Ігар Барысаў: «Хочацца дамоў, але не ў турму…»

Старшыя пакуль яшчэ зарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў адказаў на некалькі пытанняў «Народнай Волі».

Ігар Барысаў

Ігар Барысаў

— Ігар, распавядзіце, калі ласка, што ў вас з перарэгістрацыяй? Падавалі дакументы ці не? І як далей будзеце працаваць? Проста чакаць, калі ліквідуюць?

— Партыйная праца ідзе, нягледзячы на складанасці. Праводзім усе статутныя мерапрыемствы. З іншымі мерапрыемствамі складана, бо асноўны чыннік – гэта бяспека. А калі не працуе закон, то прыходзіцца паводзіць сябе асцярожна… Тым не менш, апошняга сябра прынялі ў партыю 30 мая 2023 года.

Рыхтуем дакументы на перарэгістрацыю БСДП. Гэта фармальнасць. Усе падрабязнасці пра гэта — 5 чэрвеня на сумеснай прэс-канферэнцыі дэмакратычных палітычных партый. Мы, як партыя, працуем з 1991 года і ўвесь час дзейнічалі ў адпаведнасці з законам.

Пытанне ліквідацыі ад нас не залежыць, але ўсё што маглі, каб паўплываць на новую рэдакцыю закона “Аб палітычных партыях”, мы зрабілі.

— А што з вашым партыйным сайтам? Я адкрыла — там нешта зусім незразумелае. Дамен не аплацілі? Згубілі?

— Сайт пакуль не працуе, аднак працуем над вырашэннем сітуацыі. Мы яго не згубілі, невялікая тэхнічная паўза. Спадзяюся, хутка зноўку запрацуе.

izobrazhenie_2023_06_03_000150520_696x322.png

— Ведаю, што назіраеце за беларускімі падзеямі. На ваш погляд, якія тут перспектывы ў так бы мовіць дэмакратычных палітыкаў?

— Адкажу перафразаванай цытатай класіка – “На Беларусі Бог зараз не жыве”. Не працуе закон, працягваецца гвалт, міжнародная ізаляцыя, ідзе ўцягванне краіны ў міні-СССР, у які пагружаецца так званая Саюзная дзяржава. Іншыя краіны ЕАЭС глядзяць на гэта з усмешкай. А там, дзе увесь гэты савок, няма месца альтэрнатыве, людзям з іншымі поглядамі, працуе раскол у грамадстве, дзе адна частка цкуе іншую. Ідзе ўтрыманне ўлады любым чынам, нягледзячы ні на мараль, ні на зрэласць, ні на патрэбы і чаканні грамадства. У гэтых умовах з’яўляюцца такія асобы як Бондарава, Азаронак, Шпакоўскі, Гайдукевіч і г.д. Іх мэта — на розных узроўнях радыкальна і з крыкам забіваць эфір, паказваць адзіны правільны накірунак развіцця. Тут няма месца перамовам, дыялогу ці разважлівасці.

Пры такіх умовах месца дэмакратычным палітыкам пакуль няма, акрамя што месца ў турме.

Нават створаная камісія па вяртанні ў цяперашніх умовах выглядае недарэчнай, бо хто людзям, якія вырашылі вярнуцца на Радзіму, здыме забарону на прафесійную дзейнасць, рэабілітуе ў правах, дасць магчымасць у адпаведнасці з законам выбіраць і быць абранымі, лічыць сумленна галасы выбарцаў і назіраць за гэтым працэсам? Бо калі гэтага няма – гэта камісія не больш чым піяр-праект улады, з якога яна здымае эпізадычна вяршкі, бо той ці іншы грамадзянін вырашае паверыць у гэтую камісію.


— Ігар, а як вам бельгійскае жыццё-быццё? Адаптаваліся ўжо цалкам?

— Адаптацыя складаная. Бельгія — гэта не Літва, Польшча ці Грузія, куды пайшлі асноўныя хвалі беларускай міграцыі пасля 2020 года. І нават не Штаты. Гэта культурна складаная краіна, вельмі кансерватыўная, са сваім рытмам жыцця, які не супадае з беларускім ад слова напрач. Вельмі шмат нюансаў, але і станоўчых бакоў таксама хапае — пералічваць усё вельмі доўга.

Варта разумець, што месца, дзе мы зараз з сям’ёй знаходзіся, разам з Галандыяй — самае урбанізаванае ў Еўропе. Праехаць 200 км тут на аўто — гэта ўсё адно, што ў нас 400 — часта як па часе, так і па інтэнсіўнасці. Цягнікі — таксама не паратунак. 100 км можаш 3 гадзіны ехаць…

Працягваем вучыць французскую. Усе засвоілі яе на розным узроўні. Да складання вершаў па-французску яшчэ далёка, але складанасцяў з паразуменнем і камунікацыямі ўжо больш няма. Час робіць сваю справу.

Хочацца дамоў, але не ў турму. Пакуль гарантый бяспекі няма — вяртанне застаецца толькі ў марах, ну а мы фізічна працягваем працу, каб гэтую мару ўвасобіць.

Хоць далёка ад дому, але для мяне ўсё адно Беларусь застаецца перадусім!