Хронікі рэпрэсій за 14 жніўня

Аблавы, масавыя затрыманні, прымусовае псіхіятрычнае лячэнне — такія навіны сённяшняга дня знутры Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

***

Мінімум чатыры чалавекі былі затрыманыя падчас аблавы сілавікоў у Гомелі. Іх «пакаяльныя відэа» апублікаваў набліжаны да ГУБАЗіКа тэлеграм-канал.

Калі праводзіўся «рэйд», не ўдакладняецца. У апублікаваным роліку відаць, як адну з кватэр штурмуе АМАП. У «пакаяльных відэа» людзі расказалі, што былі затрыманыя за падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы.

Адзін з затрыманых прадставіўся «пацыфістам» і адміністратарам дыскард-канала «Злы TV»:

— У маім дыскард-канале «Злы TV» я выказаў занадта рэзка сваё негатыўнае стаўленне да вайны ва Украіне. Надалей гэтага абавязуюся не рабіць. Таму я вырашыў выдаліць свой дыскард-канал і працу яго не аднаўляць.

Таксама пад аблаву трапіў і студэнт-правазнаўца Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі. Маладога чалавека прымусілі на камеру сказаць, што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкую супольнасць», і праспяваць гімн Беларусі.

***

Масавыя затрыманні завадчан прайшлі ў Навагрудку. Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», на мінулым тыдні сілавікі затрымалі на сваіх працоўных месцах не менш за траіх супрацоўнікаў Навагрудскага завода газавага абсталявання. Сярод затрыманых ёсць жанчына.

Паводле слоў праваабаронцаў, затрыманні на заводзе адбываюцца ледзь не кожны тыдзень за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы. Супрацоўнікаў прымушаюць здаваць свае тэлефоны для праверкі.

Паведамляецца, што «зачысткай» на прадпрыемстве займаецца былы супрацоўнік Навагрудскага РАУС Машчар, які цяпер працуе ідэолагам у НЗГА.

***

Затрымалі кіраўніка цэнтра тэхнічнай падтрымкі БелАЗ у Расіі. Мужчыну абвінавачваюць ва «ўдзеле ў пратэстах», а таксама ў пакіданні каментароў. Цяпер ён за кратамі.

Андрэю Фёдараву 44 гады. Ён з Мінска. Мужчына доўгі час працаваў у цэнтрах тэхнічнай падтрымкі БелАЗаў у Расіі. З 2015-га ўзначальвае такі цэнтр у Белгародскай вобласці, у розныя часы таксама кіраваў цэнтрамі ў Мурманскай і Растоўскай абласцях.

На відэа, размешчаным сілавікамі, Фёдараў сядзіць у разарванай кашулі — рукавы адарваныя, так што бачныя яго татуіроўкі з нацыянальным беларускім арнаментам і вершнікам на кані (адсылка да герба «Пагоня»).

Асобна сілавікі падкрэслілі, што ў Фёдарава заробак блізу 7000 рублёў у месяц. На яго завялі крымінальную справу.

***

Сілавікі затрымалі пастара царквы «Новае жыццё» Вячаслава Ганчарэнку, піша «Хрысціянская візія».

Аўтары канала паведамляюць, што ў дом пастара ўварваліся 20 узброеных сілавікоў з ГУБАЗіКа. У доме быў праведзены ператрус. Ганчарэнка і яго зяць Ілля Будай былі затрыманыя.

Вячаслава Ганчарэнку затрымлівалі ў верасні 2022 года, тады ён атрымаў штраф у 3200 рублёў (100 базавых велічынь) за правядзенне набажэнства, на якое была накладзеная забарона.

Нядаўна «Новае жыццё» атрымала два папераджальныя лісты: адзін з іх апавяшчаў пра суд, на якім могуць прызнаць прадукцыю царквы «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

***

Уключанага ў «спіс тэрарыстаў» і асуджанага да 6 гадоў калоніі жыхара Гродна з псіхічным захворваннем Андрэя Сачэўку адправілі ў памяшканне камернага тыпу на два месяцы, піша MAYDAY.TEAM.

