У гомельскай ПК-4 для жанчын памерла асуджаная. Імя не называецца
Магілёўскія праваабаронцы паведамляюць, што жанчына ў гомельскай калоніі памерла ў ноч з 14 на 15 снежня.
Вядома, што зняволеную, якая знаходзілася ў медыцынскім боксе калоніі, экстранна адвезлі ў рэанімацыйнае аддзяленне Гомельскай гарадской бальніцы. Але выратаваць жанчыну не ўдалося. Лекары кажуць, што прычына ў нядбайнасці медыкаў ПК-4, якія проста да апошняга не хацелі вывозіць зняволеную ў грамадзянскую лякарню. У выніку медыцынская дапамога ёй была аказана несвоечасова. Прозвішча памерлай і артыкул, па якім яна была асуджаная, лекары не агучылі.
У самой жаночай калоніі анансаваныя перамены да горшага. Так з новага года паменшыцца колькасць званкоў: застанецца ўсяго адзін відэазванок праз інтэрнэт-мэсэнджары і на адзін менш будзе тэлефонных званкоў.
Адміністрацыя калоніі незадаволеная тым, што родныя зняволеных даведаюцца пра іх хваробы. У цяперашні час практычна ўсе асуджаныя жанчыны перахварэлі прастуднымі захворваннямі, некаторыя хварэюць паўторна, што становіцца відавочна пры размове па тэлефоне.
Нагадаем, увечары 29 лістапада з'явілася інфармацыя, што Марыя Калеснікава, якая адбывае пакаранне ў той жа гомельскай жаночай калоніі, трапіла ў рэанімацыю шпіталя хуткай дапамогі. Яна перанесла аперацыю. Пазней сталі вядомыя падрабязнасці шпіталізацыі палітзняволенай: Марыю прывезлі з перытанітам, ёй была зроблена аперацыя. На працягу некалькіх дзён яе дыягназ не паведамлялі нават родным — толькі 5 снежня бацька Марыі, Аляксандр Калеснікаў, змог убачыць дачку падчас дзесяціхвіліннага спаткання ў медчастцы жаночай калоніі ў Гомелі.