам, абвінавачаны «павольна адчыняў дзверы», калі міліцыянты патрабавалі іх адкрыць.

Суд прызначыў Аляксандру Ярмоленку штраф (сума невядомая).

* * *

26 траўня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю палітвязня Анджэя Пачобута. Суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў прысуд Пачобуту без змен, а касацыйную скаргу адхіліў. Неўзабаве журналіста перавядуць у калонію.

Судовы працэс прайшоў у Гродзенскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Суддзя Дзмітрый Бубенчык у лютым прызначыў журналісту 8 гадоў пазбаўлення волі.

* * *

26 траўня МУС падрыхтавала традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «спісу грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Ён папоўніўся яшчэ 68 прозвішчамі. Сярод іншых — Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Яніна Сазановіч, Аляксандр Францкевіч, Дзмітрый Навоша. Цяпер у спісе 2868 чалавек.

* * *

У Полацку і Наваполацку днямі былі затрыманы супрацоўнікі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Паводле праваабаронцаў, затрымалі не менш за 15 чалавек. Раней паведамлялася, што не менш за чацвёра навукоўцаў былі адпраўлены ў турму, яшчэ трое аштрафаваны.

Цяпер стала вядома, што ўчора быў вынесены прысуд кандыдату архітэктуры, былой загадчыцы кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Галіне Захаркінай. Яе аштрафавалі на 2960 рублёў (80 базавых велічынь).

Таксама на 15 сутак адпраўлены ў турму выкладчык кафедры гісторыі і турызму Сяргей Глазырын і дацэнт кафедры гісторыі і турызму, кандыдат гістарычных навук Віктар Чараўка.

* * *

У Лідзе затрымалі васьмярых мясцовых жыхароў. Затрыманыя — ва ўзросце ад 25 да 50 гадоў — раней не былі асабіста знаёмыя, паведамляюць самі сілавікі.

На лідчан складзены адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у чаце, а на двух заведзены крымінальныя справы за падзеі 2020 года. Усіх васьмярых прымусілі на камеру спаліць гістарычны бел-чырвона-белы сцяг Беларусі.

* * *

Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк на знак пратэсту супраць катаванняў і ўмоў утрымання за кратамі адмаўляецца ад беларускага грамадзянства, паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда.

«Некалькі дзён таму да маці Паліны чарговы раз вярнулася медычная бандэроль, з неабходнымі для Паліны медычнымі прэпаратамі. Паліна ўжо больш за год не прымала патрэбныя для функцыянавання пячонкі медыкаменты. Стала вядома, што яе этапавалі з калоніі №24 (Зарэчча) для праходжання судова-псіхіятрычнай экспертызы. Месцазнаходжанне Паліны зараз невядомае.

Паліну марудна, але мэтанакіравана забіваюць. Арганізм Паліны настолькі знясілены, што ёй ужо цяжка хадзіць. Праз адсутнасць сонечнага святла зрок у Паліны моцна сапсаваўся.

Паліна разумее, што з яе выцягваюць жыццё, і спрабуе супраціўляцца… Паліна адмаўляецца ад беларускага грамадзянства, і падала афіцыйны зварот аб гэтым. Паліна адмаўляецца ад беларускага пашпарта, са сталінскім гербам на вокладцы. Яна больш не хоча мець нічога агульнага з акупацыйным рэжымам, што ўсталяваўся ў Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі. Рэжымам, які ўдзельнічае ў акупацыйнай вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах. З моманту адмовы ад грамадзянства Паліна перастае ўважаць сабе падуладнай усялякім законам акупацыйнай улады і адмаўляецца выконваць ўсе патрабаванні. Таксама Паліна цалкам адмаўляецца падпарадкоўвацца адміністрацыі калоніі, суду і іншым сілавым структурам. Паліна падкрэслівае, што застаецца беларускай і патрыёткай сваёй Радзімы – Беларусі, і будзе да канца жыцця змагацца за яе свабоду», — паведаміў Андрэй Шарэнда.

* * *

Былога байкера Ігара Шумілава пачнуць судзіць 30 траўня ў Баранавічах. Супраць яго завялі крымінальную справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі») і арт. 367 КК («Паклёп на Лукашэнку»). Справу будзе разглядаць суддзя Мікалай Кміта.

У Шумілава інваліднасць трэцяй групы. Дзесяць гадоў таму ён трапіў у ДТЗ і страціў нагу.

* * *

Віцебскага арт-менеджара і музыканта Уладзіміра Булаўскага судзілі па рэдкім артыкуле 342-2 КК («Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). У выніку Віцебскі суддзя Міхаіл Юрчанка прысудзіў яго да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму.

На судзе Уладзімір віны не прызнаў і даваў паказанні на беларускай мове.

* * *

31-гадовага таксіста Артура Башко затрымалі яшчэ раніцай 17 траўня ў Мінску, паведамляюць праваабаронцы. Чацвёра сілавікоў чакалі ў пад'ездзе, а калі маці Артура, вяртаючыся дадому, адчыніла дзверы, уварваліся ў кватэру. Сам Артур у гэты час яшчэ спаў.

Сілавікі правялі ператрус, нешта вынеслі з кватэры ў пакеце, па падлозе раскідалі паперы. Пасля затрымання мужчыны адзін з сілавікоў сказаў маці, што яго забралі «па палітыцы».

Вядома, што Артур мае праблемы са здароўем — яму павінны былі рабіць аперацыю па выдаленні шчытавіцы. Пасля затрымання мужчына патэлефанаваў родным і папрасіў перадаць яму неабходныя лекі. На Акрэсціна іх прынялі.

Пасля над ім адбыўся суд, але сваякі не ведаюць, па якім артыкуле. Як мяркуецца, Артура Башко прысудзілі да 13 сутак арышту. Аднак цяпер родныя не ведаюць, дзе ён знаходзіцца.

* * *

Полацкага святара Аляксандра Шаўцова арыштавалі на 15 сутак. Судзілі святара афіцыйна за рэпосты матэрыялаў сайта «Хартыя-97» у сацыяльнай сетцы «УКантакце» (арт. 19.11 КаАП — «Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»).

* * *

У Мінгарсудзе разглядзелі апеляцыйную скаргу палітвязня Алега Швайко. Суддзя Валянціна Зянькевіч пакінула прысуд без змен,  а скаргу — без задавальнення.

Алега асудзілі ў сакавіку ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы да двух гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК за падзеі 2020 года.

Алег працаваў з жаночай камандай у футбольным клубе «Мінск». Вядома, што ён выказваў актыўную пазіцыю наконт падзей у Беларусі ў 2020 годзе. У канцы 2021-га трэнер пакінуў структуру «Мінска» і пачаў трэніраваць дзяцей у іншых футбольных школах.

* * *

Прысуд журналісту і краязнаўцу Яўгену Меркісу абвесцяць 30 траўня. Суд над ім распачаўся 11 траўня ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Яўгена абвінавачваюць у «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім», а таксама ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».

Які тэрмін запрасіў пракурор — невядома. 30 траўня Меркіс выступіць з апошнім словам, пасля чаго будзе абвешчаны прысуд. Пасяджэнне будзе адкрытае, пачатак у 14:00.