Хронікі рэпрэсій. Новая партыя «тэрарыстаў», альбо Куды знік Пратасевіч?
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 2 лютага.
16 лютага Мінскі абласны суд пачне ў завочным рэжыме разглядаць справу блогераў Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка. Ім інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Паведамляецца, што Сцяпану і Яну трэба прыйсці ў суд з дакументам, які сведчаць асобу.
Адзначым, што ў навіне, апублікаванай прэс-службай Вяхоўнага суда, няма ніякай інфармацыі пра Рамана Пратасевіча — у снежні Генпракуратура паведамляла, што ён таксама фігурант гэтай крымінальнай справы.
У судзе Першамайскага раёна Віцебска асудзілі Васіля
Троцкага паводле арт. 391 («Абраза суддзі ці народнага засядацеля»), арт. 369
(«Абраза прадстаўніка ўлады») КК. Справу разглядаў суддзя Андрэй Андрушэнка,
дзяржабвінавачанне прадставіла памочніца пракурора Ярошнікава.
Васіля абвінавацілі ў тым, што да допісу з некалькімі міліцыянтамі, які называўся «Банда Лукі», ён пакінуў каментарый «Мярзотнікі і алкашы».
Затрыманы адміністратар тэлеграм-канала
«Па-беларуску» Андрэй Філіпчык. Прымусовае відэа з ім з'явілася ў праўладным тэлеграм-канале. У
ім хлопец кажа, што ўдзельнічаў «у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах не
меней за пяць разоў». Ён працуе ў ААТ «Люксофт» праграмістам.
У затрыманага дома знайшлі нацыянальны сцяг, герб «Пагоня» і іншыя рэчы з нацыянальнай сімволікай. Сілавікі асобна адзначылі, што хлопец — уладальнік карты паляка.
Тэлеграм-канал «Па-беларуску» публікуе жарты і мемы на беларускай мове. Сілавікі пішуць, што на канале прасоўваліся «лацінка і нянавісць да рускамоўнай сацыякультурнай прасторы».
Па даносе чат-рулетчыка затрыманы Міхаіл Кавяз. Хлопцу 27 гадоў. Ён родам з Чашнікаў, цяпер жыве ў Мінску. Яго затрымлівалі падчас жнівеньскіх падзей у 2020 годзе, тады ён быў арыштаваны на 13 сутак.
У відэа правакатара Ігара Канюшыка, які назваўся ўкраінскім бежанцам, хлопец распавядае, што з 2020 года вучыць беларускую мову і размаўляе па-беларуску. У віну Міхаілу ставяць тое, што ён казаў у чат-рулетцы пра рэгістрацыю ў плане «Перамога» і ўдзел у пратэстах.
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля разгледзелі справу
47-гадовага рамесніка Дзмітрыя Шаўчэнкі. Яшчэ 12 снежня 2022 года супраць яго
склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Сам Дзмітрый на суд не прыйшоў, але гэта не перашкодзіла суддзі Віктару Казачку разглядзець справу без асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. У выніку суд пастанавіў прызнаць Шаўчэнку вінаватым і прызначыць яму 15 сутак арышту.
КДБ абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ васьмі чалавек. Гэта палітзняволеныя старшыня незалежнага прафсаюза на «Беларуськаліі» Аляксандр Мішук, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага Саюза металістаў на МАЗе Арцём Жарнак, Максім Бас, Данііл Чаўнакоў, Дзмітрый Іванчанка, Міхаіл Нямцоў, Юрый Трапачоў, а таксама не прызнаны палітвязнем Андрэй Краўчук.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1011 чалавек, з іх 264 — беларусы.
Праваабронцы апублікавалі агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў студзені. Вядома не менш як пра 350 затрыманняў і пра 141 выпадак палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Накладзены не менш як 44 адміністрацыйныя арышты і 10 штрафаў. Зафіксаваны адзін выпадак прызначэння грамадскіх прац на тэрмін 60 гадзін.
Па-ранейшаму вялікая колькасць прысудаў выносіцца паводле дыфамацыйных артыкулаў — за абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады. Абвінавачаных асуджаюць да пазбаўлення ці абмежавання волі, а таксама да велізарных штрафаў. Працягваецца пераслед за выказванне антываеннай пазіцыі, іншую пратэсную актыўнасць.
На канец студзеня ў «пераліку асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», апынулася 2 370 чалавек, за месяц спіс павялічыўся больш як на сто пазіцый.
У студзені праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі зняволенымі 30 чалавек.
Жыхар Гомеля Павел Пялюх выйшаў на волю пасля 15 сутак
арышту. Нагадаем, пра яго затрыманне стала вядома 19 студзеня. Яго абвінавацілі ў распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў.