Гісторыкі паказалі разнастайнасць жыцця старажытнай Гародні
Прастытуткі і крамы, крадзяжы ды крымінальнікі — гэта толькі невялічкі зрэз той Гародні, пра якую напісана ў выданні пад назвай “Гарадзенскі соцыум. Чалавек у прасторы горада”.
Аўтары прадставілі свой зборнік у невялічкім памяшканні арт-галерэі “Крыга”, паведамляе «Радыё Рацыя». Пра разнастайнасць артыкулаў, прадстаўленых у кнізе, распавядае яго рэдактар Алесь Смалянчук:
— Гэта ўжо сёмы том нашых даследаванняў, якія мы спрабуем увесь час папулярызаваць. Гісторыя, якую мы прапануем, – гэта сацыяльная гісторыя Гародні. У цэнтры ўвагі — чалавек. Але для гарадзенцаў асабліва цікавымі будуць гісторыі крымінальнага свету Гародні XVI-XIX стст.
Арганізатар сустрэчы Эдвард Дмухоўскі:
— Галоўная мэта гэтай працы — зрабіць так, каб гэта было цікава звычайнаму гараджаніну. Даследаванні па гісторыі прастытуцыі, п’янства, бандытызму і хуліганства ў нашым горадзе — гэта вельмі блізкія і цікавыя тэмы для ўсіх.
Гісторык Алесь Краўцэвіч:
— Зроблена густоўнае выданне. Там якраз тыя выступоўцы, якія прадставілі свае даклады. Не ўсе прадставілі. І гэта для нас сігнал: мы паўстрымаемся ад запрашэння на наступную канферэнцыю тых людзей, якія абяцалі тэксты, прыехалі, выступілі, а тэксты не даслалі.
Канферэнцыі на тэму “Гарадзенскага соцыуму” збіраюць пад сваім дахам адмыслоўцаў па гісторыі з Беларусі і Польшчы, Літвы ды Украіны. Наступная сустрэча ў Гародні адбудзецца 7 лістапада.