Грамадскі Балонскі камітэт не губляе аптымізму

17 ліпеня ў канферэнц-залі гатэлю з сімвалічнай для падзеі назвай «Еўропа» была прэзентавана «Белая кніга», прысвечаная перспектыве ўступлення Беларусі ў Балонскі працэс.



dscn0352.jpg

Экс-прарэктар РІВШ Сяргей Ветохін і Уладзімр Дунаеў на прэзентацыі «Белай кнігі» беларускай вышэйшай адукацыі. Фота Аксаны Колб

«Белая кніга» — вынік калектыўнай працы экспертаў Грамадскага Балонскага камітэта, які ўяўляе сабой пляцоўку для камунікацыі і каардынацыі высілкаў розных НДА і незалежных экспертаў, накіраваных на садзейнічанне рэфармаванню беларускай вышэйшай адукацыі.

Аўтары кнігі аналізуюць сучасны стан беларускай вышэйшай адукацыі і прапануюць змены, якія наблізяць беларускую адукацыю да еўрапейскага ўзроўню. Пра гэта падчас прэзентацыі распавёў адзін з аўтараў, чалец Грамадскага Балонскага камітэта Беларусі Уладзімір Дунаеў.

Аўтараў гэтай працы аб’ядноўвае перакананне ў тым, што для ўсіх, хто належаў ці належыць да ўніверсітэцкай супольнасці, цалкам натуральна падзяляць еўрапейскія акадэмічныя каштоўнасці. На базе такіх каштоўнасцяў, як акадэмічная свабода і ўніверсітэцкая аўтаномія, можна дамагчыся рэальнага падвышэння якасці і інтэрнацыяналізацыі беларускай вышэйшай адукацыі.

«Белая кніга» — гэта і збор рэкамендацый па зменах у Кодэкс пра адукацыю, якія дазволяць на нарматыўна-заканадаўчым узроўні не толькі зняць прэтэнзіі па трох ключавых пытаннях, якія перашкаджаюць уступленню Беларусі ў ЕПВА, але і забяспечаць перадумовы значнага падвышэння якасці падрыхтоўкі адмыслоўцаў і, такім чынам, якасці чалавечага капіталу.

У 2012 годзе спроба ўступлення Беларусі ў Еўрапейскі працэс вышэйшай адукацыі скончылася няўдачай. Саміт міністраў адукацыі краін-чальцоў ЕПВА не стаў разглядаць заяўку беларускага Міністэрства адукацыі з-за неадпаведнасці нашай краіны патрабаванням да кандыдатаў на далучэнне да Балонскага працэсу. Падкрэслім, што такое адбылося ўпершыню ў гісторыі Балонскага камітэта. Упершыню краіне, якая падала заяўку, адмовілі.

У адказе Балонскага сакратарыята адзначалася, што галоўнай перашкодай на шляху да ЕПВА з’яўляецца канфлікт беларускіх і еўрапейскіх акадэмічных каштоўнасцяў. Найперш, гэта датычыцца становішча спраў з акадэмічнай свабодай, узроўнем істытуцыянальнай аўтаноміі і ўдзелам студэнтаў у кіраванні вышэйшай адукацыяй. Але вырашана даць Беларусі час для мадэрнізацыі вышэйшай школы. Зноў наша заяўка будзе разгледжана ў 2015 годзе.

Як бачым, фактычна асноўныя прэтэнзіі ЕПВА да беларускай вышэйшай адукацыі тычацца сістэмы яе кіравання. Яна ў нас аўтарытарная, яна сабрала ўсё горшае з савецкіх часоў і дадала беларускія асаблівасці ў выглядзе задзейнічання ў палітычных працэсах. Таму наўрад ці трэба чакаць, што да 2015 года ў нас будуць сапраўдныя акадэмічная свабода, інстытуцыянальная аўтаномія і студэнцкае самакіраванне. Як жа ж тады выбары праводзіць? Дарэчы, на сённяшні дзень узровень беларускай акадэмічнай свабоды — 10 працэнтаў (для параўнання, у Польшчы гэта — 70%, а ў Эстоніі — 92%).

Безумоўна, што беларускія ўлады зробяць адпаведныя змены на заканадаўчым узроўні, каб хаця б фармальна адпавядаць крытэрам. Але калі раптам заўтра на паперы рэктараў зноў будуць абіраць, вузы атрымаюць фінансавую самастойнасць, а студэнты рэальна будуць удзельнічаць у кіраванні — гэта не значыць, што дэ-факта зменіцца сістэма кіравання вышэйшай адукацыяй.

Гэта разумеюць і аўтары «Белай кнігі». «Мы не такія наіўныя аптымісты, якія не разумеюць, што тыя задачы, якія паставілі перад сабой, лёгка рэалізаваць, — сцвярджае Уладзімір Дунаеў. — Нават калі 30 працэнтаў з таго, што мы прапануем, будзе прынята, гэта будзе для нас вялікі поспех. Няхай гэтыя змены пакуль будуць існаваць дэ-юрэ. Трэба спрабаваць зрабіць усё магчымае для таго, каб змяніць сітуацыю. Трэба акрэсліць трэнд».

«Мы будзем абапірацца на тых, хто зацікаўлены ў гэтых зменах. Працадаўцы, студэнты і іх бацькі — усе яны жадаюць, каб якасць адукацыі палепшылася. Не заўсёды гэту цікавасць яны могуць агучыць. Мы павінны дапамагчы ім аб’яднацца», — адзначыў Дунаеў.