Сяргей Калякін: «Улада з перарэгістрацыяй палітычных партый здзяйсняе вялікае глупства»

Людзі, якія маюць свае інтарэсы, сваю пазіцыю, пункт гледжання, нікуды не падзенуцца, нават калі партыю ліквідуюць, кажа кіраўнік «Справядлівага свету» Сяргей Калякін.

kalliak_tribuna_logo_1.jpg

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» распавёў «Народнай волі», што дакументы на перарэгістрацыю партыі збіраецца падаваць 2 чэрвеня.

— Мы правялі з'езд і ў пятніцу маем намер адправіць дакументы ў Мінюст, — сказаў Сяргей Іванавіч. — Апошні тэрмін — 2 чэрвеня, таму мы не спяшаемся, час ёсць. Мы падрыхтавалі пратакол нашага нядаўняга з'езду — яго таксама трэба прыкладаць, іншыя дакументы, і ў пятніцу ўсё адправім па пошце.

— Вы падаяце дакументы са спісамі заснавальнікаў? Пытаюся, бо «Зялёныя» падалі без іх…

— Не, персанальныя даныя людзей мы не выдаём.

Дзяржава, калі запытвае ў вас персанальныя даныя, лічыць, што з'яўляецца як бы аператарам і не падпадае пад устаноўленыя ёй жа правілы. Хоць ёсць норма, што персанальныя даныя можна распаўсюджваць і апрацоўваць толькі са згоды самога чалавека. Не ўсе сябры нашай партыі хочуць, каб Мінюст ведаў іх адрас, месца працы, тэлефоны…

Наогул, я лічу, што ўлада з перарэгістрацыяй палітычных партый здзяйсняе вялікае глупства, наступствы якога выявяцца праз некаторы час…


— Удалося вам сабраць 5000 сябраў партыі, як патрабуе закон?

— Не. Мы падаём тую колькасць, якая ў нас ёсць.

Мы не хочам самаліквідавацца, таму накіроўваем дакументы ў Мінюст, і хай яны прымаюць рашэнне.

Я лічу, што закон зваротнай сілы не можа мець, а ўлада фактычна заднім днём для зарэгістраваных арганізацый увяла новую норму па колькасці заснавальнікаў партыі. Гэта супярэчыць і заканадаўству, і здароваму сэнсу.

— Што будзеце рабіць, калі не пройдзеце перарэгістрацыі?

— Не пройдзем — будзем думаць, што рабіць.

Мы правялі ў партыі анкетаванне — большасць людзей нават у выпадку спынення дзейнасці партыі жадаюць працягваць палітычную дзейнасць. Значыць, будзе стварацца нешта іншае, новае, у іншай якасці. У любым выпадку, людзі, якія маюць свае інтарэсы, сваю пазіцыю, пункт гледжання, нікуды ж не падзенуцца, нават калі партыю ліквідуюць. Іншае пытанне, у якой форме ўсё гэта будзе існаваць далей. Улада не разумее, што гэта можа быць для яе небяспечна. Але гэта іх галаўны боль, хай яны і думаюць…

Нагадаем, як пісаў «НЧ», беларускі кіраўнік падпісаў закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» 14 лютага. Гэта закон змяніў некаторыя ўмовы дзейнасці палітычных партый: так, павялічваецца мінімальны парог колькасці заснавальнікаў (чальцоў) з 1 да 5 тысяч чалавек, цяпер партыі абавязкова мусяць мець арганізацыйныя структуры ва ўсіх абласцях і Мінску, а таксама не менш чым у адной траціне раёнаў кожнай з абласцей і не менш чым у адной траціне раёнаў Мінска. Міністэрства юстыцыі на працягу шасці месяцаў пасля ўступлення гэтага закона ў сілу павінна перарэгістраваць палітычныя партыі. Калі партыю не перарэгіструюць або яна сама не прыняла рашэння аб ліквідацыі, яе дзейнасць будзе спынена па рашэнні Вярхоўнага суда.