Хронікі рэпрэсій. Краіна без адвакатаў і плюс тры палітвязні
Рэпрэсіі не спыняюцца на Каляды. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 30 снежня.
Адвакат Марыі Калеснікавай і Эдуарда Бабарыкі Уладзімір Пыльчанка, а таксама прадстаўнік інтарэсаў Віктара Бабарыкі і Сяргея Ціханоўскага Віктар Мацкевіч з 28 снежня пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзій па рашэнні Мінюста: яны нібыта не могуць выконваць свае прафесійныя абавязкі з-за недахопу кваліфікацыі.
Нагадаем, Уладзімір Пыльчанка з'яўляўся адвакатам Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыкі, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Бахвалавай, Лявона Халатрана і іншых.
Віктар Мацкевіч прадстаўляў інтарэсы Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханада, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыкі, Алеся Бяляцкага.
На працягу двух гадоў былі пазбаўленыя ліцэнзіі ўсе адвакаты Віктара Бабарыкі — Аляксандр і Яўген Пыльчанкі, Дзмітрый Лаеўскі, Наталля Мацкевіч, а таксама адвакат Марыі Калеснікавай — Людміла Казак.
* * *
Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да Рамана Пратасевіча, Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
Усім абвінавачаным інкрымінаваныя «народны» артыкул 342 КК — арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак; распальванне сацыяльнай варожасці і рознасці; арганізацыя масавых беспарадкаў; публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады; стварэнне экстрэмісцкага фарміравання; публічную абразу прэзідэнта. Акрамя таго, Пуцілу і Рудзіку ў розным спалучэнні абвінавацілі змове з мэтай захопу ўлады; фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці; дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Сцяпану Пуцілу таксама інкрымінаваны арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі.
У дачыненні да Пуцілы і Рудзіка праведзена спецыяльная вытворчасць, іх нават завочна заключылі пад варту. Пратасевіч, як паведамляе Генпракуратура, «выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве ў поўным аб'ёме», але хатні арышт для яго падоўжаны.
* * *
Паліна Шарэнда-Панасюк адпраўлена ў ШІЗА на 10 сутак. Пра гэта паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда. «Да гэтага Паліна больш двух месяцаў знаходзілася ў ПКТ (памяшканні камернага тыпу). Так, адміністрацыя Зарэчанскай калоніі № 24 у асобе палкоўніка ўнутранай службы Дзмітрыя Мікалаевіча Курловіча «павіншавала» Паліну ў наступныя святы, робячы і без таго невыносныя ўмовы проста пакутнымі. Новы год Паліна сустрэне ў прамерзлым склепе на драўлянай лаве, абабітай жалезам, замест ложка».
Днямі стала вядома, што ў дачыненні да жанчыны зноў распачатая крымінальная справа за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». У красавіку Паліну ўжо судзілі па ч. 2 арт. 411 КК. Суд прысудзіў яе да яшчэ аднаго года пазбаўлення волі ў дадатак да двух гадоў пазбаўлення волі.
* * *
* * *
Судом Бярэзінскага раёна 23 снежня Пятру Пятрушу быў вынесены прысуд па арт. 341 (апаганенне збудаванняў і пашкоджанне маёмасці) КК. Суддзя —Дзмітрый Кроплій.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што з лютага 2021 года да верасня 2022 года ён у розных месцах Мінска «з дапамогай аэразольных балончыкаў з фарбавальнікамі белага і чырвонага колеру 11 разоў наносіў на паверхню апор ЛЭП, на сценах двух прыпынкаў транспарту, дарожны знак «пачатак пасёлка» малюнак у выглядзе бел-чырвона-белых палос».
* * *
У Магілёве, як стала вядома праваабаронцам, сілавікі затрымалі непаўналетняга навучэнца каледжа мастацтваў. Сілавікі паведамляюць, што ён падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы.
* * *
Грамадзяніна Латвіі Дзмітрыса Міхайлаўса асудзілі да 4 гадоў за абразу Лукашэнкі. Раней яго таксама змяшчалі ў закрытую псіхіятрычную бальніцу для правядзення экспертыз, а пазней уключылі ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».
* * *
У «экстрэмісцкі спіс» сілавікоў дададзена 29 чалавек. Цяпер у ім 2263 прозвішчы.
* * *
Аніту Бакуновіч перавялі ў Гродзенскую турму. 19-гадовую дзяўчыну, прысуджаную раней да двух гадоў «хатняй хіміі», затрымалі ў канцы верасня ў Гродне пры спробе нелегальна перасекчы мяжу з Літвой. Доўгі час яе ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, не пускаючы адваката. Пры гэтым на дзяржканалах паказалі фільм аб спробе «ўцёкаў», пераследзе і затрыманні палітвязняў.
Па інфармацыі праваабаронцаў, цяпер Аніту Бакуновіч абвінавачваюць па арт. 371 КК РБ («незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы»).
* * *
Мінчука Аляксандра Дэрбінскага прысудзілі да 1,5 гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах 2020 года. Паводле версіі абвінавачвання, беларус у цэнтры сталіцы «публічна выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў рукамі, дэманстраваў у якасці пратэснага сімвала жэст V пальцамі рук, блакаваў рух транспарту, выкарыстаў у якасці сімволікі плакат з тэкстам пратэснага зместу» — на плакаце былі напісаныя патрабаванні работнікаў завода.
* * *
Праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ трох чалавек — Віталя Мельніка, які быў асуджаны на 16 гадоў за пашкоджанне чыгуначнай інфраструктуры дзеля прадухілення перасоўвання вайсковых грузаў расійскіх узброеных сіл па тэрыторыі Беларусі; Аляксандра Жукава і Ігара Кунгурцава, якія былі асуджаныя да двух і аднаго года і шасці месяцаў зняволення адпаведна за выказванні на адрас прадстаўнікоў улады.
Паводле праваабаронцаў, агулам у Беларусі цяпер 1458 палітвязняў. Хаця насамрэч іх значна больш.