Гомельскія праваабаронцы нагадалі аб правах нацыянальных меншасцяў

Да Дня міліцыі, які адзначаецца 4 сакавіка, гомельскія праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Марыя Клімовіч прымеркавалі свой чарговы ліст у Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і УУС Гомельскага аблвыканкаму.



bielaruskaja_milicyja1.jpg

Праваабаронцы віншуюць праваахоўнікаў з прафесійным святам і пішуць, што сапраўдны міліцыянер — гэта самаахвярны чалавек, які супрацьстаіць злу, часам рызыкуючы ўласным жыццём. І ён не мае права перадузята ставіцца да грамадзян.

Праваабаронцы нагадваюць, што беларуская міліцыя ўтваралася ў той час, калі інтэрнацыяналізм быў абвешчаны дзяржаўнай палітыкай. Праваахоўнік мусіць абараняць ад злачынцаў усіх добрасумленных грамадзян, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці. Сучасны міліцыянер таксама павінен памятаць, што ў Беларусі прадстаўнікі ўсіх нацый і этнічных груп маюць роўныя правы. У тым ліку і цыганскі народ, пра які, на жаль, значная частка прадстаўнікоў тытульнай нацыі выказваецца зняважліва.

«Насамрэч рома не з'яўляюцца «нацыяй злодзеяў і махляроў». У цыганоў ёсць сцяг і гімн, грамадскія арганізацыі, сайты і друкаваныя выданні, музычныя калектывы і нацыянальны тэатр. Цыганскі народ мае ўсе падставы ганарыцца прафесарам Вальдэмарам Калініным, перакладчыкам класічнай паэзіі і біблейскіх тэкстаў Віктарам Шапавалавым, шматлікімі паэтамі і выдатнымі дзеячамі культуры. Разам з тым варта адзначыць, што сярод прадстаўнікоў цыганскай дыяспары нямала людзей з вельмі нізкім адукацыйным узроўнем. Просім вас ставіцца да іх цярпліва. Мы ведаем выпадкі, калі малаадукаваныя цыганы атрымлівалі маральную шкоду з-за таго, што службовыя асобы недастаткова тлумачылі ім заканадаўства», — пішуць праваабаронцы.

Алесь Яўсеенка і Марыя Клімовіч заклікаюць міліцыю ніколі не забывацца аб прэзумпцыі невінаватасці: далёка не кожны цыган здзяйсняў злачынствы, але амаль кожны цярпеў прыніжэнне па нацыянальнай прыкмеце.

Таксама праваабаронцы дзякуюць тым міліцыянерам, што абаранялі цыганоў ад хуліганаў-ксенафобаў, і выказваюць спадзяванне, што з'яўленне асоб цыганскай нацыянальнасці ў шэрагах сучаснай міліцыі паспрыяла б росту даверу з боку цыганскай дыяспары да праваахоўных органаў і знішчэнню ў масавай свядомасці негатыўнага стэрэатыпа цыгана.

spring96.org