Хронікі рэпрэсій. Мужу Марфы Рабковай далі 15 сутак
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 23 снежня.
Вадзім Жаромскі, муж праваабаронцы Марфы Рабковай, асуджаны на 15 сутак. Прычыны затрымання і артыкул, паводле якога яго судзілі, пакуль невядомыя.
* * *
Ваеннага эксперта Ягора Лебядка, імаверна, асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Улады абвінавацілі эксперта ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» СМІ.
Лебядок быў затрыманы 12 ліпеня і першапачаткова арыштаваны на «суткі», а затым была ўзбуджана крымінальная справа.
* * *
«Белпошта» без тлумачэння прычын выдаліла марку «Аховы птушак Бацькаўшчыны» з галасавання за марку года. «Белая сініца» з серыі «Птушка года» вырвалася ў лідары, за яе прагаласавалі не менш за дзве тысячы чалавек.
Марка была падрыхтавана пры садзейнічанні грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», ліквідаванай уладамі вясной гэтага года.
* * *
У Беларусі плюс два палітвязні. Гэта Фелікс Жылінскі і Андрэй Навакоўскі. Праваабарончая супольнасць налічвае на сёння 1442 палітвязні ў Беларусі.
* * *
КДБ абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У ім 20 новых прозвішчаў беларусаў, сярод якіх рэстаратар Вадзім Пракоп'еў, а таксама цэлая сям’я Вайцяховічаў.
Пра іх стала вядома ў сувязі са справай аб нападзе на дом дэпутата Алега Гайдукевіча. Па падазрэнні ў арганізацыі і здзяйсненні нападу была затрыманая цэлая сям'я: Віталь Вайцяховіч, яго жонка Вольга Вайцяховіч, іх сын Віталь Вайцяховіч і яго жонка Анастасія Вайцяховіч.
Цяпер «тэрарыстычны» спіс КДБ налічвае 988 імёнаў. Сярод іх — Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Марыя Калеснікава, Максім Знак і іншыя.
* * *
У Гомельскай папраўчай калоніі № 4 для жанчын у ноч з 14 на 15 снежня памерла асуджаная. Жанчыну адвезлі з медыцынскага бокса ў бальніцу, але лекары не змаглі яе выратаваць, паведамляюць праваабаронцы.
Па словах лекараў, на якіх спасылаюцца праваабаронцы, прычына ў халатнасці медыкаў калоніі, якія да апошняга не хацелі вывозіць зняволеную ў грамадзянскую бальніцу. У выніку ёй не змаглі своечасова аказаць меддапамогу. Прозвішча памерлай і артыкул, па якім яна была асуджана, лекары не назвалі.
* * *
На волю выйшла Таццяна Екельчык, апошняя фігурантка «справы студэнтаў», якая заставалася за кратамі.
* * *
Суд над былым брамнікам зборнай Беларусі па футболе Васілём Хамутоўскім адбудзецца 28 снежня. Яго абвінавачваюць у «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Васіля Хамутоўскага затрымалі 30 верасня, калі ён вяртаўся з Украіны ў Беларусь на лячэнне.
* * *
У Мінскім гарадскім судзе 23 снежня працягваецца разгляд па крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Сёння ў судовым пасяджэнні абвінаваўца прасіў суд пакарацьБут-Гусаім пазбаўленнем волі тэрмінам на паўтара года, Антусевіча — на два гады і Ярашука — на чатыры гады.
Палітвязні знаходзяцца пад вартай з 19 красавіка. Іх абвінавачваюць у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а Ярашука таксама ў закліках да мер абмежавальнага характару, іншым дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
* * *
Сына затрыманай Ларысы Шчыраковай забралі з сацыяльнага прытулку. За ім прыляцеў бацька з Новасібірску. Ён прыляцеў адтуль, каб забраць сына з прытулку, бо іншым сваякам дзіця не аддавалі. Для таго, каб забраць сына, Канстанціну спатрэбілася сабраць неабходныя дакументы.
Экс-журналістка Ларыса Шчыракова знаходзіцца ў СІЗА. Яе абвінавачваюць паводле артыкула «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».
Затрымалі Шчыракову ўвечары 6 снежня, а яе сына змясцілі ў прытулак.