Хронікі рэпрэсій. Журналіста Ігара Карнея этапавалі ў шклоўскую калонію

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 27 чэрвеня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_1.png

Журналіста Ігара Карнея этапавалі ў шклоўскую калонію. Нагадаем, 56-гадовага Ігара затрымалі раніцай 17 ліпеня 2023 года пасля ператрусу ў яго кватэры. Спачатку яму прызначылі адміністрацыйны арышт, але на волю ён не выйшаў — з Акрэсціна Ігара перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы.

Мінскі гарадскі суд з 19 сакавіка разлядаў справу журналіста. Працэс вёў суддзя Сяргей Кацар. Ігара абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Яго асудзілі да 3 гадоў калоніі і штрафу ў памеры 20 тысяч рублёў.

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 17 чэрвеня вынесены прысуд жыхару Маладзечна Антону Пугачу. Мужчыну абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» (ч.1 арт. 368 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Справу разглядала суддзя Наталля Панасенка.

Суд прызнаў Пугача вінаватым і пакараў яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў ва ўмовах агульнага рэжыму.

«Хапун» у Глыбокім — затрымалі як мінімум траіх мясцовых жыхароў. Прычына ў тым, што яны былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» суполкі ў сацсетках і рабілі адтуль рэпосты. Аднаго з затрыманых завуць Руслан Рагоўскі.


Глядзіце таксама

Пасля размовы з правакатарам у чат-рулетцы затрымалі Рамана Ліхадзіеўскага. Правактар падчас размовы прадставіўся ўкраінцам і сказаў «Слава Украіне» і «Жыве Беларусь», на што мужчына адказаў «Героям Слава» і «Жыве Вечна». Таксама, мяркуючы па кантэксце, беларус сказаў, што лепш адрэжа сабе руку, чым пойдзе ваяваць супраць украінцаў.

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што гэтымі дзеяннямі беларус «распальваў нянавісць» і «прапагандаваў экстрэмізм».

У Рэчыцы арыштавалі супрацоўніка метызнага завода Аляксандра Руднікава. Мужчыну пакаралі адміністрацыйным арыштам. У віну яму паставілі падпіскі на «экстрэмісцкія» СМІ.

У Гродне за ўдзел у пратэстах затрымалі сямейную пару — Леаніда і Людмілу Церабеяў. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што маці пакінулі з дзіцём да суда — яны таксама сцвярджаюць, што ёй, верагодна, вынесуць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, а «вось галава сямейства пасядзіць».