Праваабаронцы пішуць, што Сачэўку адправілі ў ПКТ яшчэ на пачатку жніўня, але вядома пра гэта стала толькі сёння.

Да гэтага Сачэўка правёў 23 сутак у ШІЗА, куды трапіў 19 чэрвеня за тое, што адмовіўся выносіць смецце. Калі 10-дзённы тэрмін знаходжання ў ШІЗА падыходзіў да канца, Сачэўку дадалі яшчэ адно дысцыплінарнае спагнанне за тое, што ён ляжаў у ізалятары на падлозе. Пасля яму паведамілі, што яго адправяць у памяшканне камернага тыпу за «няправільныя погляды».

4 траўня Сачэўку затрымалі на працоўным месцы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў — публікацыю «ВКонтакте» відэа з Лукашэнкам, на якім ён у 1994 годзе прымае прысягу пад бчб-сцягам.

Гродзенца адпусцілі праз трое сутак, а ўжо 11 чысла зноў затрымалі — па абвінавачанні ў «грубым парушэнні парадку» (артыкул 342 КК). Сілавікі правялі дома ў Сачэўкі ператрус. 25 траўня яго прызналі вінаватым у «захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП) і прызначылі штраф у 25 базавых велічынь.

У чэрвені лабараторна-судовая экспертыза пацвердзіла псіхічнае захворванне ў гродзенца, паведамляюць праваабаронцы.

У верасні 2022 года пачаліся судовыя пасяджэнні па справе Сачэўкі — цяпер яго абвінавачвалі ў «распальванні варожасці» і ва «ўдзеле ў пратэстах». У кастрычніку суд прысудзіў мужчыну да 6 гадоў калоніі.

У ліпені КДБ унёс Андрэя Сачэўку ў «спіс тэрарыстаў».

***

Сёння адбылося затрыманне пробашча Касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Першамайску Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці Антонія Адамовіча. Сілавікі спрабавалі затрымаць ксяндза ў самім касцёле, але людзі не дазволілі. У плябані касцёла правялі ператрус. Як стала вядома, яшчэ на пачатку тыдня ксяндза выклікалі ў сельсавет, там яго дапыталі і забралі на праверку тэлефон. Сённяшняе затрыманне, імаверна, і стала наступствам гэтай праверкі.

***

Сілавікі затрымалі жанчыну пры вяртанні ў Беларусь. Пра чарговы арышт на мяжы на пераходзе «Варшаўскі мост» паведамляе «Белсат».

Затрыманая – Алена Дзмітрыева, якая вярталася з Польшчы ў Брэст. На пашпартным кантролі памежнікі зацікавіліся, тым, што жанчына нарадзілася ва Украіне. Яе перадалі невядомым людзям у цывільным, якія запатрабавалі тэлефон.

У выніку жанчыну затрымалі. Гэта адбылося некалькі дзён таму.

***

Папаўненне ў «спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Па заяве пракуратуры Магілёўскай вобласці інфармацыйная прадукцыя акаўнтаў «Рабочы рух», размешчаная на відэахостынгу «YouTube», у сацыяльных сетках «Facebook» і «TikTok», прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.

***

Паводле інфармацыі ініцыятывы прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях АПК Вольгі Гарбуновай @klopat_by, на сённяшні дзень ужо некалькі месяцаў няма ніякіх звестак пра самых вядомых палітзняволеных: Марыю Калеснікаву — 181 дзень, Максіма Знака — 186 дзён, Мікалая Статкевіча — 187 дзён, Ігара Лосіка — 176 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 158 дзён, Віктара Бабарыку — 109 дзён.

***

У спісах праваабарончага цэнтра «Вясна» на дадзены момант налічваецца 1484 прозвішчы палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1738 чалавек. Сярод іх — 190 жанчын і 8 непаўнагадовых, 18 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.